26 красавiка 2024, Пятніца, 15:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чэрствыя пернікі і паштоўкі замест грошай: Як улада ў Расеі «дапамагае» ветэранам

4
Чэрствыя пернікі і паштоўкі замест грошай: Як улада ў Расеі «дапамагае» ветэранам

Шакавальныя гісторыі з розных рэгіёнаў РФ.

Чэрствыя пернікі, пратэрмінаваныя абяцанні і паштоўкі замест рэальнай дапамогі. Як рыхтуюцца да святкавання Дня Перамогі ў расейскіх рэгіёнах і як дапамагаюць тым, каму пашанцавала вярнуцца дадому жывымі, паведамляе currenttime.tv.

89-гадоваму ветэрану Віктару Кузняцову давядзецца самому браць у рукі рыдлёўку і ратаваць сваё жыллё ад падтаплення. Напярэдадні свята працаўнік тылу звярнуўся ў адміністрацыю Яраслаўля з просьбай пракапаць 10-метровы роў да найбліжэйшай ліўнёўкі, каб адвесці адталыя вады. У адказ атрымаў толькі паштоўку з віншаваннямі.

"Я звяртаюся ў кожны выбарчы сход, і ніхто нічога не робіць, у нас вуліца названая імем Героя Савецкага Саюза, у нас вуліца разбітая, качкі плаваюць па дарозе", – расказвае ветэран Віктар Кузняцоў.

Ад адміністрацыі цюменскага губернатара ветэраны атрымалі чэрствыя пернікі. Пазней, праўда, чыноўнікі папрасілі прабачэння за пернік, які паспеў зачарсцвець настолькі, што яго немагчыма разрэзаць нажом.

Аляксандру Мікалаевічу Варламаву – 96 гадоў. Ён жыве ва Уладзікаўказе. На фронт ён трапіў 18-гадовым хлопчыкам у 1943 годзе. Служыў у інжынерных войсках. Дайшоў да Вены. У віншаваннях, асабліва напярэдадні свята, дэфіцыту няма, прызнаецца ветэран. Да уладаў у яго ўсяго пара прэтэнзій – да 75-годдзя Перамогі Варламаву, як і многім іншым ветэранам, абяцалі падарыць аўтамабілі, але потым вельмі хутка забыліся пра гэта.

"Я думаў, што да 95-годдзя я ўсё атрымаю, што належыць мне паводле закону. Я паслаў ліст з паведамленнем, прыйшла папера, што Пуціну ўручылі, міністру абароны ўручылі, год праходзіць, ніякіх гукаў няма", – кажа Аляксандр Варламаў.

Другая праблема, пра якую Аляксандр Мікалаевіч гаворыць з асаблівым абурэннем, – гэта адкрыццё, якое ён зрабіў напярэдадні свята, вывучаючы эканамічную перыёдыку.

"700 чалавек у Маскве, чыноўнікаў, атрымліваюць 100 млн за год, а 101 атрымлівае 600 млн за год. Гэта неймаверная лічба. Памешчыкі! За што змагаліся, на тое і напароліся. Мы жылі ў Краіне Саветаў, усё багацце належала народу, а цяпер належыць некаторым асобам", – абураецца Варламаў.

Пабыўшы ў часы свайго ваеннага дзяцінства і партызанам, і сынам палка, Уладзімір Ільіч Зайцаў сёння ўважае сябе за цалкам паспяховага 89-гадовага жыхара Екацерынбурга. Ні ў мясцовых, ні ў федэральных уладаў ні дапамогі, ні дадатковых ільготаў ніколі не прасіў.

"Я нікуды не звяртаўся, нічога, я сам паволі тут, дажываю", – кажа ён.

Уладзімір Ільіч цікавіцца палітыкай. Але да гэтага часу не можа скеміць, як у расейскага прэзідэнта і галоўнакамандавальніка атрымаўся манеўр з мандатам на падаўжэнне паўнамоцтваў яшчэ на два тэрміны – прэзідэнцкую прысягу першы раз Пуцін прыносіў 21 год таму.

"У яго ж тэрмін паводле закону скончыўся ўжо даўно. А народ яго пачаў вылучаць. Не зважаючы на Канстытуцыю", – кажа Уладзімір Зайцаў.

Некалькі гадоў таму многія з іх яшчэ ўважалі за гонар асабіста прысутнічаць на парадах Перамогі ў сваіх гарадах. Але цяпер праз каранавірусныя абмежаванні ўбачыць урачыстасці ветэраны змогуць толькі праз тэлевізар або інтэрнэт.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках