ААН: На мяжы голаду апынуліся сотні тысяч расейцаў
21- 13.07.2021, 21:04
- 16,832
Яшчэ амаль дзевяць мільёнаў недаядаюць праз адсутнасць грошай.
Больш за 9 мільёнаў расейцаў жывуць ва ўмовах недахопу ежы або недастатковага харчавання. Такія звесткі прыводзіць ЮНІСЕФ у апублікаваным у аўторак штогадовым дакладзе аб харчовай бяспецы ў свеце.
Паводле звестак арганізацыі, якая ўваходзіць у структуру ААН, у 2018-20 гг 400 тысяч расейскіх грамадзян належылі да групы «экстрэмальнай уразлівасці» ў харчовай бяспецы (severyly food insecurе people).
Гаворка ідзе пра людзей, якія дэ-факта знаходзяцца на мяжы голаду. У гэтую катэгорыю, паводле метадалогіі, трапляюць тыя, хто вымушаны абмяжоўваць колькасць ежы, прапускаць прыёмы ежы ці не ядуць наогул праз адсутнасць грошай ці іншых рэсурсаў.
Яшчэ 8,8 мільёна расейцаў, паводле звестак ЮНІСЕФ, знаходзяцца ў групе «ўмеранай» уразлівасці. Гэта людзі, якія недаядаюць: ім не даводзіцца цалкам адмаўляцца ад ежы, але яны вымушаныя эканоміць, скарачаючы спажыванне ежы і замяняючы пажыўныя прадуктаў нізкаякаснай дыетай.
Непасрэдна галадаючых у Расеі, згодна з дакладам ЮНІСЕФ, няма. Пры гэтым арганізацыя падкрэслівае, што абапіраецца на звесткі афіцыйнай расейскай статыстыкі.
Урад РФ у чэрвені 2020 года адчытаўся ў ААН аб поўнай ліквідацыі голаду і крайняй галечы ў рамках выканання мэт устойлівага развіцця.
Агулам у свеце праблема голаду зноў рэзка абвастрылася, канстатуе ЮНІСЕФ у дакладзе.
Колькасць галадаючых на планеце дасягнула 15-гадовага максімуму на фоне пандэміі, збояў у пастаўках і ўзлёту цэн на прадукты харчавання, які ўдарыў па бедных краінах.
На канец 2020 года, паводле ацэнкі ЮНІСЕФ, галадалі 768 мільёнаў чалавек, або амаль 10% насельніцтва зямлі. За год іх колькасць вырасла на 118 мільёнаў чалавек, або 18%.
Зонамі бедства наконт голаду застаюцца Афрыка на поўдзень ад Сахары (264 млн чалавек) і Паўднёвая Азія (305 млн).