Пуцін параўнаў вайну ва Украіне з нападам касатак на белых мядзведзяў і загадаў расказваць пра гэта дзецям
5- 29.08.2026, 17:35
- 1,710
Расійскі дыктатар таксама ўзгадаў Джэка Лондана ў гэтым кантэксце.
Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы з настаўнікам кітайскай мовы з Белгарадскай вобласці Дзмітрыем Баланчуковым правёў паралель паміж вайной ва Украіне і законамі дзікай прыроды, заявіўшы, што дзецям трэба тлумачыць «у якім свеце мы жывём» на прыкладзе ланцуга харчавання, дзе касаткі ядуць белых мядзведзяў. «Яны (касаткі. — рэд.) ядуць гэтых мядзведзяў, як мялюзгу. Яны проста накідваюцца зграяй і разрываюць іх на часткі. Гэта ўсё вельмі цікава. Вось такі ланцуг харчавання. Пра гэта таксама трэба расказваць дзецям, каб яны разумелі, у якім свеце мы жывём і чаму мы праводзім «спецыяльную ваенную аперацыю», — заявіў Пуцін, калі педагог распавядаў яму пра сваю паездку на Паўночны полюс.
Таксама Пуцін узгадаў Джэка Лондана і апісаныя ім звычаі паўночных народаў, якія пакідалі старых на з’еданне ваўкам, паколькі плямя не магло «цягаць іх з сабой». «Так, усё гэта выглядае даволі жорстка, але такі ў іх лад жыцця», — дадаў расійскі дыктатар.
Развязаная Пуціным поўнамаштабная вайна супраць Украіны абярнулася для Расіі велізарнымі чалавечымі стратамі. Паводле даных Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS), да ліпеня 2026 года агульныя страты расійскай арміі перавысілі 1,4 млн чалавек — забітымі і цяжка параненымі, не здольнымі вярнуцца ў строй. Зараз расійская армія штомесяц губляе ва Украіне прыкладна на 6 тыс. вайскоўцаў больш, чым удаецца завербаваць Мінабароны.