29 жнiўня 2026, Субота, 18:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Лісоўскі: як ствараўся першы беларускі «спецназ»

Аляксандр Лісоўскі: як ствараўся першы беларускі «спецназ»

«Лісоўчыкі» ў XVII стагоддзі былі сапраўднай грозай Маскоўскай дзяржавы.

Аляксандр Юзаф Лісоўскі, прадстаўнік роду Лісоўскіх герба Ёж, нарадзіўся ў 1575 годзе ў сям'і Яна Лісоўскага, шляхціча, які валодаў вёскамі пад Вільняй. Крыху пазней уся сям'я пераехала пад Брэст. Аляксандр Юзаф атрымаў адукацыю ў Віленскай езуіцкай школе. Калі прыйшоў час выбару, ён спыніўся на вайсковай кар'еры, якую Аляксандр Лісоўскі пачаў у 1599 годзе ў найманым войску валахскага гаспадара Міхая Храбрага, піша vklby.com.

Міхай Храбры змагаўся за ўладу над Дунайскімі княствамі: Валахіяй, Трансільваніяй і Малдавіяй. Рэч Паспалітая таксама мела свае інтарэсы ў гэтых краях і ў 1600 годзе ўступіла ў вайну за гэтыя землі. Аляксандр Лісоўскі не захацеў ваяваць супраць сваіх суайчыннікаў і перайшоў у войска польскага кароннага гетмана Яна Замойскага. Пасля перамогі Рэчы Паспалітай у Малдаўскай кампаніі Аляксандр Лісоўскі накіраваўся ў Лівонію на вайну супраць шведаў, там ён завербаваўся ў гусарскую харугву Яна Караля Хадкевіча.

Усе свае вайсковыя заслугі, здабытыя ў папярэдніх вайсковых кампаніях, Аляксандр Лісоўскі перакрэсліў адным бунтам, які падняў у войску ВКЛ у 1604 годзе праз нявыплату жалавання. Узначаліўшы тры мяцежныя харугвы, Лісоўскі разрабаваў не толькі землі, што трапляліся яму дарогай у Лівоніі і Курляндыі, але і землі на тэрыторыі ВКЛ. За гэта Соймавы суд пазбавіў яго шляхецтва і вынес яму інфамію (пазбаўленне грамадзянскіх правоў).

Рашэнне Соймавага суда ніяк не паўплывала на дзеянні Аляксандра Юзафа Лісоўскага, бо ён працягнуў свой мяцеж разам з польскім войскам Жэбжыдоўскага, якім быў абвешчаны рокаш (мяцеж) супраць караля. Лісоўскі ўзначаліў казацкую харугву і ў 1607 годзе ўзяў удзел у бітве пад Гузавам, аднак рокашане Жэбжыдоўскага былі разбітыя кароннымі войскамі.

Пасля паразы пад Гузавам Аляксандр Лісоўскі з двума сотнямі казакоў накіраваўся ў Маскоўскае княства і далучыўся там да войскаў Лжэдзмітрыя II. У Старадубе, атрымаўшы званне палкоўніка, ён дапоўніў свой атрад добраахвотнікамі з данскіх казакоў, шляхты і мяшчан.

У сакавіку 1608 года палкоўнік Лісоўскі разграміў войскі маскоўскіх ваяводаў Захара Ляпунава і Івана Хаванскага пад Зарайскам. Потым ён захапіў Міхайлаў і Каломну. Прыняў удзел у аблозе Масквы і Тройца-Сергіевай лаўры пад камандаваннем Яна Пятра Сапегі.

Пасля таго як пацярпеў паразу ад маскоўскага князя Івана Куракіна, Аляксандр Лісоўскі вырашыў рэарганізаваць свой атрад і змяніць тактыку дзеянняў. Атрад у выніку быў сфармаваны так, каб мець магчымасць праводзіць глыбокія дыверсійныя аперацыі, ваяваць без абозу і быць як мага больш манеўраным. Ён дзяліўся на харугвы і дапаможныя падраздзяленні для разведкі і аховы. Для захавання таямніцы перамяшчэння па варожай тэрыторыі яны прыбягалі да забойства выпадкова сустрэтымі на шляху людзьмі, а таксама нярэдка добівалі ўласных таварышаў, якія праз раненне або хваробу не паспявалі за прасоўваннем атрада. Каб пазбегнуць засады, для пераправы цераз рэкі выбіраліся толькі невядомыя месцы і абыходзіліся бокам асноўныя шляхі, масты і броды. Пры захопе гарадоў і ўмацаванняў выкарыстоўваліся нестандартныя тактычныя прыёмы.

Атрад Аляксандра Лісоўскага меў спецыфічную арганізацыю, з выбарным генеральным колам, уласнымі вайсковымі пасадамі і судам. Усе чальцы атрада мусілі безагаворна выконваць законы ўнутранага статута. Салдаты атрада Лісоўскага, або як іх яшчэ называлі «лісоўчыкі», маючы мінімум ахоўных даспехаў, былі добра ўзброеныя, і кожны з іх меў пры сабе палаш або канчар пад сядлом, кароткае кап'ё, пісталеты, мушкет і лук. Адзінай аплатай за службу ў атрадзе было права на здабычу ваенных трафеяў.

У 1609 годзе пачалася вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўскім княствам, і Аляксандр Лісоўскі з атрадам далучыўся да войскаў ВКЛ. Вясной 1610 года ён здзейсніў глыбокі рэйд у тыл Маскоўскага княства. Захапіў і разрабаваў Растоў, Кашын і Калязін. Захапіў крэпасці Заволочча і Вароніч. З захопленых крэпасцяў ён здзяйсняў далёкія рэіды супраць Масковіі і шведаў на землях Смаленска, Пскова і Ноўгарада. Ахоўваў паўночна-заходнія землі ВКЛ. За гэтыя вайсковыя заслугі ў 1611 годзе сойм вярнуў яму шляхецтва і зняў інфамію.

Улетку 1612 года Лісоўскі адзначыўся ў абароне Смаленска. Па загадзе Яна Караля Хадкевіча, каб адцягнуць варожыя сілы ад слаба ўмацаванага горада, ён здзейсніў некалькі рэйдаў у глыб Маскоўскага княства. На чале двухтысячнага атрада ў 1615 годзе Аляксандр Лісоўскі здзейсніў паход на Севершчыну і захапіў Арол і Карачаў. Таксама захапіў і разрабаваў Ліхвін, Белёў, Торжок, Галіч, Угліч, Суздаль, Перамышль, наваколлі Яраслаўля і Кастрамы. Разбіў авангардныя войскі князя Дзмітрыя Пажарскага, які быў накіраваны для знішчэння яго атрада. Зімой наступнага, 1616 года, ён завяршыў свой вялікі рэйд, абышоўшы Маскву пятлёй у 200 км. Пазбягаючы вялікіх бітваў і застаючыся неўлоўнымі, здзяйсняючы імклівыя і нечаканыя пераходы часам да 150 кіламетраў за суткі, лісоўчыкі наганялі паніку ў тыле асноўных войскаў ворага. За ўсе гэтыя ўдалыя вайсковыя аперацыі Лісоўскі атрымаў чын каралеўскага палкоўніка.

Восенню 1616 года, сабраўшы пад Гомелем новы атрад для чарговага рэйду па Маскоўскай тэрыторыі, ён выступіў да Старадуба, аднак у Камарыцкай воласці 11 кастрычніка падчас агляду баявой гатоўнасці свайго атрада раптам зваліўся з каня і памёр. Ён так і не паспеў ажаніцца і пакінуць пасля сябе дзяцей.

Уся спадчына Лісоўскага — гэта яго падраздзяленні, яго «лісоўчыкі», якія два наступныя дзесяцігоддзі ўдала змагаліся ў войнах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, паралельна наганяючы жах на мірнае насельніцтва, «праславіўшыся» колькасцю ўчыненых рабункаў. Але нягледзячы на такую «славу», з часам у Еўропе вобраз «лісоўчыка» быў рамантызаваны, і яго ўвекавечылі ў сваіх творах галандскі мастак Рэмбрандт, жывапісец Юзаф Брандт і баталіст Юліюш Косак.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках