23 верасня 2026, Серада, 4:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Верф, дзе за 40 мільёнаў еўра паркуецца «яхта Пуціна», апынулася на мяжы банкруцтва

Верф, дзе за 40 мільёнаў еўра паркуецца «яхта Пуціна», апынулася на мяжы банкруцтва

Кампанія тэрмінова шукае грошы для выжывання.

Італьянская The Italian Sea Group (TISG), якая чатыры гады абслугоўвае і мадэрнізуе замарожаную ў Італіі «яхту Пуціна» — «Шахразаду», апынулася на мяжы банкруцтва і тэрмінова шукае грошы для выжывання. У кампаніі таксама скончыўся кантракт на рамонт і стаянку 140-метровага судна, піша The Moscow Times.

Пасля замарозкі яхты ў 2022 годзе італьянскія ўлады ўзгаднілі з судаўладальнікам спецыяльную схему фінансавання. Прыблізна 10–12 млн еўра ў год працягваў пералічваць афшор Bielor Assets з Маршалавых астравоў. Яго ўласнік застаецца неназваным. За чатыры гады пасля замарозкі «Шахразады» на яе выдаткавалі 40 млн еўра, паведамляла La Stampa. Экіпаж працягвае атрымліваць зарплату, нягледзячы на тое, што яхта стаіць ля прычала. Да замарозкі на судне працавалі больш за 70 чалавек, цяпер — каля 25.

Ужо пяты год «Шахразаду» працягваюць мадэрнізаваць. На яхце абсталявалі новую пляжную зону з выхадам да вады. 28 жніўня пасля чатырох гадоў стаянкі ў Marina di Carrara «Шахразада» выйшла ў мора і падчас выпрабаванняў рухавікоў прайшла ў бок заліва Ла-Спецыя. Усе гэтыя работы праводзіліся ў межах кантракта з TISG ад 2021 года. Цяпер прадстаўнікі судаўладальніка просяць змяніць адміністратара яхты — заснавальніка верфі TISG Джавані Кастанціна.

У самой верфі найцяжэйшыя фінансавыя праблемы. Яна апынулася на мяжы банкруцтва. Уласны капітал групы сышоў у мінус на 388 млн еўра, а страта дасягнула 170,9 млн еўра. Крэдыторы запатрабавалі праз суд ліквідацыі кампаніі. У верасні кампанія заявіла, што хоча звольніць 270 супрацоўнікаў — больш за 60% персаналу вытворчай пляцоўкі.

«Шахразада» была пабудавана нямецкай Lürssen і спушчаная на ваду ў 2020 годзе. Яе даўжыня складае 140 метраў. На шасці палубах знаходзяцца дзве верталётныя пляцоўкі, аквадыскатэка, кінатэатр, спартзала, сауна, хамам, крыякамера і медыцынскі блок.

Міністэрства эканомікі Італіі падчас замарозкі яхты 6 мая 2022 года заявіла, што выявіла сувязі яе ўладальніка з высокапастаўленымі прадстаўнікамі ўрада РФ і асобамі пад санкцыямі. Уладальнікам «Шахразады» называў сябе былы кіраўнік «Раснафты» Эдуард Худайнатаў. З Пуціным яхту звязвалі некалькі расследаванняў. Каманда Аляксея Навальнага устанавіла, што сярод ключавых членаў экіпажа былі супрацоўнікі Федэральнай службы аховы, якія абслугоўваюць рэзідэнцыю Пуціна «Бочараў Ручай». Цэнтр «Дасье» паведамляў, што «Шахразада» абышлася ў 583 млн еўра, а грошы на будаўніцтва яхты збірала група бізнесменаў на чале з сябрам кіраўніка РФ Генадзем Цімчэнкам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках