27 красавiка 2024, Субота, 7:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі касуюць падатковыя ільготы: каму і за што давядзецца плаціць

12
У Беларусі касуюць падатковыя ільготы: каму і за што давядзецца плаціць
фота: Fotobank.ru

Улады сутыкнуліся з рэкордным дэфіцытам бюджэту.

Намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко анансаваў скасаванне некаторых падатковых ільгот, даступных рэзідэнтам Беларусі.

- У існых рэаліях наспела пашырэнне падатковай базы за кошт скасавання падатковых ільгот пры адначасовым удасканаленні спосабаў іх аплаты, - адзначае Кійко.

Якія канкрэтна ільготы будуць скасаваныя, Мінфін пакуль не ўдакладняе.

Урад ідзе на непапулярныя захады, каб папоўніць бюджэт. На 2021 год ён і так звярстаны з дэфіцытам. Першапачаткова Мінфінансаў прагназавала, што розніца паміж даходамі і выдаткамі бюджэту складзе мінус 4 млрд рублёў. Але дэфіцыт вырас яшчэ на 2 млрд.

Усяго, паводле ацэнак урада, падатковыя льготы ў 2020 годзе былі супастаўныя з 5% ВУП. Гэта 7,35 млрд рублёў.

«Еўрарадыё» пагутарыла з экспэртам аб тым, каго можа закрануць скасаванне ільгот і як гэта адаб'ецца на эканамічных паводзінах людзей і чаканнях бізнэсу.

Што такое падатковыя льготы?

Згодна з Падатковым кодэксам, ільготы ў падатках, зборах (мытах) — гэта магчымасць не выплачваць падатак, збор (мыту) альбо выплачваць іх у меншай суме. Інакш кажучы, размова не толькі аб ільготах, якімі карыстаюцца рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій - і якія першымі прыходзяць на розум пасля навіны з Мінфіна.

- Напрыклад, гэта маёмасны вылік, сацыяльны. Падатковыя стаўкі, паніжаныя ў параўнанні з агульнаўстаноўленымі. Выплата сумы падатку. Дарэчы, апошняя ільгота ў нас ўжывалася толькі ў некаторых інвестыцыйных праектах — распавядае чалец праўлення, экспэртка Асацыяцыі падаткааплатнікаў, дарадца адвакацкага бюро «Гарэцкі і партнёры» Наталля Зварано. - Там, дзе ў нас вызваленне ад выплаты або меншы падатак: у ПДВ, які можа быць не 20 адсоткаў, а 10 або 0, у падатку на прыбытак, у падаходным падатку — гэта ўсё падатковая льгота.

Падатковыя льготы могуць мець і іншы выгляд. Такі, які ўстановіць Аляксандр Лукашэнка.

Наша суразмоўніца адзначае, што пастанова аб скасаванні льгот з'явілася не ў апошнія месяцы.

- Калі пісаўся Падатковы кодэкс, які набыў моц у 2019 годзе, там адразу ў агульнай частцы закладвалася норма аб сталым маніторынгу Міністэрствам фінансаў эфектыўнасці падатковых ільгот. Тры гады адбываўся маніторынг. А пасля яго частка льгот падлягала б скасаванню ў кожным выпадку.

Касаванне падатковых ільгот - гэта не пра «спрошчаную сістэму падаткаабкладання»

У Беларусі можна працаваць у розных падатковых рэжымах. Іх не трэба блытаць з ільготамі. Напрыклад, пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання, якой карыстаюцца ІП, адлічэнні ніжэйшыя, чым пры звычайнай. Але гэта не ільгота — гэта адмысловы падатковы рэжым. Адпаведна, раз Мінфін цяпер кажа пра скасаванне менавіта падатковых ільгот - гэта не пра такую базавую рэч для індывідуальных прадпрымальнікаў, як спрошчаная сістэма.

Адзіны падатак - гэта таксама спецыяльная сістэма падаткаабкладання.

- Разам з тым у рамках рэжымаў падаткаабкладання ёсць і падатковыя ільготы. Калі мы возьмем «Вялікі камень» або Аршанскі раён, то там ёсць вызваленне ад выплаты. Для Аршанскага раёна, напрыклад, гэта вызваленне ад выплаты падатку на прыбытак, - прадаўжае Наталля Зварано.

Экспэртка адзначае, што ёсць шмат кропкавых ільгот для фізічных асоб і ІП:

— Ёсць адрасныя льготы, якія ўжываюцца толькі паводле ўказаў і дэкрэтаў. У рамках нейкіх інвестпраектаў могуць быць нададзеныя падатковыя льготы. І не заўсёды гэтыя дакументы даступныя. У нас ёсць дэкрэт №10, які надае льготы проста паводле інвестдамоваў, даступных усім. Там прапісана, што могуць быць і яшчэ больш ільготныя ўмовы інвеставання. Але яны падаюцца ўжо паводле ўказа Лукашэнкі.

Якія падатковыя льготы могуць быць скасаваныя?

На думку Наталлі Зварано, імавернае скасаванне вызвалення ад выплаты ПДВ для некаторых тавараў і льгот у аперацыях з каштоўнымі паперамі.

- Калі мы гаворым пра ПДВ, гэта наўпрост тычыцца бізнэсу. Калі пра падаходны падатак, то даходаў фізічных асоб. Гэта можа закрануць, напрыклад, вызваленне ад падатку на нерухомасць. Калі ў вас дзве кватэры, то вы сёння плаціце падатак толькі па адной. А тая, у якой вы жывяце, вызваляецца ад падатку.

Яшчэ пад скасаванне можа патрапіць ільгота на продаж аднаго транспартнага сродку на год.

— Тады ўсе продажы транспартных сродкаў будуць падлягаць падаткаабкладанню. Гэта, вядома, адразу б'е па спажывецкім кошыку фізічных асоб, бо іх даход скарачаецца. Адпаведна, гэта будзе скарачаць і аперацыі, якія здзяйсняюць фізічныя асобы на рынку нерухомасці альбо на транспартным рынку. Што запавольвае ўгоды паміж фізічнымі і юрыдычнымі асобамі.

Дакладна сказаць, наколькі скасаванне падатковых ільгот папоўніць бюджэт, складана. Бо пакуль Мінфін не кажа, якія льготы падлягаюць скасаванню. А вось на настроях бізнэсу і эканамічнай актыўнасці людзей гэтая ініцыятыва ўрада абсалютна дакладна адаб'ецца негатыўна, мяркуе Наталля Зварано.

- У бізнэсу і так настроі не самыя найлепшыя. Хтосьці з уласнікаў ужо з'ехаў, і гэта не адзін і не два. Хтосьці пакуль узважвае усе за і супраць. Для некаторых можа быць незваротна згублены эканамічны сэнс дзейнасці. Таму што, акрамя падатковых выключэнняў, ёсць яшчэ аб'ектыўныя фактары, як падаражанне сыравіны, складанасці з пастаўкамі, падзенне попыту. Гэта дасць негатыўны эканамічны эфект.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках