Якім будзе надвор'е на выходных
1- 21.05.2021, 23:05
- 7,938
Прагноз надвор'я ў Беларусі на 22 - 24 траўня.
22 траўня варункі надвор'я ў Беларусі ўначы будзе вызначаць у асноўным вобласць павышанага атмасфернага ціску, удзень адаб'ецца ўплыў франтальных раздзелаў, якія перамяшчаюцца з паўднёвага захаду Еўропы, піша сайт pogoda.by.
Чакаецца воблачнае з прасвятленнямі надвор'е. Уначы месцамі ў заходняй палове, удзень на большай частцы тэрыторыі рэспублікі дажджы, у асобных раёнах навальніцы. У дзённы час месцамі на паўночным захадзе моцныя дажджы. Вецер паўднёва-заходні сярэдні, пры навальніцах парывісты, удзень месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы +6..+12°С, удзень ад +14°С на паўночным захадзе да +23°С на паўднёвым усходзе. Атмасферны ціск будзе падаць.
23 траўня захаваецца ўплыў франтальных раздзелаў, якія перамяшчаюцца з Заходняй Еўропы. Воблачна з прасвятленнямі. У многіх раёнах рэспублікі кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Вецер паўднёва-заходні, заходні парывісты. Тэмпература паветра ўначы +7..+13°С, удзень +14..+20°С.
24 траўня ў начныя гадзіны надвор'е будзе фармаваць няўстойлівая прахалодная паветраная маса, удзень на большую частку краіны распаўсюдзіцца вобласць павышанага атмасфернага ціску. Пераменная воблачнасць. Уначы ў асобных раёнах краіны кароткачасовыя дажджы, удзень пераважна без ападкаў. Вецер заходняй чвэрці сярэдні. Тэмпература паветра ўначы +5..+11°С, удзень +15..+22°С.