26 красавiка 2024, Пятніца, 3:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пазбаўлены звання выведнік: Лукашэнка баіцца не толькі нас, а афіцэры былымі не бываюць

10
Пазбаўлены звання выведнік: Лукашэнка баіцца не толькі нас, а афіцэры былымі не бываюць
Сяргей Аніська

Напэўна, узурпатару дакладваюць, як да яго напраўду ставяцца ў сілавых структурах.

Пазбаўлены звання выведнік, падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Сяргей Аніська распавёў пра тое, чаму з'явіўся спіс «апальных» і што думае на гэты конт.

- Калі з'явілася інфармацыя аб тым, што рыхтуецца гэты спіс, я быў упэўнены, што буду ў ім, - падзяліўся з карэспандэнтам «Салідарнасці» Сяргей Аніська. - Але цяпер у Беларусі яшчэ невядома, што больш ганарова - калі табе датэрмінова даюць палкоўніка або генерала, альбо калі ўносяць у такі спіс.

- Як вы думаеце, для чаго гэта было зроблена?

- Відавочна, праблема ў мікраклімаце ў сілавых структурах. Напэўна, Аляксандру Рыгоравічу дакладваюць, што там яго не ўсе любяць. І з'яўленне спісу - гэта спроба запалохаць астатніх.

- Ці захаваліся ў вас кантакты з былымі калегамі?

- Карпаратыўнасць наогул уласцівая ўсім сілавым структурам. Вядома, усе мы маем стасункі, і з былымі, і з дзейнымі супрацоўнікамі. Так у нас прынята. Толькі раней гэта звалася «пераемнасць пакаленняў», калі ветэраны прыходзілі афіцыйна, сустракаліся з маладымі працаўнікамі, перадавалі свой досвед.

Але ў пачатку 2000-х гэта раптам спынілася і кожны дзейны супрацоўнік павінен быў пісьмова дакладваць, калі сустракаўся з кім-небудзь з былых супрацоўнікаў. Таму цяпер усе кантакты засталіся толькі міжасабовымі і, вядома, не афішуюцца.

- Вядома, што ў шэрагах сілавых структур старанна шукаюць ідэалагічна няверных, аж да праверкі на паліграфе. Ці магчыма «вычысціць» усіх?

- Не думаю, бо памятаю, як на этапе збору подпісаў у чэргах за альтэрнатыўных кандыдатаў з пашпартамі стаяў даволі вялікі пласт сілавікоў. Мне здаецца, што ўсе гэтыя спісы даўно правераныя і гэтыя людзі ўзятыя «на аловак». І калі іх усіх звольніць, то працаваць не будзе каму.

Відавочна, што іх значна больш, чым у гэтым спісе. З кімсьці, напэўна, правялі прафілактычную працу, пагразілі пальцам, пазбавілі прэміі, кагосьці папярэдзілі, што не прадоўжаць кантракт.

Тое, што ў сілавых структурах цяпер ёсць не толькі чарвівасць, але і добрая, як у яблыку, спелая сярэдзіна, у гэтым я не сумняваюся.

Ёсць нармальныя людзі ва ўсіх структурах, і ў міліцыі тыя, хто займаецца пошукамі рэальных злачынцаў, і ў КДБ тыя, хто займаецца выведкай і контрвыведкай.

- Дарэчы, пра контрвыведку. Можаце як спецыяліст пракаментаваць апошнюю гучную аперацыю з удзелам КДБ у раскрыцці «змовы»?

- Як спецыяліст, я не гатовы каментаваць «кінакамедыі шпіёнскага разліву».

- Пра вас, тых, каго пазбавілі званняў, сказалі, што вы «памыліліся ў выбары прафесіі».

- У мяне бацька быў вайскоўцам, я ўсё жыццё правёў у вайсковых гарадках. З такога гарадка ў Манголіі ад'язджаў у вучэльню. А выпраўляў мяне, хлопца 17 гадоў, увесь асабовы склад роты ўрадавай сувязі КДБ.

Я гэтыя хвіліны развітання на вакзале, калі цябе праводзяць жаўнеры, старэйшыя за цябе, запомніў на ўсё жыццё. Стаць вайскоўцам было маёй марай. Я скончыў вучэльню. І ў той час, калі цяперашнія нашы палітыкі сядзелі ў цёплых кабінетах ці ўвогуле яшчэ ў навучальных аўдыторыях, я ўжо камандаваў ротай на вайне ў Афганістане.

- Вы ўзгадваеце вельмі кранальны момант пажадання старэйшых таварышаў. А ў гісторыі сучаснай Беларусі з'явіўся своеасаблівы абрад «перадачы зарада энэргіі».

- Я б вельмі хацеў, каб гэты ваенкам сапраўды быў шчырым прыхільнікам Лукашэнкі. Страшна, калі чалавек робіць адно, а думае іншае. Такія людзі – хамелеоны - значна страшнейшыя. І Лукашэнка баіцца не нас, 80 чалавек, унесеных у спіс, ён баіцца менавіта такіх.

- Што вы страцілі разам са званнем?

- Я сыходзіў у адстаўку праз хваробу ў 1995 годзе. Плюс у мяне была надбаўка за ўдзел у ваенных дзеяннях у Афганістане. Па мерках Беларусі, у мяне вельмі прыстойная пенсія. Я не ведаю, што адбяруць - даплату за выслугу гадоў, за воінскае званне, службовы аклад, ці ўвогуле ўсё і пакінуць сацыяльную пенсію. Ці, можа, як Станіславу Шушкевічу, пакінуць 3,5 даляры.

Але ў мяне шмат сяброў, родных, таварышаў па службе, аднакласнікаў, вялікае кола людзей, якія мяне не кінуць. У мяне ёсць мазгі, ёсць рукі. А, галоўнае, я жыву нармальным сумленным жыццём.

Калі Лукашэнку стала лягчэй ад таго, што ён пазбавіў мяне званняў, ды няхай. Але афіцэры былымі не бываюць. Гэта фраза, якая трохі набіла аскому, але, па сутнасці, яна дакладная.

- Паехаць з Беларусі не хочаце?

- У мяне былі магчымасці, шмат сяброў і ў Расеі, і ва Украіне. Але я беларус і гэта мая краіна, мой кавалачак зямлі. І мая Беларусь адрозніваецца ад Беларусі цяперашняй улады.

Мая Беларусь - гэта месца, дзе я нарадзіўся, дзе жыў. Мне ўсё гэта дорага і я хачу жыць у гэтай краіне.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках