11 траўня 2024, Субота, 13:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Я добры чалавек»: у Гомелі зноў судзяць падлетка з эпілепсіяй

11
«Я добры чалавек»: у Гомелі зноў судзяць падлетка з эпілепсіяй
ФОТА: «СИЛЬНЫЕ НОВОСТИ»

У лютым яго асудзілі на пяць гадоў.

7 ліпеня ў Гомелі пачаўся другі суд супраць палітвязня падлетка Мікіты Золатарава, паведамляюць «Сильные новости». У лютым яго асудзілі на 5 гадоў выхаваўчай калоніі нібыта за выраб «кактэйлю Молатава», а гэтым разам супраць Мікіты (у яго эпілепсія, - рэд.) распачалі крымінальную справу за напад на супрацоўніка СІЗА, пагрозы ў адрас супрацоўніцы ізалятара і яе сямейнікаў.

Мікіта прызнаў віну, але дадаў: «Гэта быў не гвалт, а супраціў. Абразлівыя словы я прамовіў на эмоцыях».

Са слоў Мікіты, «падножку» супрацоўніку СІЗА паставіў выпадкова: пасля паломкі ў камеры сантэхнікі, ён правёў ноч у кабінеце псіхолага. Раніцай вяртацца ў бруднае памяшканне не хацеў.

«У адказ пачуў: «Калі ты не пойдзеш сваім ходам, то мы цябе занясём». Потым мне пачалі заломліваць руку, мне стала вельмі балюча. Я спрабаваў вызваліцца, і ў мітусні так атрымалася, што зрабіў падножку аднаму з супрацоўнікаў», - распавёў Мікіта. З ягоных слоў, ніякіх удараў супрацоўніку ён не наносіў, за адзенне і часткі цела не хапаў, а зачапіў толькі маску.

«Я добры чалавек. Я мухі не пакрыўджу, калі да мяне нармальнае стаўленне», - сказаў падлетак.

Пацярпелы заявіў пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды сумаю тысячу рублёў.

- Вы такі буйны, фізічна моцны чалавек. Як вы не змаглі скруціць такога маленькага? - спытаў адвакат Мікіты Золатарава ў пацярпелага.

- Гэта пытанне не да мяне, а да Мікіты, - адказаў той.

Яшчэ тысячу рублёў маральнай шкоды ад Золатарава запатрабавала пацярпелая супрацоўніца.

Пачуўшы суму «маральнай шкоды» мама Мікіты сказала суду:

- Мне толькі застаецца прадаць сябе на органы. Я не працую, у мяне няма нерухомасці, якую можна прадаць. Я не ведаю, як я змагу выплаціць гэтыя пазовы.

У судзе Мікіта прызнаўся, што ў СІЗА да яго дрэнна ставяцца:

«Я даўно, амаль два месяцы, сядзеў адзін і ўжо не вытрымліваў: мяне проста «падрывае» ў такой сітуацыі. Я неаднаразова прасіў падсадзіць каго-небудзь да мяне ў камеру. Я баюся заставацца там адзін. У мяне эпілепсія. Таблеткі я атрымліваю нерэгулярна: часам толькі пасля таго, як спецыяльна звяртаюся ў гэтым пытанні да медыка. Калі ў мяне ў адзіночцы пачнецца прыступ, хто мне дапаможа?»

Таксама паведаміў, што яго па-ранейшаму часта б'юць: «адводзіць ад камер і наносяць удары дубінкай». А яшчэ ў камеру падсаджваюць людзей, якія яго правакуюць.

Мікіту пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках