26 красавiка 2024, Пятніца, 4:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як заходнія карпарацыі фінансуюць прапаганду Лукашэнкі

4
Як заходнія карпарацыі фінансуюць прапаганду Лукашэнкі

Праваабаронцы заклікаюць бізнэс спыніць падтрымку дыктатарскага рэжыму.

Два з трох рэкламных ролікаў, якія транслююцца на дзяржаўнай беларускай тэлевізіі, зробленыя ў інтарэсах буйных карпарацый з Еўропы і ЗША. Пра гэта сведчыць аналіз, праведзены нямецка-швайцарскай праваабарончай арганізацыяй Libereco - Partnership for Human Rights, якая ўжо больш за дзесяць гадоў займаецца абаронай правоў чалавека ў Беларусі, паведамляе «Нямецкая хваля».

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе праваабаронцаў, распаўсюджаным у сераду, 4 жніўня, экспэрты арганізацыі цягам тыдня з 12 да 18 ліпеня, назіралі і ацэньвалі рэкламныя блокі на трох дзяржаўных тэлеканалах: Беларусь 1, АНТ і СТВ у вячэрні прайм-тайм (з 19 да 22 гадзін). З 874 паказаных рэкламных ролікаў амаль дзве траціны (63 адсоткі) прыпалі на заходнія кампаніі. Беларускім рэкламадаўцам належыць амаль 25 адсоткаў рэкламы. Астатнія 12 адсоткаў падзялілі паміж сабой кампаніі з Індыі, Расеі і Турцыі. Рэкламныя ролікі дэманструюцца непасрэдна да, пасля і падчас палітычных праграм і выпускаў навін, якія маюць відавочны прапагандысцкі фармат, паказана ў паведамленні.

Сярод заходніх карпарацый лідаруюць амерыканскія канцэрны з агульнай доляй 32 адсоткі. Абсалютным лідарам тут з'яўляецца кампанія Procter&Gamble (ЗША, 100 ролікаў). Далей ідуць Nestlé (Швайцарыя, 79), Mars (ЗША, 44), Henkel (Нямеччына, 43), Colgate-Palmolive (ЗША, 37), Sandoz (Швайцарыя, 35), Coca-Cola (ЗША, 35), PepsiCo ( ЗША, 33), Dr. Theiss Naturwaren (Нямеччына, 32) і Mondelez International (29, ЗША). Таксама былі паказаныя 82 рэкламныя ролікі кампаній Carlsberg (Данія), L'Oréal і Sanofi (абедзве з Францыі), Dolorgiet (Нямеччына), GlaxoSmithKline (Вялікая Брытанія), Śnieżka (Польшча) і Gedeon Richter (Вугоршчына).

Спыніць фінансавую падтрымку рэжыму

«Вось ужо год рэжым Лукашэнкі тэрарызуе ўласнае насельніцтва, нават апошні PR-мэнэджэр павінен быў гэта ведаць. Тое, што сусветныя брэнды, такія як Procter & Gamble, Mars, Henkel, Coca-Cola ці PepsiCo, па-ранейшаму і ў значнай ступені рэкламуюцца прапагандысцкімі каналамі дыктатара, - гэта скандал. Кампаніі, відавочна, клапоцяцца толькі аб сваім прыбытку, катастрафічнае становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі іх зусім не хвалюе», - упэўнены старшыня нямецкага аддзялення Libereco Марка Фібер (Marco Fieber). Ён абвінаваціў заходнія карпарацыі ў «маральным банкруцтве».

Праваабаронцы нагадалі злачынную статыстыку непрызнанага кіраўніка Беларусі за апошнія 12 месяцаў: больш за 40 000 арыштаў, прынамсі 1800 задакументаваных паведамленняў аб катаваннях і больш за 600 палітычных зняволеных. Libereco заклікала ўсе кампаніі з ЕЗ, ЗША, Швайцарыі і Вялікай Брытаніі неадкладна адмовіцца ад паказу рэкламных ролікаў на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах і такім чынам спыніць фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках