26 красавiка 2024, Пятніца, 15:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нейрасеціва аднавіла партрэты вядомых беларусаў

2
Нейрасеціва аднавіла партрэты вядомых беларусаў

Як яны выглядалі?

Інжынер Руслан Чатырко ў вольны час займаецца нейроннымі сеткамі і рэстаўруе партрэты вядомых беларусаў. Менавіта ён аўтар партрэта Каліноўскага, апублікаванага на вокладцы свежага нумара часопіса «Наша гісторыя». Распыталі яго пра тэхналогіі і магчымасці нейронных сетак, а таксама паглядзелі на гэтыя працы.

«Чаму Каліноўскі? Я з беларускамоўнай сям'і, таму не ведаць пра яго было б дзіўна. Не памятаю нават, калі ён не быў побач», – кажа Чатырко.

Як на практыцы адбываецца ягоная праца? Напрыклад, ёсць сапсаваная фатаграфія, на падставе якой трэба стварыць якасны малюнак. Або хочацца палепшыць якасць старога фота. «Нейронная сетка бярэ зыходны малюнак і павялічвае ягоны памер. Далей сетка перабірае твары з базы StyleGAN2, пакуль не знойдзе той, які пры памяншэнні да зыходнага памеру будзе выглядаць як першапачатковы малюнак. Атрымліваецца піксельны зыходнік. Сетка аналізуе яго, павышае ягоную выразнасць, а таксама спрабуе дамаляваць адсутныя дэталі».

Выходзіць, што нейронныя сеткі – гэта штучны інтэлект? Не зусім.

«Вынік іх працы заўсёды абмежаваны звесткамі, якія закладвае ў іх чалавек, – тлумачыць Руслан. – Нейронная сетка не здольная прыдумаць нешта зусім новае, гэта толькі перапрацоўка зыходных звестак. Але вынік можа быць абсалютна нечаканым для чалавека».

Як гэта выглядае на практыцы?

МАКСІМ БАГДАНОВІЧ

«Нейронная сетка звяртае ўвагу на разнастайныя дэталі: наяўнасць шчаціння, лысіны, рабацінак, акуляраў, вышыні лба і абрысаў скулаў. Але часам яна здольная “дадумваць” тое, што здаецца ёй занадта скажоным на малюнку».

Напрыклад, калі праграміст пачаў працаваць са сканам фотаздымка Каліноўскага, то на падбароддзі было пацямненне.

«Нейронная сетка дамалявала шчацінне. А людзі пачалі пісаць у каментарах, што на фатаграфіі яго не было. Таму давялося выпраўляць.

У мяне пункцік – выява павінна быць максімальна набліжаная да сапраўднай знешнасці».

ЭЛІЗА АЖЭШКА

Колькі часу сыходзіць на стварэнне аднаго партрэта?

«Усё залежыць ад якасці малюнка. Каліноўскага рабіў не надта доўга, за адзін дзень, бо першапачаткова быў добры фотаздымак.

Я зрабіў з яго скан, нейронныя сеткі з ім працавалі. У фота Каліноўскага не было дэфектаў, абрываў і г.д. Калi яны ёсць або пры пераводзе ў колер, праца ідзе складаней і даўжэй.

На гэты момант Руслан апрацаваў ужо блізу дваццаці малюнкаў грамадскіх дзеячаў.

«Большасць з гэтых дваццаці – прадстаўнікі Вялікай Літвы: напрыклад Раман Скірмунт, Эліза Ажэшка... Тыя прадстаўнікі нацыянальнага руху, якія крыху выпалі з беларускага асяроддзя. Але я іх вельмі паважаю. Калі папросяць, зраблю і іншых».

А як наконт грошай?

МІКАЛАЙ РАДЗІВІЛ ЧОРНЫ

«Грошай не прашу, але не адмаўляюся ад іх, – усміхаецца Руслан. – Была такая гісторыя. Чалавек папрасіў аднавіць фатаграфіі з уласнага архіву. Спытаў, колькі будзе каштаваць. Я прапанаваў, што спачатку зраблю працу. У выніку за некалькі дзён аднавіў яму ўвесь радавод, а потым задумаўся, колькі грошай папрасіць. Сябар параіў: прапануй, каб заказчык сам назваў суму. Толькі каб яму было не ў цяжар, а табе прыемна».

Але ў цікавы праект Чатырко гатовы ўпісацца і бясплатна.

На ягоную думку, спецыяльнай адукацыі для такой працы не трэба. «Галоўнае – жаданне. У інтэрнэце хапае кам'юніці. Калі ёсць пытанне, людзі дапамогуць».

Якія магчымасці ў нейронных сетак? Напрыклад, яны дазваляюць узяць малюнак скульптурнага партрэта і зрабіць на ягонай аснове партрэт.

«Гэта асабліва добра, калі ніякіх малюнкаў, акрамя скульптурных, не засталося. Ідэю я пераняў у аднаго англамоўнага мастака – ён аднаўляў партрэты на аснове бюстаў рымскіх імператараў. Цяпер так магу рабіць і я.

Аднойчы давялося паляпшаць якасць геаграфічных мапаў. Не сказаў бы, што атрымалася класна. Яшчэ ёсць над чым працаваць. Але стала прыкметна лепш.

На думку Руслана, магчымасцяў для выкарыстання нейронных сетак маса. Адна з іх дазваляе маніторыць змены ў Вікіпедыі: «Пры выдаленні тэксту – адзін гук, у выпадку рэдагавання – іншы»

Як мяркуе праграміст, атрыманыя выявы можна будзе выкарыстоўваць у кінематографе, гульнявой індустрыі, магчыма, нават у паўнавартасных навуковых даследаваннях.

«Сфера выкарыстання абмежаваная выключна фантазіяй чалавека».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках