Беларускі лёгкаатлет рэзка выказаўся пра забарону спартоўцам выязджаць за мяжу
8- 21.08.2021, 19:42
- 32,904
Андрэй Краўчанка мяркуе, што сістэма дэградуе.
Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская, якая адмовілася вяртацца на радзіму пасля ціску на Алімпіядзе, заявіла, што беларускія ўлады забаранілі спартоўцам выязджаць на спаборніцтвы і нават на адпачынак за мяжу. Паводле яе слоў, афіцыйна такой забароны няма, але яе калегі скардзяцца, што атрымліваюць такія ўказанні.
Беларускі лёгкаатлет Андрэй Краўчанка, які таксама адмовіўся вяртацца ў Беларусь і застаўся ў Нямеччыне разам з жонкай, расказаў «Настоящему времени», што вядома пра новую забарону і як яна адаб'ецца на кар'еры беларускіх спартоўцаў.
- Як вы даведаліся аб забароне для беларускіх спартоўцаў выязджаць на спаборніцтвы за мяжу?
- Мне напісаў ананімны чалавек у інстаграме, паказаў перапіску, сказаў, што пра гэта неўзабаве ўсе даведаюцца. Я спачатку падумаў, што гэта нейкі ўкід, няправільная інфармацыя, і пачакаў трохі. І на наступны дзень мне адзін з маіх калегаў пацвердзіў інфармацыю, што ён хацеў выехаць на камерцыйны старт і яму сказалі: «Калі паедзеш, то толькі праз заяву на звальненне». Я зразумеў, што гэта не чуткі, што гэта праўда.
У мяне такое меркаванне, што, магчыма, гэта будзе нейкі часовы такі захад, бо 12 верасня будзе паўмарафон, дзе прысутнічацьме Лукашэнка. Наколькі я памятаю, гэта, напэўна, упершыню. І яны хочуць зрабіць проста прыгожую карцінку - сабраць усіх спартоўцаў, якія на кантракце, бо ім усё адно давядзецца ісці альбо звальняцца. Хочуць сабраць, напэўна, войска, МУС - усіх пазбіраць і зрабіць прыгожую карцінку. Магчыма, для гэтага хочуць, каб ніхто не выязджаў з краіны, каб усе былі на месцы.
- То бок, цяпер намечаныя нейкія камерцыйныя спаборніцтвы за мяжой - і для таго, каб вакол Лукашэнкі сабралася як мага больш спартоўцаў, гэтых спартоўцаў за мяжу не выпускаюць?
- Гэта адна з версій. Яшчэ адна версія, што не жадаюць, каб спартоўцы перанялі прыклад Крысціны Ціманоўскай і шукалі магчымасць трэніравацца і выступаць за іншыя нацыянальныя каманды.
- Гэта значыць, фактычна, улады Беларусі могуць баяцца, што беларускія спартоўцы будуць бегчы з краіны, калі выедуць за мяжу на спаборніцтвы, папросяць там палітычны прытулак?
- У кожным выпадку спартоўцы з'язджацьмуць, бо такое трываць - увесь час нешта круцяць, круцяць, муцяць. Вельмі цяжка будзе спартоўцам цяпер. Фінансаванне будзе ўразацца - будзе эканомія. Я не ведаю, што будзе далей.
- Многія спартыўныя аглядальнікі называюць выступленне беларускай нацыянальнай каманды на Алімпіядзе ў Токіё не самай удалай. Як вы думаеце, магчыма, палітычнае становішча ў краіне паўплывала на такі няўдалы алімпійскі вынік?
- Ды не, гэта ўжо сістэма ўся парушаная. Няма сістэмы падрыхтоўкі, усё будуецца на індывідуальных якасцях спартоўцаў, на таленце. Медалёў з кожнай Алімпіядай ўсё менш і менш. Таму пакуль не будзе нейкай нармальнай сістэмы развіцця спорту ў краіне, калі ў спорце будуць прысутнічаць людзі, якія менавіта спартоўцы, а не вайскоўцы, тады і будзе развіццё, тады можна будзе казаць пра добрыя выступы на спаборніцтвах і гэтак далей. А цяпер пакуль усё дэградуе.
- Вы ў жніўні выехалі з краіны. Магчыма, беларускай алімпійскай нацыянальнай камандзе не стае цяпер спартоўцаў праз тое, што яны бягуць з краіны?
- Не, гэта ўсё чыста ад сістэмы падрыхтоўкі. Трэнераў бракуе, усё сумна, напраўду. Палацаў набудавалі, а сістэмы няма. Таму як ёсць - так ёсць.
- Як склаўся лёс у беларускіх спартоўцаў, якія публічна выказалі нязгоду з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і павінны былі выехаць з краіны?
- Яны зазналі рэпрэсіі. Калі браць маю гісторыю - мяне звольнілі адусюль імгненна, нават не папярэдзілі пра гэта. Іншых спартоўцаў запалохвалі, да мяне прыязджалі з пагрозамі - шмат было ўсяго цікавага. І ў турме многія пасядзелі, і сядзяць шмат хто ў турме дагэтуль. Таму нічога добрага з гэтага не выйдзе.
- Вы выехалі з Беларусі. Вы цяпер разумееце ваш наступны лёс за мяжой?
- Мой далейшы лёс будзе залежаць толькі ад мяне. Я буду шукаць магчымасць тут трэніраваць людзей. Бо ў Беларусі я гэтага рабіць не магу, давядзецца трэніраваць дзяцей у Нямеччыне. Жонка, я думаю, прадоўжыць кар'еру тут у якім-небудзь нямецкім клубе.
- Гэта значыць, так ці інакш свой далейшы спартовы лёс спартоўцы, якія выязджаюць з Беларусі, за мяжой знаходзяць?
- Так.