27 красавiка 2024, Субота, 8:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Крым стаў калоніяй кааператыва «Возера»

5
Як Крым стаў калоніяй кааператыва «Возера»

Пуцін спецыяльна хоча падкрэсліць, што анэксаваная ўкраінская тэрыторыя - прадмет асаблівай цікавасці яго «кааператыва».

Расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін узнагародзіў свайго сябра, аднаго з заснавальнікаў знакамітага цяпер кааператыва «Возера» і паспяховага алігарха Юрыя Кавальчука ордэнам «За заслугі перад Айчынай» IV ступені. Але ў гэтым выпадку цікавы не сам факт ўзнагароджання Кавальчука - урэшце, бізнэсовец зусім не першы і не апошні прадстаўнік найбліжэйшага атачэння Пуціна, якога ўзнагароджваюць ордэнам цi медалём - піша Віталь Портнікаў для Крым.Реалии.

У гэтым узнагароджанні цікавая сама яго фармулёўка - «за вялікі ўклад у рэалізацыю сацыяльна значных праектаў у Рэспубліцы Крым». Гэта значыць Пуцін спецыяльна хоча падкрэсліць, што анэксаваная ўкраінская тэрыторыя - прадмет асаблівай цікавасці яго «кааператыва».

І напраўду. Кавальчук прыбраў да рук - зразумела, са згоды улады - вінзаводы «Массандра» і «Новы свет». Іншы пуцінскі прыяцель - Аркадзь Ратэнберг - узбагачаўся на будаўніцтве Керчанскага моста, а цяпер ўзбагачаецца на яго абслугоўванні. І не варта дзівіцца такой цікавасці прадстаўнікоў праславутага кааператыва - а прасцей кажучы, найбліжэйшага пуцінскага атачэння - да Крыма.

Пасля акупацыі паўвострава «пуцінскія сябрукі» выявілі, што на захопленай тэрыторыі ў іх у даслоўным сэнсе няма канкурэнтаў. Калі Пуцін у 2000 годзе прыйшоў да ўлады ў Расеі, велізарныя кавалкі эканамічнага «пірага» па ўсёй краіне былі ўжо разабраны. Зацвердзілася цэлая плеяда алігархаў, якія выканалі вырашальную ролю не толькі ў захаванні ўлады Барыса Ельцына, але і ў вылучэнні самога Пуціна на пасаду прэзідэнта Расеі. І перад многімі з гэтых людзей у расейскага прэзідэнта сфармаваліся ўласныя абавязанні.

У кожным рэгіёне ўжо былі свае кланы, што вельмі раўніва рэагуюць на замаху на сваю ўласнасць. Так проста гэтыя кланы ігнараваць было таксама нельга, новаму жыхару Крамля і яго сябрам прыйшлося фармаваць з імі няпростыя дачыненні. Так што «пуцінскім сябрукам» давялося здавольвацца хіба што чужой уласнасцю, калі атрымлівалася яе адабраць - як выйшла, напрыклад, з ЮКАСа.

А ў Крыме нічога падобнага не назіралася. Ну што маглі супрацьпаставіць Крамлю так званая «крымская эліта», калі Масква з першага дня анэксіі паўвострава абапіралася на сілу? Ды і «старых» алігархаў у Крым можна было не пускаць, тым больш што і самі яны не вельмі хацелі, каб не патрапіць пад заходнія санкцыі. Так Крым і стаў калоніяй кааператыва «Возера». І цяпер яго галоўны акцыянер яшчэ і ўзнагароджвае сяброў ордэнамі «за Крым», каб нагадаць усім астатнім, чыя гэта напраўду тэрыторыя.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках