20 верасня 2021, панядзелак, 22:46
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Вераніка Мішчанка: Лукашэнку ненавідзяць нават «ябацькі»

16
Вераніка Мішчанка: Лукашэнку ненавідзяць нават «ябацькі»
ВЕРАНІКА МІШЧАНКА

Страйк можа стаць сігналам для пераходу войска на бок народа.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org расказала актывістка партыі «Народная Грамада» Вераніка Мішчанка.

– Вельмі хутка спаўняецца год з пачатку беларускіх пратэстаў. Што вас найбольш уразіла ў барацьбе беларусаў за свабоду?

– Блізу года таму я выйшла пасля сутак і проста не пазнала беларусаў. Напэўна, гэта менавіта той момант, пра які казаў Мікола Статкевіч, што «калі ў беларусаў з'явіцца надзея, то вы іх не пазнаеце». Я ўбачыла зусім іншы народ 9 жніўня.

У мяне з'явілася вера ў беларусаў. Раней я бачыла людзей, у якіх сапраўды была «мая хата з краю». Шмат хто быў абсалютна апалітычны: «Мы не ў палітыцы, у нас усё добра, што нам да гэтага». Памятаю нашу сварку ў пачатку пандэміі з Міколам Дзядком, які казаў, што беларусы ніколі не выйдуць з палітычнымі патрабаваннямі, не будуць змагацца за свабоду. Ён казаў, што адзінае, што іх можа прымусіць выйсці – толькі лядоўня.

І раптам беларусы выходзяць за свабоду, за свой голас. Чым больш Лукашэнка раскручваў гэты клубок рэпрэсій, тым больш у беларусаў з'яўлялася прага свабоды, жаданне рабіць свой выбар. Гэта было дзіўна. Тым больш што асноўная частка пратэстоўцаў – моладзь, якая была зусім непалітычная. Яны нарадзіліся і выраслі пры Лукашэнку, у краіне, дзе не было ніякага палітычнага жыцця, з якім маглі б з'явіцца нейкія грамадзянскія навыкі. Раптам яны выходзяць за сваю свабоду і за свае галасы. Гэтая трансфармацыя, якая адбылася – вельмі крутая. Больш за ўсё мяне здзівіла, што абудзілася самасвядомасць.

– Як вы ацэньваеце пратэставы патэнцыял беларусаў. Наколькі сёння нянавісць да Лукашэнкі высокая ў Беларусі?

– Лукашэнку цяпер ненавідзяць усе. Нават тыя ж «ябацькі», якія на словах яго абараняюць, але падсвядома ненавідзяць не менш, чым мы.

Людзям уласціва імкненне да добрага, спакойнага, светлага жыцця, якое паляпшаецца. Калі раней у Беларусі былі хоць нейкія скокі (было то горш, то лепш), то ў 2015, калі Лукашэнка прыйшоў на «выбары», ён нічога не паабяцаў, адзінае, што сказаў: «Вы хочаце як ва Украіне?»

Калі чалавек прыходзіць з такой рыторыкай і з падобным градусам нянавісці, то натуральна, што гэта абернецца супраць яго. Таму нянавісць да Лукашэнкі цяпер вельмі моцна аб'ядноўвае Беларусь.

Наколькі моцны пратэставы патэнцыял? Я тры месяцы таму з'ехала з краіны, але ў Беларусі адчуваецца навальнічная атмасфера, проста ў паветры адчуваеш, што вось, зараз усё выбухне.

Быццам бы цішыня, як калі заціхае лісце перад самай моцнай навальніцай, а потым раптам налятае гэты шквал. Вось у Беларусі цяпер менавіта такое адчуванне.

Так, гэтымі зачысткамі ўсё загнана ўглыб, але людзі за гэты год навучыліся партызаніць, як пры акупацыі падчас вайны. Так, усе чакаюць вось гэтую іскру.

Яшчэ трэба памятаць, што падчас жнівеньскіх падзей было шмат лідараў, якія змаглі стаць у строй наўзамен тых, хто апынуўся ў турме.

Аднак ёсць тыя лідары, якія былі малавядомыя, мы іх называлі другое і трэцяе кола, актывісты, якіх мы не свяцілі. Гэта людзі, якія ціха рабілі сваю працу – расклейвалі ўлёткі, агітавалі ў сваіх дварах і на працы. Гэтыя людзі цяпер там і засталіся, яны прадаўжаюць сваю працу. Таму патэнцыял нікуды не дзеўся, яго проста загналі ўглыб. Часта прамаўляюць фразу – пажар на тарфяным балоце, які тлее вельмі доўга, але потым загараецца.

Я бачыла і ведаю, што пратэставы патэнцыял нікуды не дзеўся, а Лукашэнку ненавідзіць уся Беларусь. Ён робіць усё, каб яго ненавідзелі яшчэ больш.

– Вы з'яўляецеся чальцом прэзідыума партыі «Народная Грамада». Ваш лідар Мікола Статкевіч ужо стаў легендай супраціву. Што ён паведамляе ў лістах сваім паплечнікам? Як у яго атрымліваецца захаваць баявы дух?

– Рэч у тым, што, на жаль, лісты ад Міколы Віктаравіча атрымлівае толькі ягоная жонка Марына Адамовіч.

Усе весткі мы атрымліваем толькі з гэтых лістоў. На ўсе лісты, якія мы адпраўлялі яму, не прыйшло ніводнага адказу. Адзіны ліст прыйшоў Юрыю Путаву з канадскай дыяспары.

Мы не ведаем, ці дапускаюць нашы лісты да яго, але яго лісты мы не атрымліваем. У тых пасланнях, якія праходзяць, мы бачым, што год у турме яго не зламаў, ён поўны аптымізму, ён верыць у беларусаў, часта падтрымлівае нас.

Ён часта ў нейкіх алегарычных формах кажа рэчы, якія мы разумеем, ведаючы яго. Тыя ж санкцыі ці як змагацца далей. Мы, вядома, прымаем гэта ў разлік. Мая пастанова з'ехаць з Беларусі, дзе я 10 месяцаў жыла падпольна і прадаўжала працаваць, была таксама прадыктаваная тым, што ў адным са сваіх лістоў Мікола напісаў, што цяпер вельмі важна, каб на рэжым Лукашэнкі ціснулі звонку. Асноўная барацьба цяпер будзе весціся звонку Беларусі, таму што ўнутры ідуць зачысткі. Прачытаўшы гэта, я зразумела, што цяпер прыйшоў час ехаць і сапраўды трэба брацца за сур'ёзную інфармацыйную працу па-за Беларуссю. Ён падтрымлівае нас вельмі моцна, дае сілы для барацьбы, верым у яго, а я думаю, што ён верыць у нас.

– Вы нядаўна сказалі, што нам да перамогі «засталося зусім няшмат». На чым заснаванае ваша меркаванне?

– Напэўна, часткова я адказала, калі адказвала на пытанне, ці ёсць пратэставы патэнцыял. Другая частка адказу, я думаю, што гэта аб'ектыўныя абставіны, якія былі пры развале Савецкага Саюза.

На сённяшні момант рэжым Лукашэнкі, уся мадэль ягонага кіравання цалкам зжылі сябе. Я працавала на дзяржаўным прадпрыемстве і хачу сказаць, што ўжо апошні крызіс, які пачаўся ў 2008 годзе, так і не скончыўся ў Беларусі.

90% прадпрыемстваў дзяржаўнага сектару – банкруты. Нават нягледзячы на тое, што яны ўжо распрададзеныя, большасць расейцам. Прадпрыемствы – банкруты, калгасы – банкруты. Уліваць туды грошы... Калі вы памятаеце, калі ў Расеі абваліўся рубель, калі ўпала нафта, большасць дзяржаўных прадпрыемстваў тады перайшла на працоўны тыдзень 2-3 дні, потым ужо на чатырохдзёнку, калі ўжо сітуацыя пачала трохі стабілізавацца. Тады і быў выпушчаны ўказ пра «дармаедаў». Людзі засталіся без працы, заробку, асабліва ў рэгіёнах, былі вельмі нізкімі, вельмі страшны час. Людзі прыходзілі на біржу працы ў 4-5 раніцы, займалі чаргу, каб хоць нейкую працу знайсці.

Калі браць Савецкі Саюз, то яго вельмі моцна падкасіў Афганістан, потым санкцыі і падзенне коштаў на нафту. Гісторыя паўтараецца. Мы бачым, што цяпер у Лукашэнкі няма грошай. Усё рассыпаецца на вачах. Тут нам трэба толькі папрацаваць і звонку, і ўнутры, што мы і робім.

Таму я думаю, што ўсё адбудзецца даволі хутка. Санкцый мы ўжо дамагліся, але мы будзем гэтыя санкцыі далей прапрацоўваць, што мы робім цяпер з дыяспарамі.

Беларусы могуць сысці ў адпачынак, зладзіць страйк на заводах і фабрыках, проста з'ехаць з гарадоў ці зачыніцца ў сваіх дамах. Мы кажам пра тое, што бізнэс можа сысці ў адпачынак, а літаральна на днях Лукашэнка сам загаварыў пра малы бізнэс. Зноў стрэліў сабе ў нагу. Ён сам стварае ўмовы, каб бізнэс закрываўся, таму мы бачым, як рэжым пачаў сам сябе знішчаць.

Мяркую, што яму не так доўга засталося з аб'ектыўных прычынаў – эканамічных і палітычных.

Як казаў Сяргей Спарыш, калі мы выходзілі ў 2019 годзе на парламенцкую кампанію: «не разгойдвайце лодку, нашага пацука ванітуе». Мы робім усё, каб гэтага пацука ванітавала даўжэй.

– Многія эксперты адзначаюць, што страйк – гэта спосаб развязання беларускага крызісу і вяртання ўлады народу. Ці згодныя вы з гэтым меркаваннем?

– Да страйку я заклікала яшчэ да жніўня. Калі быў адключаны інтэрнэт, мы даведаліся з БТ пра першы страйк на Беларускім металургічным заводзе. Я сама са Жлобіна, я шмат рабіла матэрыялаў пра БМЗ. Гэта было дзіўна.

Раніцай 17 жніўня, калі Лукашэнка прыехаў на Менскі завод трактарных цягачоў і людзі яму закрычалі: «Сыходзь!», ён, напэўна, першы раз за ўсё сваё кіраванне стаяў з сапраўднымі працоўнымі. Мы бачылі, што для яго гэта быў самы вялікі страх. Тады, на жаль, быў пераломны момант, калі працоўных здалі праўладныя прафзвязы, а ў страйкоўцаў не было досведу палітычнай барацьбы за свае правы. Іх падманулі і пасля гэтага пачаліся зачысткі і рэпрэсіі.

Менавіта страйку баяўся Лукашэнка. У прынцыпе, як толькі пачаліся страйкі 12 жніўня, калі ўключылі інтэрнэт і беларусы выйшлі на страйк, то пачалі выпускаць палітвязняў.

Як толькі працоўныя адмовяцца выходзіць на працу, то гэта будзе вельмі моцна. Гэта будзе магутны сігнал і для сілавікоў. Армія, не гледзячы на тое, як нізка яны сябе павялі і паказалі, што афіцэрскі гонар для іх нічога не значыць, але калі яны ўбачаць сігнал ад працоўных, гэта будзе сігнал і для войска, што яно павінна перайсці на бок народа, таму што менавіта народ корміць і ўтрымлівае салдатаў і афіцэраў. Не пуцінскія алігархі, не лукашысцкія, а менавіта працоўныя. Як толькі абвяшчаецца палітычны страйк – рэжым цалкам страчвае сваю легітымнасць. Ён цалкам становіцца нелегітымным. Усё, народ сказаў сваё слова, працоўныя сказалі сваё слова. Вось гэта вельмі важна.

– ЕЗ упершыню ўвёў сектаральныя эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Як вы ацэньваеце ўзровень міжнароднага ціску на дыктатара. Што яшчэ можна зрабіць у гэтым кірунку?

– На жаль, па-першае, усе кантракты будуць дзейнічаць да iх заканчэння, а значыць – да канца года. Таксама мы ведаем, што датычна той самай калійкі самыя асноўныя пазіцыі не ўвайшлі ў санкцыі. Мы ведаем, што ў санкцыі не ўвайшоў лес, які актыўна набывае Літва. Таму над санкцыямі нам яшчэ давядзецца працаваць. Цяпер, магчыма, пяты пакет будзе лепшы, але дзякуй Богу, падключыліся незалежныя прафзвязы і зразумелі, з чым яны маюць справу. І пачалі ціснуць на тыя ж кампаніі. Над санкцыямі трэба працаваць далей.

– Якія чыннікі могуць стаць вызначальнымі для падзення рэжыму Лукашэнкі?

– Калі беларусы зразумеюць, што ніхто не дапаможа, акрамя саміх сябе. Гэта самы вызначальны чыннік. Што барацьба ў інтэрнэце Лукашэнку не страшная. Ён баіцца страйкаў і пратэстаў на вуліцах. Калі мы зноў зможам сказаць гучна яму «Сыходзь», як было 17 жніўня на вуліцы, тады гэта наблізіць нас да перамогі вельмі-вельмі моцна.

Калі сказаць дакладна, гэта наступіць, калі кожны чалавек зразумее сваю адказнасць за гэтую перамогу.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».