ААН можа прыпыніць усе міратворчыя аперацыі ў свеце
8- 29.06.2021, 21:49
- 9,412
Большасць з якіх знаходзяцца ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе.
Арганізацыя Аб'яднаных Нацый можа адмовіцца ад міратворчых місій, калі Генеральная Асамблея ААН не ўзгодніць гадавы бюджэт сумаю $6 млрд да 30 чэрвеня. Пра гэта са спасылкай на дыпламатаў паведаміла агенцтва Reuters.
Без фінансавання 12 міратворчым місіям ААН, большасць з якіх знаходзяцца ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе, давядзецца спыніць сваю дзейнасць ужо 1 ліпеня.
Кіраўніца аддзела стратэгіі кіравання, палітыкі і выканання патрабаванняў ААН Кэтрын Полард паведаміла, што місіям рэкамендавалі пачаць распрацоўку планаў дзеянняў у надзвычайных абставінах на выпадак, калі новы бюджэт не будзе прыняты.
Калі крайні тэрмін 30 чэрвеня не будзе выкананы, генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш зможа выдзеліць грошы на ахову актываў арганізацыі і забеспячэнне абароны персаналу і міратворцаў.
Са слоў кіраўніка міратворчай дзейнасці ААН Жан-П'ера Лакруа, у такой сітуацыі міратворчыя місіі не змогуць абараняць цывільнае насельніцтва, аказваць дапамогу ў барацьбе з COVID-19, падтрымліваць палітычныя намаганні і выконваць пасрэдніцкія функцыі.
ЗША з'яўляюцца самымі буйнымі плацельшчыкамі ўзносу ў бюджэт аперацый у падтрыманні міру, іх доля складае 28%, Кітая - 15,2%, Японіі - 8,5%.