10 траўня 2026, Нядзеля, 22:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шах Масуд-малодшы рыхтуецца даць бой талібам

5
Шах Масуд-малодшы рыхтуецца даць бой талібам

Да барацьбы супраць «Талібана» могуць далучыцца новыя сілы.

Вельмі цікавыя навіны прыходзяць з Афганістана. Як вы ведаеце - амаль усю краіну ўжо захапілі сябры забароненага ў Расеі (але прымаюцца ў якасці гасцей) тэрарыстычнага руху «Талібан», але непакорным застаўся адзін вельмі важны рэгіён - Панджшэрская цясніна, піша вядомы беларускі блогер Максім Міровіч.

Гэта свабодалюбівы рэгіён Афганістана, у якім у васьмідзясятыя гады супраць «шураві» ваявала велізарнае войска пад камандаваннем Ахмад Шах Масуда - камандзіра маджахедаў, які хацеў для Афганістана празаходняга вектара развіцця.

Ахмад Шах Масуд быў подла забіты талібамі ў 2001 годзе - яны падаслалі да яго тэрарыстаў-смяротнікаў пад выглядам журналістаў. Да сённяшняга дня Шах Масуд шануецца як нацыянальны герой Афганістана і змагар як з савецкімі захопнікамі, так і з талібамі - у Панджшэрскай цясніне знаходзіцца яго маўзалей і можна ўбачыць мноства білбордаў з яго партрэтамі.

Пасля нядаўняга захопу Афганістана талібамі з Панджшэра не было практычна ніякіх навін - як высветлілася, гэта быў тактычны ход, і цяпер сын Шах Масуда, Ахмад Шах Масуд малодшы ў Панджшэрскай цясніне збірае сілы супраць талібаў і рыхтуецца даць ім бой.

На магіле Панджшэрскага Льва

Некалькі дзён пасля захопу талібамі Афганістана Панджшэрская цясніна маўчала - але 16 жніўня Ахмад Шах Масуд звярнуўся да суайчыннікаў з Афганістана, распавёўшы пра тое, што маджахеды ў Панджшэры падымаюцца супраць талібаў: «Мы засталіся адны. Мы ніколі не здадзімся... Нашы байцы, старыя і маладыя маджахеды, тут, у Панджшэры, падымаюць зброю. Далучайцеся да нас па духу або праз прамую падтрымку».

Масуд малодшы ўспомніў і пра свайго бацьку (на якога ён дарэчы падобны як дзве кроплі вады): «Мой бацька, нацыянальны герой Ахмад Шах Масуд, пакінуў мне спадчыну, і гэта спадчына - барацьба за свабоду афганцаў. Гэты бой цяпер мой». Ахмад Шах Масуд малодшы таксама нагадаў краінам Захаду пра тое, як яны дапамагалі Афганістану ў барацьбе супраць СССР і талібаў, і заклікаў аказаць Афганістану і змагарам за свабоду новую дапамогу.

У фэйсбуку з'явіліся фальшывыя навіны пра тое, быццам бы Шах Масуд малодшы пакінуў краіну ці нават нібыта здаўся талібам - у аспрэчанне гэтага Шах Масуд малодшы апублікаваў відэа з Панджшэрскай цясніны, у якім бачна, што ён знаходзіцца ў Панджшэры, ля маўзалею свайго бацькі, якога часта называюць «Панджшэрскім ільвом».

Хто яшчэ можа супрацьстаяць талібам?

Нягледзячы на тое, што большая частка Афганістана захоплена талібамі - акрамя Ахмад Шах Масуда малодшага ў краіне ёсць яшчэ сілы, якія могуць аказаць сур'ёзны супраціў «Талібану». Па-першае, гэта віцэ-прэзідэнт Афганістана Амрула Салех, які паводле закону Афганістана зараз павінен з’яўляцца выканаўцам абавязку прэзідэнта - пасля ўцёкаў з Кабула прэзідэнта.

Па-другое - гэта маршал Дустума, які ў васьмідзясятыя гады быў хаўруснікам Ахмад Шах Масуда ў барацьбе з СССР і пазней змагаўся з талібамі. Зараз маршал выехаў ва ўзбекскі горад Тэрмез - але здавацца відавочна не збіраецца і можа ўзяць удзел у анты-талібскай кааліцыі, якую хутчэй за ўсё створаць Шах Масуд малодшы і Амрула Салех.

Што будзе далей?

Што будзе далей у Афганістане - пакуль не ведае ніхто. Хутчэй за ўсё, талібы ўсё ж атрымаюць нейкі супраціў як мінімум у Панджшэры - Шах Масуд малодшы заяўляе, што гэта яго вайна і шанец адпомсціць талібам за смерць бацькі. Думаю што па сканчэнні месяцаў пад уладай талібаў ўзровень жыцця ў Афганістане моцна ўпадзе - і да барацьбы супраць талібаў могуць далучыцца новыя людзі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках