26 красавiка 2024, Пятніца, 9:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітай не будзе выдаткоўваць сродкі на беларускі рэжым

7
Кітай не будзе выдаткоўваць сродкі на беларускі рэжым

Стасункі Пекіна і Менска пастаўленыя на паўзу.

Аляксандр Лукашэнка, а следам за ім дзяржаўныя чыноўнікі і прапагандысты часта паўтараюць тое, што ў складаны перыяд Беларусь заўсёды можа спадзявацца на Кітай, які гатовы падставіць плячо. Але ці так гэта на самай справе? Журналісты nn.by пагутарылі пра беларуска-кітайскія стасункі з палітычным аглядальнікам Арсеніям Сівіцкім. Эксперт высунуў некалькі даволі нечаканых гіпотэзаў: Кітай не будзе ўкладвацца ў краіну, у якой дрэнныя стасункі з Еўразвязам.

– Як бы вы ахарактарызавалі сённяшні стан беларуска-кітайскіх стасункаў? Таваразварот нібыта расце, але перш за ўсё за кошт імпарту з боку Кітая. Гэта сведчыць, што Кітай дапамагае Лукашэнку ў цяжкай сітуацыі?

– Трэба пачаць з таго, што рост таваразвароту паміж Кітаем і Беларуссю не з'яўляецца характарыстыкай, з якой можна меркаваць пра глыбіню стасункаў Пекіна і Менска. Галоўная праблема нашых стасункаў заключаецца ў тым, што як бы гэты таваразварот ні рос, захоўваецца адмоўнае сальда для Беларусі. Гэта пры тым, што ў апошнія гады было дасягнута некалькі дамоўленасцяў, якія адкрылі кітайскія рынкі для беларускай прадукцыі, перш за ўсё сельскагаспадарчай.

Беларусь у гэтай тэндэнцыі не выключэнне, усе краіны, якія гандлююць з Кітаем, маюць адмоўнае сальда, нават ЗША. Нярэдка гэта прыводзіць да гандлёвых і палітычных канфліктаў паміж Пекінам і Вашынгтонам. Я б не казаў, што гэта праблема толькі беларуска-кітайскіх эканамічных стасункаў – гэта хутчэй звычайнае становішча для любой краіны, якая мае стасункі з найбуйнейшай эканомікай свету.

Больш цікавым з'яўляецца палітычны і геапалітычны аспект у стасунках з Кітаем. Рэч у тым, што з часоў незалежнасці, за апошнія амаль 30 гадоў, кітайска-беларускія стасункі дасягнулі найвышэйшай формы – гэта «ўсебаковае, уседаверлівае стратэгічнае партнёрства і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва». Да гэтага Кітай такі ўзровень стасункаў меў толькі з Вялікай Брытаніяй, Пакістанам і Расеяй. У 2016 годзе Беларусь апынулася ў такім клубе.

Цікава, што такая інтэнсіфікацыя двухбаковых стасункаў як эканамічных, так і палітычных, прыпадае на перыяд пасля 2014 года, якраз з пачаткам расейска-ўкраінскага ваеннага канфлікту. Рэч у тым, што Кітай спачатку планаваў уключыць Украіну ў склад ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях», як свой усходнееўрапейскі лагістычны і прамысловы хаб. Галоўная мэта для кітайцаў – дасягнуць еўрапейскага рынку праз Украіну. Пекін добра ведаў, што Кіеў вёў перамовы пра асацыяцыю з Еўрапейскім Звязам з зонай свабоднага гандлю. Але анэксія Крыма з боку Расеі і дэстабілізацыя на Данбасе прымусілі кітайцаў адмовіцца ад гэтых планаў і пераключыць сваю стратэгічную ўвагу на Беларусь.

– Гэта і час паляпшэння стасункаў з Еўразвязам.

– Усё правільна. Якраз у 2015 годзе з дзяржаўным візітам Беларусь наведвае кіраўнік КНР Сі Цзіньпін, які і кажа, што наша краіна становіцца галоўным усходнееўрапейскім хабам ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». Беларускія ўлады ў сваю чаргу абавязваліся стварыць усе неабходныя ўмовы, каб кітайскія кампаніі і карпарацыі атрымалі свабодны доступ на еўрапейскі рынак. З гэтага моманту набірае актыўнасць аднаўленне працы беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». А я нагадаю, што яго заклалі Лукашэнка і Сі Цзіньпін яшчэ ў 2010 годзе, калі апошні быў намеснікам кіраўніка КНР. Але доўгі час там не рэгістраваліся ніякія рэзідэнты, адсутнічалі кітайскія кампаніі. Толькі ў 2015 годзе, пасля таго як заходнія краіны пачалі скасоўваць і прыпыняць санкцыі супраць Беларусі, гэта падштурхнула інвеставаць кітайскія кампаніі ў «Вялікі камень».

Гэты працэс дынамічна развіваўся да палітычнага крызісу 2020 года, які сур'ёзна абвастрыў унутры- і знешнепалітычную сітуацыю вакол Беларусі, а таксама прывёў да аднаўлення санкцыйнай палітыкі з боку заходніх краінаў. Для Кітая паўтараецца сітуацыя 2011–2015 гадоў, калі ўжо існавалі санкцыі і яны стваралі дадатковыя рызыкі для кітайскіх кампаній. Яны і тады стрымліваліся ад рэгістрацыі ў Беларусі і дзейнасці эканамічнай, цяпер мы назіраем такі ж працэс.

– Яго можна бачыць ужо цяпер?

– Так, ён назіраецца.

На ўзроўні рыторыкі Кітай падтрымлівае беларускія ўлады, але трэба глядзець углыб. Кітай цяпер пераасэнсоўвае сваю стратэгію да Беларусі і рэгіёну, ён вяртаецца да ідэі працаваць праз Украіну. Цяпер Беларусь і Украіна як бы памяняліся ролямі. Беларусь больш на сёння асацыюецца з эканамічнымі і палітычнымі рызыкамі, чым Украіна, якая здолела запусціць дамову аб асацыяцыі з Еўразвязам. Такім чынам Кітай можа атрымаць праз Кіеў доступ на еўрапейскія рынкі. Ваенна-палітычная сітуацыя ва Украіне таксама стабілізавалася. Рызыкі вялікай вайны паміж Расеяй і Украінай істотна знізіліся.

– Правільна казаць, што Беларусь цікавая Кітаю перш за ўсё як выхад у Еўропу?

– Так, сапраўды. Больш за тое, кітайскія эксперты, якія наведвалі Беларусь цягам апошніх гадоў, раілі Менску для паляпшэння ўнутранага бізнэсу і клімату, а таксама дыверсіфікацыі эканомікі, дзве рэчы: увайсці ў Сусветную гандлёвую арганізацыю і падпісаць эканамічнае пагадненне з Еўразвязам. Можа, пад уплывам гэтых рэкамендацый гэтыя мэты былі ўключаныя ў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця 2016–2020 гадоў.

– Дастаткова нечаканая думка, што Кітай быў зацікаўлены ў больш глыбокай прысутнасці нашай краіны ў Еўропе.

– У сутнасці Кітай падштурхоўваў Беларусь да глыбейшых гандлёва-эканамічных сувязяў з Еўропай. Бо рынак ЕЗ Кітаем разглядаецца як адзін з найбольш перспектыўных. Калі глядзець на стратэгію Кітая, то яны прыходзілі з інвестыцыямі ў тыя краіны Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, якія маюць глыбокія інстытуцыйныя стасункі з ЕЗ. Ці ёсць пагадненне аб паглыбленым супрацоўніцтве і партнёрстве, або рэжым доступу да сістэмы прэферэнцый, як было ў Арменіі, або сяброўства ў ЕЗ у перспектыве.

– У сувязі з цяперашнім крызісам ці можна сказаць, што развіццё беларуска-кітайскіх стасункаў пастаўленае на паўзу?

– Можна. Тут мы паўтараем той цыкл, які праходзілі ўжо ў 2011–2015 гадах, калі Беларусь была ў знешнепалітычнай ізаляцыі з боку краінаў Еўропы. Рэч у тым, што стратэгічная культура Кітая дазваляе даволі доўга трымаць паўзу, і ў залежнасці ад дынамікі вельмі гнутка адаптаваць стратэгію.

Трэба разумець, што Кітай у першую чаргу прасоўвае свае нацыянальныя інтарэсы. Галоўная мэта «Адзін пояс, адзін шлях» – гэта доступ кітайскіх тавараў на еўрапейскі рынак. Тыя краіны, якія не маюць глыбокіх сувязяў з еўрапейскім рынкам, рызыкуюць выпасці з увагі Кітая. У сутнасці гэта, на жаль, цяпер адбываецца ў Беларусі праз драматычныя наступствы крызісу 2020 года. Усё залежыць цяпер ад беларускага боку, калі яны здолеюць усё ж выканаць тыя абавязальніцтвы, якія яны далі ў 2015 годзе, то гэта можа змяніць стаўленне Пекіна да Беларусі, і вярнуць нас у парадак дня КНР.

Цяпер мы знаходзімся ў такой сітуацыі, калі вымушаныя канкураваць за кітайскія інвестыцыі з іншымі краінамі рэгіёну. Вось той беспрэцэдэнтна высокі ўзровень стасункаў з Кітаем, якога Беларусь дасягнула за невялікі адрэзак часу, нічога не гарантуе. Ён дае толькі магчымасці, якімі можна скарыстацца, каб развязаць задачы рэфармавання беларускай эканомікі.

Цікава, што парады кітайскіх экспертаў, яны звычайна на 80–90% супадаюць з тымі, якія даюцца Беларусі з боку міжнародных фінансавых інстытутаў. Мяч знаходзіцца на баку беларускіх уладаў, цяпер усё залежыць ад таго, як Лукашэнка развяжа палітычны крызіс. Калі гэта будзе адпавядаць чаканням і заходніх краінаў, і Кітая, то гэта можа даць больш інтэнсіўныя стасункі з Пекінам.

– Падтрымка беларускіх уладаў з боку Пекіна здаецца пакуль хутчэй сімвалічнай, чым рэальнай. Гэта так?

– Сапраўды, Кітай першым чынам падтрымлівае беларускія ўлады на ўзроўні рыторыкі. Калі казаць пра фінансавую падтрымку, то гэта выглядае невыразна. Гэта таксама паказвае нам, што Кітай не будзе марнаваць сродкі. У сітуацыі з Украінай у 2013 годзе, калі Віктар Януковіч падчас візіту ў Пекін прасіў крэдыт памерам 15 мільярдаў даляраў, Кітай паставіў умову: абавязковае падпісанне дамовы аб асацыяцыі і стварэнні зоны свабоднага гандлю з Еўразвязам. У такіх умовах Кітай быў гатовы даць крэдыт. Цікава, што гэты візіт адбываўся ўжо пасля Вільнюскага саміту Усходняга партнёрства, дзе Януковіч адмовіўся падпісваць гэтыя дакументы.

Пекін калі і дапаможа, то паставіць пэўныя ўмовы для ўладаў, калі яны павінны будуць стабілізаваць сітуацыю ўнутры краіны і перазапусціць стасункі з Еўразвязам. Тады сапраўды для Кітая ёсць сэнс укладвацца ў Беларусь, каб не страціць свае інвестыцыі. Ёсць прыклады, калі Кітай шмат інвеставаў, як у Венесуэлу, але пасля таго, як краіна трапіла пад санкцыі, Кітай не ведаў, што рабіць. Бо і вывесці ўсё не можа, але і развіваць магчымасцяў няма праз рызыку другасных санкцый з боку ЗША. Цяпер такія рызыкі існуюць і ў Беларусі для кітайскіх кампаній. Кітай не будзе рызыкаваць сваімі інтарэсамі, каб проста падтрымаць беларускі бок праз агульнасць ідэалогіі або персанальную хіміі паміж кіраўнікамі краінаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках