26 красавiка 2024, Пятніца, 10:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіеў пачаў абарону свайго рынку і вытворцаў ад беларускай прадукцыі

16
Кіеў пачаў абарону свайго рынку і вытворцаў ад беларускай прадукцыі

Эксперты чакаюць пачатку гандлёвай вайны паміж Беларуссю і Украінай.

Пакуль новая Адміністрацыя ЗША фармавала сваю палітыку датычна рэгіёну, ва Украіне паставілі «на паўзу» афіцыйныя стасункі з Беларуссю.

Гэта, адпаведна, адбілася і на колькасці, і на якасці двухбаковых беларуска-ўкраінскіх кантактаў. Рэальных падзей і пастановаў пры гэтым мінімум, і тычацца яны сфераў нацыянальнай бяспекі (узаемнае ўмацаванне межаў) і гандлю (абарона дзяржавай інтарэсаў нацыянальнага рынку), піша сайт «Беларусы і рынак».

Аднак галоўнай інтрыгай апошняга часу стала пастанова Украіны адмовіцца ад Менска як пляцоўкі для перамоваў у пытанні канфлікту на Данбасе, а таксама пошук варыянтаў дыпламатычнага развязання канфлікту за межамі Менскага працэсу як такога. У сувязі з гэтым Беларусь вымушаная адаптаваць ахоўную рыторыку, спасылаючыся на неабходнасць кансэнсусу ўсіх бакоў, якія ўдзельнічалі ў Менскім працэсе, для адмовы ад беларускай сталіцы як пляцоўкі і канцэпцыі.

Як мяркуюць эксперты, узаемаадносіны паміж суседнімі краінамі ўсё больш прымаюць выгляд мяжы ваенна-палітычных блокаў, дыпламатычныя стасункі ўсталі на паўзу, а гандлёва-эканамічныя перажываюць «санацыю» інтарэсаў Расейскай Федэрацыі ва Украіне і ЕЗ, а фактычна – б'юць па здольнасці рэалізоўваць незалежныя двухбаковыя інтарэсы ва ўсіх сферах.

Так, эканоміка да апошняга часу была асновай двухбаковых стасункаў, а сёння гэтая сфера ўсё больш набывае геапалітычны сэнс: упершыню ў гісторыі незалежнасці Украіна і Беларусь ушчыльную падышлі да поўнамаштабнай гандлёвай вайны. Прыняўшы пастанову абараняць уласны рынак, Украіна фактычна адмаўляецца ад выбудоўвання незалежных ад Расеі стасункаў з Беларуссю не толькі ў палітычнай, але і ў эканамічнай сферы.

Сярод іншага Кіеў прызначыў «Укртранснафту» новай уласніцай нацыяналізаваных актываў «ПрыкарпатЗахадтранс», якім да лютага 2021 г. валодаў беларускі бізнэсмэн Мікалай Варабей, а таксама ўвяла загараджальныя мыты ў цэлым шэрагу гандлёвых пазіцый: нафтахіміі, машынабудаванні, апрацоўчай прамысловасці. У канцы красавіка ўкраінскі суд скасаваў пастанову Міжведамаснай камісіі міжнароднага гандлю аб немэтазгоднасці ўвядзення мытаў на ўгнаенні (ад 2020 г.) – так пад пытаннем сталі кантракты ў адной з найбольш адчувальных пазіцый беларускага экспарту.

Фактычна Украіна пакідае прадукцыю сельскай гаспадаркі ледзь не адзінай пазіцыяй, у якой можа весціся супрацоўніцтва з Беларуссю. Больш за тое, Кіеў настроены дамагацца перанясення зборачных вытворчасцяў шэрагу прамысловых беларускіх прадпрыемстваў на ўласную тэрыторыю. Пра гэта ў інтэрв'ю «Эканамічнай газеце» расказаў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізіма.

Між тым, пішуць эксперты, зачыніўшы рынак для (гатовай) беларускай прадукцыі, Украіна можа ўступіць у гандлёвае супрацьстаянне з усёй Еўразійскай эканамічнай прасторай. Хоць, верагодна, атрымае ўзамен далейшую перспектыву набліжэння да эканамічнай прасторы ЕЗ.

Нядаўні візіт Дзяржсакратара ЗША Э. Блінкена ва Украіну пацвердзіў аснову знешнепалітычнай стратэгіі рэгіёну ў дачыненні да Украіны: Расея з'яўляецца вонкавым ворагам, а карупцыя – унутраным, і ЗША будзе ўсяляк спрыяць барацьбе Украіны з абодвума гэтымі ворагамі.

Гэтая ж стратэгія распаўсюджваецца і на прастору Усходняга партнёрства і СНД. У прыкладным сэнсе гэта азначае, што Украіна будзе супольна з ЗША праводзіць палітыку процідзеяння сектаральным інтарэсам Расейскай Федэрацыі і выцясненню сеткі асацыяваных прадпрыемстваў, уключаючы прадпрыемствы трэціх краінаў, якімі з'яўляюцца беларускія.

Наступныя месяцы пакажуць фармаванне зваротнай пазіцыі Беларусі, узгодненай з РФ. Верагодна, мы станем сведкамі гандлёвай вайны паміж Беларуссю і Украінай. Трэба разумець, што такое супрацьстаянне адаб'ецца і на мабільнасці грамадзянаў абедзвюх краінаў: перасякаць межы людзям стане значна складаней, чым раней.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках