26 красавiка 2024, Пятніца, 12:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Малодшы сын падыходзіў да ложка і пытаўся, дзе мама»

10
«Малодшы сын падыходзіў да ложка і пытаўся, дзе мама»

Адзін з найбуйнейшых жаночых часопісаў у Польшчы распавёў гісторыю актывісткі «Еўрапейскай Беларусі» Паліны Шарэнда-Панасюк.

Адзін з найбуйнейшых польскіх жаночых часопісаў «Wysokie obcasy» (дадатак да «Gazeta Wyborcza» - заўв.) напісаў пра актывістку грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» з Берасця Паліну Шарэнда-Панасюк. Сайт Charter97.org публікуе пераклад артыкула з польскай мовы.

Больш за паўсотню беларусак знаходзіцца зараз у турмах паводле палітычных матываў. Аднак не ўсе з іх былі прызнаныя палітвязнямі. Гэты статус не атрымала таксама актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Паліна Шарэнда-Панасюк.

- Я заўсёды ведаў, што Паліну не атрымаецца так лёгка зламаць. Яна сапраўдны баец, - кажа пра сваю жонку берасцейскі актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Шарэнда.

Паліну Шарэнда-Панасюк, маці двух непаўналетніх хлопчыкаў, затрымалі 3 студзеня. З гэтага часу ні дзеці, ні муж, яе не бачылі. У турме Паліну ўжо некалькі месяцаў катуюць. Аднак у сваіх вельмі рэдкіх лістах актывістка дае зразумець, што нягледзячы ні на што, яна не збіраецца здавацца. Паліна дзякуе за маральную і духоўную падтрымку ўсім тым, хто хвалюецца за яе.

Берасцейская Жанна д'Арк

У Беларусі Паліна Шарэнда-Панасюк вядомая як берасцейская Жанна д'Арк. Разам з мужам Андрэем яна ўдзельнічала ў грамадскім і палітычным жыцці краіны. Вельмі даўно сямейная пара пратэстуе супраць дыктатарскага рэжыму. Праз гэта актывісты бесперапынна зведваюць пераслед уладаў. Паліну і Андрэя шматкроць затрымлівалі, супраць іх распачыналі адміністрацыйныя і крымінальныя справы.

У 2019 годзе Паліна абвясціла аб удзеле ў парламенцкай кампаніі. Аднак неўзабаве яе пазбавілі рэгістрацыі праз адважны выступ на тэлевізіі. У ім актывістка абвінаваціла Лукашэнку ў эканамічных і палітычных праблемах у краіне, а таксама смела назвала яго дыктатарам.

У 2020 годзе рэпрэсіі супраць сям'і Шарэнды значна ўзмацніліся. Андрэй з пачатку выбарчай кампаніі правёў у турме больш за 70 дзён, а Паліна ўсё яшчэ знаходзіцца за кратамі.

- 29 снежня, калі я выйшаў з малодшым сынам на шпацыр, да мяне падбеглі два міліцыянты. Не паказаўшы сваіх дакументаў, яны прымусілі мяне ехаць з імі. Дазволілі толькі патэлефанаваць жонцы па дамафоне, каб яна забрала малодшага сына, - распавядаў Андрэй аб тым моманце, калі ў апошні раз бачыў Паліну.

Пасля затрымання Андрэй некалькі дзён знаходзіўся ў ізалятары. Пакуль ён знаходзіўся ў турме, супраць Паліны была распачатая адміністрацыйная справа, а ўжо 3 студзеня ў кватэры актывістаў быў праведзены ператрус. Андрэй уважае, што гэта была загадзя спланаваная правакацыя.

- Калі міліцыянты пачалі стукаць у дзверы, Паліна была дома з малодшым сынам. Дзеля бяспекі яна не хацела адкрываць незнаёмым мужчынам. Аднак праз тры хвіліны прыехалі супрацоўнікі АМАПу і пачалі ламаць дзверы, хоць у іх на гэта не было паўнамоцтваў. Зараз у нашай краіне робіцца беззаконне, таму сілавікі могуць рабіць усё, што захочуць, - казаў Андрэй у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

Паліна Шарэнда-Панасюк старалася не ўпускаць сілавікоў у калідор. Яна патрабавала, каб яны знялі маскі. Міліцыянты спрабавалі адштурхнуць яе, але ў выніку Паліну абвінавацілі ў гвалце. Пасля інцыдэнту ёй былі выстаўленыя абвінавачванні ва «ўжыванні гвалту ці пагрозы ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі». Пасля гэтага актывістка патрапіла пад арышт.

23 лютага Паліну Шарэнда-Панасюк адправілі з Берасцейскай турмы ў псіхіятрычную бальніцу ў Менску, нібыта на медыцынскае абследаванне. Андрэй сцвярджае, што прычынай стала тое, што Паліна не супрацоўнічае са следчымі. Актывіст уважае, што падобныя дзеянні супраць яго жонкі - гэта катаванні і помста з боку рэжыму.

Нягледзячы на тое, што дарога з Берасця ў Менск звычайна займае максімум дзень, Паліну везлі ў сталіцу дзевяць дзён! Гэта таксама паўплывала на фізічны і эмацыйны стан актывісткі.

Карэспандэнцыя з Палінай вельмі цяжкая. Андрэй атрымлівае інфармацыю пра жонку толькі ад адваката, але пасля падпісання дамовы аб невыдаванні інфармацыі той не можа расказаць усё.

І ўсё ж адзін важны ліст ад Паліны патрапіў на волю. У час знаходжання ў берасцейскай турме актывістцы атрымалася перадаць пісьмовы зварот, у якім яна распавяла пра катаванні. Яна напісала, што зняволеныя вымушаныя заставацца ў стаячым становішчы на працягу 16 гадзін (з 6 да 22). За спробу сесці ім пагражае карцар. Яна таксама дадала, што нават у здаровых людзей на працягу некалькіх дзён узнікаюць праблемы са страўнікам, болі ў спіне і праблемы з ціскам. Медыцынская дапамога практычна недаступная. Са слоў Паліны, ежа зняволеных амаль на 100 адсоткаў складаецца з вугляводаў, што негатыўна адбіваецца на здароўі.

Хоць ліст Паліны Шарэнда-Панасюк быў датаваны 24 лютага, Андрэй атрымаў яго толькі ў канцы сакавіка. У гэты час актывістка ўжо знаходзілася ў карцэры менскай турмы на Валадарскага, дзе яна сустрэла свой дзень нараджэння і Дзень Волі.

Сам Андрэй так пракаментаваў ліст ад жонкі:

- Ад свайго імя яна перадала калектыўны зварот усім зняволеным. Гэта вельмі сур'ёзны крок. І можна чакаць пэўных наступстваў. Відавочна, што псіхалагічны і фізічны ціск патроіцца. Сістэма абавязкова адпомсціць.

І гэта адбылося. Паліну зноў прывезлі ў Берасце і двойчы змясцілі ў карцар.

- Карцар - гэта такі склеп, халодны і без святла. Зараз, калі ацяпленне выключана, там вельмі холадна, - падкрэслівае муж Паліны.

Андрэй таксама даведаўся, што яго жонка ўжо больш за месяц не атрымлівае сваіх лекаў і вітамінаў.

- Ён піша заявы з просьбай, а медыцынскі пункт проста адмаўляе, сцвярджаючы, што «няма неабходнасці ў гэтых леках». Як муж магу сказаць, што Паліну катуюць. Зараз існуе рэальная пагроза не толькі яе здароўю, але і жыццю.

4 траўня Паліне выставілі абвінавачванні. Супраць яе адначасова распачатыя тры крымінальныя справы: «за абразу Лукашэнкі», «за абразу дзяржаўнага службоўца» і «за пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі».

Нязломная

Паліна Шарэнда-Панасюк пакуль не прызнаная палітычным вязням. Каб атрымаць гэты статус, праваабаронцы маюць патрэбу ў афіцыйных абвінаваўчых актах. Паліна адмаўляецца даваць паказанні, што ўскладняе працэс іх атрымання.

- Дакументы мы атрымаем толькі пасля канчатковага прысуду, а паколькі Паліна не супрацоўнічае са следчымі, можна чакаць папер месяцамі, - падкрэслівае Андрэй.

Раней, 17 красавіка, у іх кватэры зноў быў праведзены ператрус. Міліцыянты канфіскавалі тэхніку - мабільныя тэлефоны Андрэя і яго 5-гадовага сына Станіслава, а таксама кампутар 11-гадовага сына Славаміра. 29 красавіка супраць Андрэя была распачатая крымінальная справа за «публічную абразу Лукашэнкі».

Сёння знаёмыя Андрэя ўсё часцей раяць яму з'ехаць з дзецьмі за мяжу. На што Андрэй катэгарычна адказвае: «жонку не кіну». Сыны таксама вельмі сумуюць па маме.

- Самым цяжкім быў першы тыдзень расстання. Тады малодшы сын падыходзіў да ложка і пытаўся, дзе мама, - распавядае Андрэй. - Сёння ведаюць, што яна ў турме, што яе схапілі «дзядзькі ў чорным».

Андрэй запэўнівае, што, нягледзячы на ціск, не плануе пакідаць краіну.

- Пакінуць Беларусь цяпер - гэта значыць прызнаць паразу, - кажа ён. - Рэжым кволы, як ніколі. Мы будзем тут да перамогі. Дзеля будучыні нашых дзяцей, - заяўляе Андрэй не страчваючы веры ў сэнс барацьбы.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках