19 сакавiка 2024, aўторак, 11:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскаму палітвязню Аляксею Пічугіну – 59

1
Расейскаму палітвязню Аляксею Пічугіну – 59
АЛЯКСЕЙ ПІЧУГІН
ФОТА: ЮРЫЙ МАШКОЎ / ІТАР-ТАСС

Экс-супрацоўнік нафтавай кампаніі ЮКАС за кратамі з 2003 года.

25 ліпеня 2021 года спаўняецца 59 гадоў былому супрацоўніку расейскай нафтавай кампаніі ЮКАС Аляксею Пічугіну. Праваабарончы цэнтр "Мемарыял" і некаторыя іншыя праваабарончыя арганізацыі ўважаюць яго за палітычнага вязня. Пічугін, асуджаны пажыццёва, – адзіны, чыё імя знаходзіцца ў спісах палітычных вязняў "Мемарыялу" цягам усяго часу іх вядзення. Аляксею Пічугіну было 40, калі яго арыштавалі, паведамляе "Радыё Свабода".

Сябры Пічугіна ў перапісцы вырабілі віншавальную паштоўку-калаж, складзеную з сваіх фотапартрэтаў, і адправілі яе ў СІЗА "Ляфортава" ў Маскве, дзе ў цяперашні час часова знаходзіцца вязень. "Ад усёй душы зычу здароўя і сілаў! Не пакідаю надзеі паціснуць вашу руку!", "Я вельмі хачу, каб вы хутчэй былі на волі. Гэта будзе абавязкова!", "Ні на дзень не забываюся, нікому не дарую, увесь час чакаю" – гэта толькі некалькі вытрымак з віншавальных зычэнняў, напісаных на паштоўцы.

Напярэдадні ў Маскве на Арбаце каля помніка Булату Акуджаву адбыўся традыцыйны суботні пікет за вызваленне палітычных зняволеных. Сярод партрэтаў у руках пікетоўцаў быў і партрэт Пічугіна, а плакат абвяшчаў: "Аляксей Пічугін – закладнік улады".

З 19 чэрвеня 2003 года Пічугін утрымліваецца за кратамі. З тых часоў ён штогод атрымліваў у свой дзень нараджэння сотні віншаванняў з розных краінаў, у тым ліку ад знакамітасцяў: акторак Наталлі Фацеевай і Ліі Ахеджакавай, рок-музыкі Юрыя Шаўчука; радыёвядоўцы, паэткі і выканаўцы аўтарскай песні Натэлы Балцянскай; пісьменнікаў Барыса Акуніна, Віктара Шандаровіча і Людмілы Уліцкай, журналісткі Зоі Светлавай, а таксама праваабаронцаў і былых калег у ЮКАСе. 25 ліпеня мінулага года на канале ПЦ "Мемарыял" у YouTube выйшаў дакументальны фільм пра справу Пічугіна з каментарамі пра яго экспертаў і вядомых людзей.

Пічугін быў арыштаваны 18 гадоў таму паводле абвінавачвання ў арганізацыі забойстваў і замахаў нібыта ў інтарэсах ЮКАСа. Аляксей Пічугін заяўляў пра сваю невінаватасць і пра тое, што супрацоўнікі сілавых структураў не раз патрабавалі ад яго лжэсведчыць супраць кіраўнікоў і суўладальнікаў нафтавай кампаніі Міхаіла Хадаркоўскага і Леаніда Неўзліна.

У жніўні 2007 года суддзя Масгарсуда Пётр Штундэр паводле вынікаў дзвюх крымінальных справаў асудзіў Пічугіна да пажыццёвага пазбаўлення волі, якое ён адбывае ў калоніі асаблівага рэжыму "Чорны дэльфін" горада Соль-Ілецк Арэнбургскай вобласці.

Еўрапейскі суд у правах чалавека двойчы – у 2012 і 2017 гадах – выносіў пастанову, што ў рамках абедзвюх справаў у дачыненні да Пічугіна было парушанае ягонае права на справядлівае судовае разбіральніцтва, замацаванае ў артыкуле 6 Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў.

ЕСПЧ указаў, што прысуды варта скасаваць і накіраваць справы Пічугіна на новы разгляд. Аднак Прэзідыум Вярхоўнага суда адмовіўся гэта зрабіць, нягледзячы на шматразовыя патрабаванні Камітэта міністраў Рады Еўропы, якая кантралюе выкананне пастановаў ЕСПЧ.

2 ліпеня 2021 года стала вядома, што Пічугін вывезены з "Чорнага дэльфіна" ў СІЗА "Ляфортава" Масквы. Тады ж стала вядома, што ён з невядомых прычынаў адмовіўся ад сваіх адвакатаў Ксеніі Кастромінай і Дзмітрыя Харытонава, якія абаранялі яго шмат гадоў. Чальцам Грамадскай наглядальнай камісіі Масквы Еве Мяркачавай і Аляксею Мальнікаву адміністрацыя "Ляфортава" пацвердзіла, што Пічугін знаходзіцца ў гэтай установе, але адмовіла ў просьбе наведаць яго, спаслаўшыся на 21-дзённы карантын праз пандэмію каранавірусу. Аднак вядома, што і Пічугін, і праваабаронцы, якія збіраліся наведаць яго, прышчэпленыя.

Дакладнік Еўрапейскага парламента датычна Расеі Андрус Кубілюс і ПЦ "Мемарыял" выказалі занепакоенасць сітуацыяй з Пічугіным і запатрабавалі ад расейскіх уладаў ягонага неадкладнага вызвалення.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках