12 траўня 2026, aўторак, 2:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у Беларусі вакцынуюць ад каранавіруса?

1
Як у Беларусі вакцынуюць ад каранавіруса?

Менчукі распавялі пра свой досвед.

З распрацоўкай вакцын з'явілася надзея на вяртанне дакаранавіруснага жыцця: адкрытыя межы, выхад з локдаунаў і паўнавартасны працоўны дзень у офісе. Аднак стаўленне да вакцын ад COVID-19 рознае: адны ім не давяраюць і настроены вельмі скептычна, а іншымі яны ўспрымаюцца як адзінае выратаванне ад хваробы.

Як праходзіць вакцынацыя ў Беларусі? «Белсат» пагутарыў з менчукамі, якія прышчапіліся вакцынай «Спутнік-V», спыталі аб іх рэакцыі на прышчэпку і ўражанне ад вакцынацыі.

Улад запісаўся на вакцынацыю праз анлайн-форму на сайце сталічнай 19-й паліклінікі ў пачатку красавіка. Праз тры тыдні яму патэлефанавалі і прапанавалі прыйсці на прышчэпку ў гэты ж дзень або на наступны, а таксама самому абраць час і прышчэпку - кітайскую або расейскую. Ён абраў другі варыянт.

Улад
Фота: «Белсат»

У паліклініцы для вакцынацыі выдзелілі спецыяльную зону - два кабінеты. У першым лекар апісвае стан, пытаецца пра захворванні, у другім робяць прышчэпку.

«Я падпісаў згоду на працэдуру, і мне далі даведку аб праходжанні першай фазы, пасля чаго перавялі ў іншы кабінет, дзе і рабілі прышчэпку. Сам працэс уводу ін'екцыі практычна не адчуваўся», - распавядае Улад.

«Пасля прышчэпкі мне сказалі яшчэ паўгадзіны быць у паліклініцы, каб прасачыць рэакцыю арганізма: калі раптам з'явяцца прыкметы алергіі, каб яны маглі адразу дапамагчы», - кажа хлопец.

Са слоў Улада, ніякіх пабочных рэакцый у яго не было: «У першы вечар нічога не адбывалася: месца ўколу не балела, і тэмпература не падымалася, як гэта бывае. Для мяне наступстваў прышчэпкі наогул не было, быццам нічога і не рабіў».

Фота: «Белсат»

Аднак у 25-гадовай Ганны, якая рабіла прышчэпку ў Менскай цэнтральнай клінічнай раённай бальніцы, сітуацыя была зусім іншая.

«Агляд тэрапеўта перад прышчэпкай быў ніякі. Ён наогул нічога не правяраў, проста з галавы напісаў, што ў мяне тэмпература 36,7, сатурацыю (норма кіслароду ў крыві) напісаў 98%. Але на справе нічога не вымяраў, запоўніў ліст агляду і даў падпісаць, што я з усім згодная», - распавядае Ганна.

Потым дзяўчыну адвялі ў прафілактычны кабінет і з лядоўні дасталі вакцыну. Ампулу не паказалі, толькі сказалі, што гэта расейскі «Спутнік», і адразу пасля прышчэпкі адпусцілі дадому.

«Ніхто не сказаў: «Пачакайце, мы павінны прасачыць вашу рэакцыю на прышчэпку». Не сказалі, што рабіць пры тэмпературы, якая прымальная, ці варта збіваць тэмпературу і чым. Нічога не патлумачылі, рабіце што хочаце. Я потым ужо сама ўсё вывучала і чытала. Усім абсалютна ўсё роўна. Ніякіх дакументаў, што я зрабіла прышчэпку, таксама не далі, толькі сказалі самой адлічыць 21 дзень і прыйсці на другую прышчэпку. Але яны самі павінны патэлефанаваць і запрасіць», - абураецца дзяўчына.

Фотa: AMANDA PEROBELLI / Reuters / Forum

Наступствы ад першай прышчэпкі для Ганны былі цяжкія: працэс уводу быў балючы, а да вечара тэмпература цела паднялася да 39,2 градуса, і гэта ўжо пасля прыняцця гарачкапаніжальных сродкаў. Агульнае самаадчуванне пагоршылася, было вельмі дрэнна. На наступны дзень таксама была тэмпература.

Праз 21 дзень ад першай прышчэпкі ніхто так і не патэлефанаваў з паліклінікі, каб запрасіць зрабіць другую дозу. «Я сама адлічыла дні, патэлефанавала і прыехала», - кажа дзяўчына.

«Прыйшла ў паліклініку раніцай, а перада мной было ўжо чалавек 50 у чарзе, у маленькім памяшканні ў калідоры, дзе дыстанцыя наогул не выконвалася. Было шмат пажылых людзей», - успамінае Ганна.

Другім разам перад прышчэпкай таксама ніякіх замераў тэмпературы або сатурацыі не рабілі.

«Мяне запыталі пра пабочныя рэакцыі. Я сказала, што была высокая тэмпература, але яны нават не спыталі, якая, проста напісалі 39, хоць я чытала, што пры тэмпературы блізу 40 другая доза вакцыны супрацьпаказаная. Усім зноў было ўсё роўна.

Адразу ж напісалі даведку пра вакцынацыю і сказалі, што яна дзейнічае паўгода. Я папрасіла выпісаць даведку на ангельскай мове, каб я змагла яе недзе паказаць, калі буду выязджаць за мяжу, на што мне адказалі, што такіх яны не робяць», - распавядае Ганна.

Ампулу ад вакцыны Ганне зноў не паказалі: «Я ўвогуле не ведала, чым мяне колюць», - кажа дзяўчына.

Пабочная рэакцыя пасля другой прышчэпкі была значна лягчэйшая, аднак у той раз месца ўколу спухла і балела, але тэмпературы ўжо не было.

«Наколькі я разумею, рэакцыя на прышчэпку ў кожнага індывідуальная, яе нельга прадбачыць. У паліклініцы я размаўляла з жанчынамі ў чарзе, і яны распавядалі, што першую прышчэпку спакойна перанеслі, ніякіх сімптомаў не было. Мабыць, усё залежыць ад рэакцыі арганізма. Таксама, магчыма, гэта звязана і з тым, ці перахварэў чалавек да прышчэпкі на ковід ці не. І калі не, то ўсё працякае больш складана», - кажа Ганна.

Вакцынацыя ад COVID-19

Першыя пацыенты, прышчэпленыя вакцынай ад каранавіруса, з'явіліся яшчэ ўлетку 2020 года, аднак вакцынацыя ў Беларусі пачалася толькі ў канцы снежня. Першапачаткова прышчаплялі лекараў і медычны персанал. Масавая вакцынацыя стартавала толькі ў красавіку.

Паводле апошніх звестак, цалкам прышчэпленых у Беларусі толькі 1,6%. Першую з двух фаз вакцынацыі прайшлі амаль 450 тысяч беларусаў. Згодна з планам Міністэрства аховы здароўя, за 2021-2022 гады плануюць прышчапіць больш за 60% насельніцтва краіны.

Цалкам прышчэпленых людзей у свеце на дзень 19 траўня 4,7%.

фота: ourworldindata.org

Эфектыўнасць вакцын

Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, сёння ў свеце на розных этапах распрацоўкі - больш за 230 вакцын супраць COVID-19, аднак афіцыйна САЗ уключыла ў спіс прэпаратаў для экстраннага выкарыстання толькі шэсць вакцын ад наступных кампаній:

«Sinopharm» (Кітай), эфектыўнасць складае 79,34%;

«Pfizer/BioNTech» (ЗША), самая высокая эфектыўнасць, 95%;

«Moderna» (ЗША), эфектыўнасць на 92%;

«AstraZeneca» (Вялікабрытанія і Швецыя), эфектыўнасць - 62%, яе індыйскі аналаг «AstraZeneca-SKBio» мае эфектыўнасць 63%;

«Johnson & Johnson» (ЗША) з эфектыўнасцю 85%.

Расейскі «Спутнік V» пастаўляюць у 60 краін свету. Зараз вакцына на разглядзе ў САЗ, а яе эфектыўнасць, паводле розных звестак, ацэньваюць у 92-97%.

Аднак пакуль ні адна вакцына не дае поўнай гарантыі ад заражэння.

Як і чым прышчапіцца ў Беларусі?

Пры жаданні прышчапіцца ад каранавіруса можна ў паліклініцы. Трэба патэлефанаваць ва ўстанову і дамовіцца аб часе, аднак праз магчымую адсутнасць вакцыны на месцы трэба будзе стаць у чаргу.

У Беларусі на гэты момант можна зрабіць прышчэпкі двух вытворцаў: ухваленай САЗ кітайскай вакцынай кампаніі «Sinopharm» і расейскай «Спутнік-V», масавую вытворчасць якой ужо запусцілі ў Беларусі.

Як дзейнічаюць гэтыя вакцыны?

Вакцыны, якімі прышчапляюць у Беларусі, маюць абсалютна розныя прынцыпы дзеяння.

«Спутнік V» уяўляе сабой «вектарную вакцыну», створаную на аснове адэнавірусу чалавека. Адэнавірусы - гэта ўстойлівы вірус, шырока распаўсюджаны ў прыродзе і здольны выклікаць шырокі спектр захворванняў на ВРІ з кашлем і насмаркам. Адэнавірусы, якія выкарыстоўваюцца ў вакцыне, дастаўляюць ДНК у клетку, і на падставе атрыманай «інструкцыі» выпрацоўваецца спайкавы бялок каранавіруса, пасля чаго імунная сістэма можа навучыцца яго распазнаваць і будзе здольная справіцца з ім.

Кітайская вакцына працуе па-іншаму, яна створаная на аснове інактываванага, або забітага каранавіруса. Інактывацыя віруса – адзін з самых старых і надзейных спосабаў стварэння вакцын. Пры ім вірусы вырошчваюцца ў кантраляваных лабараторных умовах, а затым забіваюцца змяненнем тэмпературы або атрутай. Паводле гэтай тэхналогіі, напрыклад, распрацавалі вакцыну супраць грыпу.

фота: ourworldindata.org

Пацверджанне аб пройдзенай вакцынацыі

З 18 траўня 32-я гарадская клінічная паліклініка Менска пачала выдаваць сертыфікаты, якія пацвярджаюць вакцынацыю супраць COVID-19. Мяркуецца, што такі дакумент будзе неабходны беларускім грамадзянам для паездак за мяжу. Тэрмін яго дзеяння - 1 год.

Кошт сертыфіката складае 4,25 рубля, яго будуць выдаваць толькі тым, хто прайшоў вакцынацыю менавіта ў гэтай паліклініцы. Але, верагодна, такая паслуга ў хуткім часе будзе даступная ва ўсіх паліклініках, якія прышчапляюць ад каранавіруса.

Распаўсюджванне каранавіруса ў свеце і Беларусі

Каранавірусам з пачатку пандэміі заразілася больш за 166 мільёнаў чалавек, сведчаць звесткі маніторынгавага праекта Універсітэта Джонза Хопкінса. Гэта 2,14% насельніцтва Зямлі. Больш за 3,4 мільёна пацыентаў з пацверджаным дыягназам COVID-19 памерла. Найбольшая колькасць ахвяр - у ЗША, Індыі і Бразіліі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках