26 красавiка 2024, Пятніца, 16:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Financial Times: Расея гуляе ў небяспечныя гульні

7
Financial Times: Расея гуляе ў небяспечныя гульні

Пазіцыі Расеі як надзейнага пастаўшчыка газу ў Еўропу трапілі пад вялікі сумнеў.

Рэкордна высокія кошты газу ў Злучаным Каралеўстве і кантынентальнай Еўропе звярнулі ўсеагульную ўвагу на зніжэнне аб'ёму паставак прыроднага газу з Расеі летам гэтага года, і многія задаюцца пытаннем, ці магла гэтая сітуацыя на еўрапейскім рынку стаць справай рук Масквы, піша Financial Times (пераклад – inosmi.ru).

Згодна з гэтай гіпотэзай, мэта Масквы заключалася ў тым, каб справакаваць рост коштаў да такога ўзроўню, каб Нямеччыне давялося паспяшацца з выдачай дазволу на запуск газаправода «Паўночны струмень – 2», які выклікаў масу палітычных спрэчак і будаўніцтва якога суправаджалася ўвядзеннем санкцый Злучанымі Штатамі і супрацівам з боку многіх ўсходнееўрапейскіх дзяржаваў. Да цяперашняга моманту будаўніцтва гэтага газаправода ўжо закончанае.

У пятніцу, 17 верасня, 40 чальцоў Еўрапарламента, у асноўным з Польшчы і краінаў Балтыі, заклікалі правесці антыманапольнае расследаванне ў дачыненні да «Газпрама» – манапольнага экспарцёра газу, які карыстаецца падтрымкай расейскай дзяржавы. Яны хочуць высветліць, ці сапраўды пастановы «Газпрама» паслужылі прычынай рэзкага росту коштаў, які цяпер пагражае ўсёй еўрапейскай прамысловасці.

«Газпрам» і ягоныя абаронцы сцвярджаюць, што ўсе гэтыя абвінавачванні надуманыя. Яны паказваюць на тое, што «Газпрам» выканаў усе свае абавязальніцтвы ў пастаўках паводле ўсіх доўгатэрміновых кантрактаў. Ніякіх перабояў з пастаўкамі не было. Некаторыя еўрапейскія краіны, уключаючы Нямеччыну, сёлета атрымалі ад Расеі нават больш газу, чым летась.

Прыхільнікі «Газпрама» сцвярджаюць, што гэта русафобія – вінаваціць гэтую кампанію ва ўзнікненні праблемы, якая ўжо набыла глабальныя маштабы. Кошты газу ў Азіі таксама імкліва растуць, таму што ўсё больш краінаў спрабуе замяніць прынамсі частку вугалю на больш экалагічна чысты прыродны газ. Акрамя таго, аб'ёмы здабычы прыроднага газу ў Еўропе рэзка знізіліся.

Але крытыкі «Газпрама» настойваюць, што трэба толькі крыху змяніць баланс попыту і прапановы на сыравінных рынках, каб кошты на сыравіну пачалі рэзка расці або падаць. Іхні ключавы аргумент заключаецца ў тым, што пастаўкі расейскага газу ў Паўночна-Заходнюю Еўропу сёлета ў сярэднім ніжэйшыя, чым да пачатку пандэміі.

Акрамя таго, «Газпрам» некалькі разоў адмовіўся прадаваць дадатковыя аб'ёмы газу на спотавым рынку і браняваць дадатковыя транзітныя магутнасці праз Украіну, тэрыторыю якой «Паўночны струмень – 2», які злучае Расею і Нямеччыну па дне Балтыйскага мора, абгінае.

Пасля доўгай зімы 2020–2021 гадоў узровень газу ў еўрапейскіх газасховішчах апусціўся ніжэй ад звычайнага ўзроўню, таму попыт на пастаўкі газу на спотавым рынку – каб папоўніць дэфіцыт у газасховішчах – стаў вышэйшы. Аднак найбуйнейшы пастаўшчык Еўропы адмовіўся вылучаць дадатковыя аб'ёмы газу.

Цяпер, калі зіма ўжо не за гарамі, газу ў еўрапейскіх газасховішчах нашмат менш за сярэднія паказнікі для гэтага часу года, што ў сваю чаргу стала галоўнай прычынай скачка коштаў. Цяпер многія шчыра баяцца, што, калі зіма будзе зацяжной або анамальна халоднай, газ на рынку можа папросту скончыцца.

Публічныя заявы «Газпрама» яшчэ больш заблытваюць сітуацыю. Кампанія прызнала, што сёлета яна папаўняе ўнутрырасейскія запасы больш актыўна, чым у папярэднія гады, гэта значыць у яе застаецца менш газу для экспарту за мяжу.

Але ў пятніцу, 17 верасня, кіраўнік «Газпрама» Аляксей Мілер заявіў, што ягоная кампанія ў стане павялічыць здабычу газу і забяспечыць дадатковыя пастаўкі, калі ўзнікне такая неабходнасць.

Акрамя таго, на гэтым тыдні прадстаўнік прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна паведаміў, што запуск «Паўночнага струменю – 2» дазволіць павялічыць аб'ёмы даступнага газу, у тым ліку на спотавым рынку.

Пуцін таксама надумаў «памяшаць вуглі ў вогнішчы», заявіўшы, што ў сітуацыі, якая склалася, збольшага вінаватыя «разумнікі» з Еўракамісіі, якія настойвалі на «рынкавым коштаўтварэнні», каб узмацніць канкурэнцыю на газавых рынках.

Але калі «Газпрам» будзе рады пачаць спотавыя продажы газу, як толькі будзе запушчаны «Паўночны струмень – 2», нягледзячы на сваю любоў да доўгатэрміновых кантрактаў, узнікае слушнае пытанне, чаму ён не хоча зрабіць гэта ўжо цяпер.

Паводле словаў крытыкаў, бясспрэчныя доказы таго, што «Газпрам» гуляе з рынкам у небяспечныя гульні, можна знайсці ў звестках датычна запасаў у еўрапейскіх газасховішчах. Нягледзячы на тое, што агульны аб'ём запасаў цяпер ніжэйшы за звычайны, еўрапейскія энэргетычныя кампаніі ў цэлым здольныя папаўняць запасы на падкантрольных ім аб'ектах да прымальнага ўзроўню. Большую частку газасховішчаў у Еўропе, якія пакуль не былі папоўненыя, кантралюе сам «Газпрам».

Пакідаючы запасы ва ўласных газасховішчах у Еўропе на вельмі нізкім узроўні, «Газпрам» фактычна адмаўляецца забяспечваць самога сябе і сігналізуе, што сітуацыя на рынку застанецца напружанай. Такія дзеянні могуць напалохаць рынак, нават калі «Газпрам» прадоўжыць выконваць усе свае абавязальніцтвы перад кліентамі ў доўгатэрміновых кантрактах.

Калі б «Газпрам» пачаў папаўняць запасы ў сваіх еўрапейскіх газасховішчах, кошты газу, хутчэй за ўсё, стабілізаваліся б ці нават пачалі б зніжацца. Аднак цяпер, калі зіма набліжаецца, многія сумняваюцца, што разам з ёй у Еўропу прыйдуць дадатковыя аб'ёмы расейскага газу.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках