Луканоміку адрэзалі ад даляраў
26- 9.08.2021, 21:19
- 56,506
ЗША, Брытанія і Канада адначасова ўвялі новыя санкцыі.
Рэжым Лукашэнкі атрымаў новы санкцыйны ўдар у гадавіну прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якія не былі прызнаныя краінамі Захаду і абярнуліся пратэстамі, што ледзь не перакулілі рэжым Лукашэнкі.
У панядзелак практычна сінхронна ЗША, Вялікабрытанія і Канада абвясцілі пра пашырэнне «чорных спісаў» персанальных санкцый і ўвядзенне жорсткіх эканамічных захадаў.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў указ, які дазваляе заблакаваць актывы і забараніць любыя ўгоды з любымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, звязанымі з урадам рэспублікі Беларусь або яго дзеяннямі ў падаўленні пратэстаў, фальсіфікацыі выбараў, «ліквідацыі апазіцыі і арганізацый грамадзянскай супольнасці».
Сектаральныя санкцыі, згодна з указам, павінны закрануць органы бяспекі Рэспублікі Беларусь, а таксама энэргетыку, вытворчасць калійных угнаенняў, тытунёвую прадукцыю, будаўніцтва і транспарт.
Гэтыя захады, як вынікае з дакумента, размешчанага на сайце Белага дома, павінны працаваць па іранскаму сцэнару, які прадугледжвае пакаранне не толькі для непасрэдных фігурантаў, але і для магчымых пасярэднікаў, а таксама ўдзельнікаў схем і спроб іх абысці.
У мэтах выканання ўказа Байдэна Мінфін ЗША неадкладна абвясціў пра ўключэнне ў «чорныя спісы» 44 фізічных і юрыдычных асоб. Сярод іх - «Беларуськалій», ключавы экспарцёр, што забяспечваў эканоміку цвёрдай замежнай валютай, а таксама «Інтэрсэрвіс» і «Белнафтагаз», якія ўваходзяць у лік найбуйнейшых у краіне экспарцёраў нафтапрадуктаў.
На згортванне ўгод з «Беларуськаліем» адводзіцца чатыры месяцы: усе яны павінны быць спыненыя да 8 снежня 2021 года.
Пад санкцыі трапілі таксама «БелКазТранс», манапольны транзіцёр расейскага вугалю, і «Інтэр Табака», якая выпускае на фабрыцы пад Менскам цыгарэты Marlboro і «Parliament.
Усім ім з гэтага часу забароненыя даляравыя разлікі, а іх актывы на тэрыторыі ЗША блакуюцца. Гэта ж тычыцца Следчага камітэта Беларусі, Нацыянальнага алімпійскага камітэта, УУС Гомельскага гарвыканкама і моладзевага спортклуба «Шок», вынікае з пераліку, апублікаванага Упраўленнем кантролю за замежнымі актывамі Мінфіна ЗША.
У «чорныя спісы» персанальных санкцый ўнесены міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка, дырэктар дэпартамента авіяцыі Мінтранса Арцём Сікорскі, а таксама кіраўнікі «Белаэранавігацыя», «Белшыны», «Гродна Азот» і «Белнафтахіма».
Канада далучылася да санкцый, дэ-факта паўтарыўшы захады, уведзеныя ў чэрвені Еўразвязам. Забароненыя пакупкі ў Беларусі калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў, а таксама крэдытаванне ўрада і падкантрольных яму банкаў і структур.
Брытанія таксама абвясціла «гандлёвыя захады ў дачыненні да калію, нафтапрадуктаў, прыбораў для вядзення назірання і радыёперахопу, тавараў, прызначаных для вырабу цыгарэт, а таксама прадукцыі і тэхналогій двайнога прызначэння».
Акрамя гэтага, забараняюцца палёты над тэрыторыяй Брытаніі прыватных джэтаў, звязаных з Аляксандрам Лукашэнкам і яго сынам Віктарам, прэс-сакратаром прэзідэнта Наталляй Эйсмант і кіраўніком прэзідэнцкай адміністрацыі Ігарам Сяргеенкам, міністрам абароны краіны Віктарам Хрэніным, кіраўніком МУС краіны Іванам Кубраковым, старшынём КДБ Беларусі Іванам Церцелем, а таксама расейскім мільярдэрам Міхаілам Гуцарыевым.
Супраць Гуцарыева - ужо фігуранта санкцыйных спісаў ЕЗ - уводзяцца персанальныя санкцыі.
Брытанія заставалася важным акном для экспарту беларускіх нафтапрадуктаў на Захад, і цяпер, мяркуючы па ўсім, гэта акно прыкрываецца, канстатуе акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.
Што тычыцца санкцый ЗША, то яны дэ-факта забараняюць разлікі ў далярах, што сур'ёзна ўскладняе знешні гандаль, а акрамя таго, «адпужвае» контрагентаў магчымасцю другасных санкцый, працягвае яна.
«Абмежаванні становяцца сур'ёзным выклікам для беларускай эканомікі, бо асноўныя экспартныя галіны аказваюцца пад ударам, адначасова з гэтым абразаюцца іншыя магчымасці для паступлення валюты ў краіну - праз фінансавыя трансакцыі. Гэта азначае, што санкцыі адаб'юцца на рэальным сектары: будзе і падзенне ВУП, і, магчыма, лакальныя ўспышкі беспрацоўя. Таксама падвысіцца залежнасць Беларусі ад расейскіх крэдытаў, якія давядзецца прасіць ўсё часцей і часцей», - папярэджвае Барнукова.