26 красавiка 2024, Пятніца, 6:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інфляцыя ў Беларусі дасягнула шакавальных значэнняў

11
Інфляцыя ў Беларусі дасягнула шакавальных значэнняў

Нястрымны рост коштаў ідзе і ў даляравым эквіваленце.

Рост коштаў шакуе. Сёлета інфляцыя ў Беларусі – самая высокая за 5 гадоў, з 2016-га. Асабліва прыкметная інфляцыя на фоне стабільнага курсу даляра. Значыць, нястрымны рост коштаў у Беларусі ідзе і ў даляравым эквіваленце, піша «Інфабанк».

І гэта пры тым, што ўлады ўсяляк імкнуцца не дапусціць росту інфляцыі, абвясціўшы яшчэ ў лютым пра замарозку коштаў у краіне на 62 «сацыяльна значныя тавары» – пастановай Савета Міністраў №100 ад 23 лютага «Аб часовых захадах для стабілізацыі коштаў на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці».

Акрамя іншага, там сказана, што з 1 сакавіка «змяненне коштаў на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці не можа перавышаць 0,2 адсотка за месяц».

У чэрвені індэкс месячнай спажывецкай інфляцыі (да папярэдняга месяца) склаў афіцыйна 0,65%. А сярэдні ІСЦ за сакавік – чэрвень – 0,66%.

Чэрвеньскі ІСЦ сёлета вышэй за травеньскі, хоць павінен быць ніжэйшы – зыходзячы з сезоннасці гэтага паказніка.

У Беларусі сезоннасць дынамікі месячнага індэкса спажывецкіх коштаў ярка выяўленая: год пачынае высокі ІСЦ студзеня, пасля чаго індэкс ідзе на зніжэнне, дасягаючы «дна» ў жніўні, а потым зноў падымаецца.

Сезоннасць ствараецца дынамікай коштаў у сектары харчовых тавараў, якія займаюць найбольшую ўдзельную вагу ў спажывецкім кошыку, паводле якога падлічваецца ІСЦ.

Дзякуючы чаму ў летнія месяцы – самыя нізкія за год індэксы, часта паказваюць нават дэфляцыю.

Белстат бярэ да ўвагі рост коштаў у некалькіх фарматах. Адзін з іх – «індэкс гадавой інфляцыі за перыяд з пачатку года да адпаведнага перыяду папярэдняга года». Гэта гадавы ІСЦ «перыяд да перыяду».

І ён склаў у чэрвені 108,8%: спажывецкія кошты студзеня – чэрвеня ў 2021-м вышэйшыя, чым у студзені – чэрвені 2020 г., на 8,8%.

І гэта найбольшы для гэтага перыяду года адсотак з 2016-га – за 5 гадоў.

А гадавы ІСЦ у фармаце «індэкс інфляцыі да адпаведнага месяца папярэдняга года» ў чэрвені вырас да 109,9% – кошты на спажывецкім рынку ў чэрвені 2021 года вышэйшыя, чым былі ў чэрвені 2020-га, на 9,9%.

Гэта найбольшы адсотак са студзеня 2017 года. Пры тым, што ў ліпені 2018-га гадавая інфляцыя гэтага фармату была знізілася да гістарычнага мінімуму ў Беларусі – 104,06%.

Уздым гадавога ІСЦ «месяц да месяца» ідзе ў Беларусі ўжо роўна год – з сярэдзіны 2020-га.

Ідзе ўздым і самага інэрцыйнага паказніка інфляцыі – сярэднегадавога індэкса (сярэднія за 12 месяцаў кошты ў адсотках да коштаў адпаведнага 12-месячнага перыяду папярэдняга года).

За справаздачны перыяд (з ліпеня 2020-га да чэрвеня 2021-га) сярэднегадавая спажывецкая інфляцыя склала, зыходзячы з афіцыйных звестак Белстата – 7,47% (да перыяду «ліпень 2019-га – чэрвень 2020-га»).

Беручы да ўвагі інэрцыйнасць гэтага паказніка, рост сярэднегадавой інфляцыі прадоўжыцца і далей.

Але нават гэтыя, найбольшыя за 5 гадоў, адсоткі інфляцыі выклікаюць недавер у беларусаў: не толькі з адчуванняў, але і з леташніх чэкаў, інфляцыя ў Беларусі вышэйшыя, чым паводле афіцыйных звестак Белстата.

Вось тут мы лічылі сваю індывідуальную інфляцыю, выкарыстоўваючы, дарэчы, інструмент Белстата.

У нас атрымалася інфляцыя – 34,68% за год

Ды і сам Белстат мяркуе, што агульная інфляцыя ў Беларусі істотна вышэйшая – паказваючы нашмат большы, чым ІСЦ, індэкс-дэфлятар ВУП.

Дэфлятар ВУП – гэта інфляцыйная папраўка галоўнага эканамічнага паказніка валавога ўнутранага прадукту, гэта адсотак росту коштаў ва ўсёй эканоміцы, не толькі на спажывецкім рынку, індыкатар агульнай інфляцыі ў краіне.

Паколькі на паказнік «індэкс-дэфлятар ВУП» нямногія звяртаюць увагу, і ён, да таго ж, не выкарыстоўваецца для ацэнкі і дынамікі ўзроўню жыцця насельніцтва, спакусы выкарыстаць яго ў мэтах вываду лепшага выніку, як гэта часта бывае ў выпадку з ІСЦ, тут няма.

І тое, якія адсоткі, нават паводле афіцыйных звестак, агульнай інфляцыі ў Беларусі, паказвае дэфлятар ВУП, шакуе.

Так, індэкс-дэфлятар ВУП у фармаце «перыяд да перыяду», які паказвае агульную ў краіне гадавую інфляцыю, у чэрвені склаў 115,8%: кошты студзеня – чэрвеня 2021 года вышэйшыя за кошты студзеня – чэрвеня 2020-га на 15,8%.

А індэкс-дэфлятар ВУП фармату «месяц да месяца» ўвогуле падскочыў да 125,6%: кошты чэрвеня 2021-га вышэйшыя за кошты чэрвеня 2020-га на 25,6% (гэта разліковы паказнік, зыходзячы з звестак Белстата па ВУП).

Што часткова тлумачыцца падзеннем коштаў у эканоміцы год таму ў сусветны кавіда-крызіс (успомнім падзенне коштаў нафты да адмоўнай велічыні).

Хутка падымаецца і самы інэрцыйны паказнік – сярэднегадавы індэкс-дэфлятар ВУП (таксама разліковы): ён вырас ужо да 113,4%: агульная сярэднегадавая інфляцыя ў чэрвені склала 13,4%.

Настолькі кошты ва ўсёй эканоміцы ў сярэднім за перыяд «ліпень 2020-га – чэрвень 2021-га» вышэйшыя за сярэднія кошты перыяду «ліпень 2019-га – чэрвень 2020-га». Цяперашні хуткі рост прадоўжыцца і ў найбліжэйшыя месяцы.

Такім чынам, агульная інфляцыя ў Беларусі істотна вышэйшая за афіцыйную спажывецкую інфляцыю.

1. У фармаце «перыяд да перыяду»:

гадавы ІСЦ – 8,8%

дэфлятар ВУП – 15,8%

2. У фармаце «месяц да месяца»:

гадавы ІСЦ – 9,90%

дэфлятар ВУП – 25,6% (разліковы)

3. Сярэднегадавы фармат:

сярэднегадавы ІСЦ – 7,47%

дэфлятар ВУП – 13,4% (разліковы).

Прыніжэнне адсотка спажывецкай інфляцыі, як адміністрацыйным утрыманнем коштаў, так і праз метадалогію яе падліку, выклікае недавер абываталяў да афіцыйных звестак.

Але нават паводле іх інфляцыя ў Беларусі цяпер вышэйшая, чым ва ўсіх навакольных краінах.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках