26 красавiка 2024, Пятніца, 15:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расстат: Кожнае чацвёртае дзіця ў Расеі жыве ў галечы

20
Расстат: Кожнае чацвёртае дзіця ў Расеі жыве ў галечы
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Сярэдні ўзровень беднасці ў Расеі складае 12,3%.

Практычна кожнае чацвёртае дзіця ў Расеі жыве ў сем'ях, якія знаходзяцца за рысай беднасці. Такія звесткі падаў Расстат у штогадовым бюлетэні «Сацыяльна-эканамічныя індыкатары беднасці», які змяшчае дэталёвыя звесткі аб становішчы маламаёмных і публікуецца з затрымкай два гады, піша finanz.ru.

Апошняя статыстыка ахоплівае перыяд да канца 2019 года, калі сярэдні ўзровень беднасці ў Расеі складаў 12,3%.

У сем'ях з дзецьмі гэты паказчык вышэйшы практычна ўдвая і дасягае 23,6%. Прычым, за 2019 год ён вырас на 0,7 адсотка, а ў параўнанні з 2013-м - на 4,5 адсоткі.

Самы высокі ўзровень беднасці - у шматдзетных сем'ях. Практычна кожнае другое дзіця ў гэтай групе (48,3%) знаходзіцца за рысай пражытачнага мінімуму, які складае 11,2 тысячы расейскіх рублёў.

У сем'ях, дзе больш, чым трое дзяцей, 48% пражываюць за рысай галечы. У сем'ях з двума дзецьмі кожнае пятае дзіця - 21,5% - належыць да групы бедных. Пры гэтым сярод дзяцей да 3-х гадоў узровень беднасці дасягае 39,5%.

Яшчэ вышэйшы сярэдні ўзровень беднасці ў дзяцей, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Ён дасягае 44,5%, а ў невялікіх населеных пунктах (да тысячы чалавек) перавышае 50%.

У маладых сем'ях у галечы жыве кожнае трэцяе дзіця (32,5%). Амаль такі ж узровень беднасці сярод дзяцей у няпоўных сем'ях - 30%.

Утрыманне дзіцяці становіцца не па кішэні расейцам, якія пакутуюць ад хранічнага падзення рэальных наяўных даходаў, якое пачалося пасля анэксіі Крыма ў 2014 годзе і прадаўжаецца насуперак усім прагнозам уладаў.

Па меры таго, як людзі бяднеюць, у краіне імкліва скарачаецца нараджальнасць, узровень якой за 2020 год стаўся мінімальным за 18 гадоў.

У 2014 годзе ў РФ нарадзілася 1,942 млн дзяцей, у 2015-м - 1,94 млн, у 2016-м - 1,88 млн, у 2017-м - 1,69 млн, у 2018-м - 1,6 млн, у 2019-м - 1,48 млн, уа 2020-м - 1,436 млн.

Такім чынам, за 7 гадоў нараджальнасць знізілася на 26%. У выніку нават скарачэнне смяротнасці на 6% у 2014-19 гадах прывяло да натуральнага змяншэння насельніцтва на 617 тысяч чалавек за пяць гадоў.

Пандэмія са скачком смяротнасці на 19%, рэкордным з галодным 1947 годам, паскорыла натуральнае змяншэнне да 702 тысяч чалавек летась.

Расейскія ўлады, нагадаем, у 2018 годзе паставілі за мэту знізіць да нуля натуральнае змяншэнне насельніцтва да 2024 года.

Летась гэтыя планы былі ссунутыя на 2030 год разам з іншымі мэтамі нацыянальных праектаў, сярод якіх - двухразовае зніжэнне беднасці і тэхналагічны рывок.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках