26 красавiка 2024, Пятніца, 6:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЦВК Расеі публікуе закадаваныя звесткі пра вынікі выбараў

5
ЦВК Расеі публікуе закадаваныя звесткі пра вынікі выбараў

Гэта абцяжарвае аўтаматычны збор звестак і іх аналіз.

Цэнтрвыбаркам РФ публікуе звесткі аб выніках галасавання на выбарах у закадаваным выглядзе, што не дазваляе іх капіяваць. Вынікі мінулых выбараў ужо зашыфраваныя, паказаў у нядзелю, 19 верасня, у Facebook спецыяліст электаральнай статыстыкі Сяргей Шпількін, піша dw.com.

Ён вывучыў зыходны код старонкі з вынікамі выбараў на ўчастку нумар 511 Уладзівастока ў 2016 годзе і выявіў, што лічбы замененыя літарамі шыфра. Гэта абцяжарвае аўтаматычны збор інфармацыі аб выніках галасавання і іх статыстычны аналіз, бо для яго трэба не толькі сабраць зашыфраваныя звесткі з сайта, пры тым што пасля некалькіх запытаў з аднаго IP-адраса доступ да сайта блакуецца, але і расшыфраваць гэтыя звесткі.

"Вось фрагмент табліцы вынікаў мінулых думскіх выбараў па Прыморскім краі. А вось кавалак зыходнага кода HTML, якім набрана гэтая старонка. Бачыце - замест лікаў на старонцы ў кодзе знаходзяцца літары? Калі паспрабаваць скапіяваць звесткі са старонкі, замест лікаў таксама будуць гэтыя дзіўныя літары. Не ведаю, да якой ступені трэба баяцца ўласных грамадзян, каб рабіць такое", - напісаў Шпількін.

Пасля паведамленняў СМІ пра закадаваную інфармацыю на сайце ЦВК кіраўнік ведамства Эла Памфілава патлумачыла, што гэтая мера часовая. Яна звязаная з "беспрэцэдэнтнымі нападамі" на сайт, заявіла яна ў інтэрв'ю RTVI.

ЦВК адмовіўся ад адзінага партала відэаназірання

У сярэдзіне ліпеня стала вядома, што падчас выбараў у Дзярждуму не будзе адзінага, адкрытага для ўсіх грамадзян партала назірання за выбарчымі ўчасткамі, дзе можна будзе паглядзець трансляцыю з камер відэаназірання. Замест гэтага трансляцыя вядзецца на службовым партале, доступ да якога маюць толькі сябры выбаркамаў, а таксама партыі і кандыдаты.

Намеснік старшыні ЦВК Мікалай Булай патлумачыў гэту змену ўвядзеннем трохдзённага фармату галасавання і ўзніклага праз гэта дэфіцыту бюджэту. На мінулых выбарах у Расеі публічныя трансляцыі з камер відэаназірання на участках часцяком станавіліся доказамі фальсіфікацый, а відэа з маніпуляцыямі актыўна тыражаваліся ў сацсетках.

19 верасня з'яўляецца заключным днём галасавання на выбарах дэпутатаў Дзярждумы, а таксама рэгіянальных органаў улады ў РФ - кіраўнікоў 12 рэгіёнаў (дзевяць прамых і тры праз галасаванне ў парламенце суб'екта) і дэпутатаў заканадаўчых органаў дзяржаўнай улады ў 39 рэгіёнах. У ходзе галасавання, які працягваецца з 17 верасня, ужо зафіксаваныя шматлікія парушэнні.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках