Медыкі распавялі, якія прадукты дапамагаюць не захварэць каранавірусам
2- 3.05.2021, 21:45
- 10,496
Адзін з такіх прадуктаў - какава.
Прэпараты і прадукты з утрыманнем цынку і селену дапамагаюць у прафілактыцы каранавіруса. Пра гэта распавёў Анатоль Скальны, загадчык лабараторыі малекулярнай дыеталогіі Першага МДМУ ім. І. М. Сечанава (Масква), прафесар, доктар медыцынскіх навук, піша kp.by.
- Наша цела, фактычна, складаецца з розных мікраэлементаў, і таму мы востра адчуваем іх дэфіцыт або лішак. Год таму расейскія навукоўцы апублікавалі вынікі даследаванняў, якія даказваюць, што прэпараты і прадукты з утрыманнем цынку дапамагаюць прадухіліць развіццё цяжкіх выпадкаў COVID-19, - заявіў навуковец.
З ягоных слоў, гэтыя і іншыя факты пра важнасць макра- і мікраэлементаў, вітамінаў у прафілактыцы і лячэнні каранавіруснай інфекцыі былі агучаны падчас Усерасейскай навукова-практычнай канферэнцыі «Медыцынская рэабілітацыя пры COVID-19: постковідны сіндром».
У групе рызыкі людзі, у якіх высокая імавернасць дэфіцыту цынку - пажылыя (старэйшыя за 60 гадоў), людзі з цукровым дыябетам 2-га тыпу, якія пакутуюць на атлусценне, хворыя на атэрасклероз, якія маюць імунадэфіцыт.
Еўрапейскія навукоўцы правялі маштабнае даследаванне і высветлілі, што людзі ва ўзросце 65+, якія прымалі кожны дзень па 5 мг цынку, значна радзей хварэлі, а працягласць іх жыцця павялічылася.
Дэфіцыт цынку часцей за ўсё прыводзіць да развіцця інфекцыйных захворванняў (у т. л. прастудных, пнеўманіі), а таксама да хвароб эндакрыннай і нервовай сістэм, органаў кровазвароту, стрававання і апорна-рухальнага апарата. Недахоп гэтага элемента ўплывае як на прыроджаны, так і на набыты імунітэт.
Што ж тычыцца каранавіруснай інфекцыі, то ў людзей з дэфіцытам цынку, селену і вітаміну D яна, як правіла, працякае ўмерана або цяжка.
Экспэрты раяць ужываць прадукты, у якіх змяшчаецца цынк. Гэта, напрыклад, вустрыцы (214% ад дзённай нормы ў 100 г, досыць з'ядаць 20 г у дзень), зародкі пшаніцы (82%), гарбузовыя семечкі (69%), кунжут (63%), какава (45%), кеш’ю (37%), фасоля белая (22%).
Таксама селен уважаецца добрым сродкам прафілактыкі каранавіруса.
Селен - другі па значнасці мікраэлемент, цесна звязаны з працяканнем і зыходам COVID-19. Яго дэфіцыт павялічвае рызыка мутацый віруса ў клетках, інфекцыя звычайна працякае цяжка.
Са слоў прафесара Скальнага, хворыя з цяжкімі формамі пнеўманіі, якія знаходзяцца на ШВЛ, здаравелі значна хутчэй, калі, акрамя іншага лячэння, атрымлівалі селен у высокіх дозах.
Ён распавёў пра цікавае даследаванне ў Кітаі, дзе ў мясцовасці з нізкім узроўнем селену ў глебах пражываюць блізу 400 млн чалавек. Навукоўцы вывучылі ўтрыманне мікраэлементаў у валасах жыхароў і ўсталявалі: выпадкаў COVID-19 у рэгіёне тым больш, чым ніжэйшы ўзровень селену ў глебе (адпаведна, і ў ежы). Акрамя таго, неспрыяльных зыходаў сярод людзей, якія хварэлі каранавіруснай інфекцыяй, у такой зоне больш.
Селен змяшчаецца ў такіх прадуктах, як вотруб'е пшанічныя (у 100 г - 141% ад сутачнага запатрабавання), семечкі сланечніка (96%), вотруб'е аўсянае (82%), гарбуша (81%), яйка курынае (58%), тварог (55%), нут (52%), фасоля (45%), сыр «Пармезан» (41%), «Фета» (27%), «камамбер» (26%), «чэдлер» (25%).
Пры гэтым бразільскі арэх - чэмпіён па ўтрыманню селену. У 100 г змяшчаецца 1917 мкг Se, што больш за дапушчальную сутачную норму ў 6,4 разы. Для прафілактыкі дастаткова з'ядаць 1-2 ядра ў дзень.
Паводле звестак медыкаў, акрамя цынку і селену, у прафілактыцы каранавіруса важныя вітаміны D, A, C, а таксама кальцый, жалеза і магній, аднак самастойна прызначаць сабе тыя ці іншыя прэпараты нельга, трэба кансультавацца з лекарам.