26 красавiка 2024, Пятніца, 14:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Біяметрычныя пашпарты: дзе атрымаць, колькі каштуюць і якія тэрміны вырабу?

7
Біяметрычныя пашпарты: дзе атрымаць, колькі каштуюць і якія тэрміны вырабу?

З 1 верасня беларусам сталі выдаваць біяметрычныя пашпарты і ID-карты.

Пра тое, чым адрозніваюцца дакументы новага ўзору ад ужо звыклых нам, ці абавязкова ўсім мяняць старыя пашпарты на новыя, ці ёсць гранічныя тэрміны абмену? Пра гэта «Вечернему Бабруйску» распавяла Валянціна Шынкевіч - намесніца начальніка аддзела грамадзянства і міграцыі УУС Бабруйскага гарвыканкама.

- Сёння грамадзяне Беларусі могуць замовіць ID-карту - гэта дакумент унутранага карыстання, дзеянне якога распаўсюджваецца толькі на тэрыторыі краіны, - тлумачыць Валянціна Вячаславаўна. - А таксама біяметрычны пашпарт, які неабходны для перасячэння мяжы або знаходжання за мяжой. Новыя дакументы выкарыстоўваюцца паралельна з дзейным беларускім пашпартам ўзору 1996 года, з імі пакуль можна і мяжу перасякаць. А вось для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне, з 1 верасня біяметрычныя дакументы стануць абавязковымі. Старымі дакументамі яны змогуць карыстацца толькі да заканчэння тэрміну іх дзеяння.

Навошта ўсё гэта трэба?

- ID-карта - дакумент вялікіх перспектыў і магчымасцяў, пасля яна стане асновай для стварэння лічбавага грамадства. У ID-карт шэраг пераваг. Па-першае, гэта зручна: яе ўладальнік можа пацвярджаць асобу дыстанцыйна з дапамогай электроннага лічбавага подпісу. Гэта значыць, што чалавеку не трэба асабіста прыходзіць у розныя дзяржорганы па даведкі і дакументамі, ён можа атрымліваць іх у электронным выглядзе. Прычым біяметрычных пашпартоў у чалавека можа быць адразу два, і яны маюць аднолькавую сілу. Па-другое, уніфікацыя: у перспектыве ID-карта зможа замяніць карту студэнта, гараджаніна, медыцынскую карту, праязны, пасведчанне кіроўцы. Біяметрычны пашпарт паскорыць праходжанне мяжы і візы, бо ў дакуменце ўжо ёсць усе неабходныя для гэтага звесткі, у тым ліку - адбіткі пальцаў.

Што сабой уяўляюць новыя дакументы?

- ID-карта - невялікая пластыкавая картка з выгляду падобная на пасведчанне кіроўцы. Яна двухбаковая. На адным яе баку размешчаны: фатаграфія і подпіс уладальніка, прозвішча, імя і імя па бацьку, пол, дата і месца нараджэння, грамадзянства, ідэнтыфікацыйны нумар, від і нумар дакумента, код РБ і органа, які выдаў дакумент, дата выдачы і тэрмін дзеяння. З адваротнага боку - QR-код, які змяшчае тую ж інфармацыю, але ў закадаваным выглядзе, а таксама інтэгральныя мікрасхемы або чып. На ім знаходзіцца біяметрычная інфармацыя чалавека, дзякуючы гэтаму ўладальнік карты персаніфікуецца ва ўсіх сістэмах.

Біяметрычны пашпарт вонкава падобны на цяперашні папяровы. Але ў ім не змяшчаецца адзнак аб шлюбе, месцы рэгістрацыі, толькі персанальныя звесткі, звесткі аб выездзе за мяжу і візы. На кожнай яго старонцы намаляваныя значныя месцы Беларусі, такія як Мірскі і Нясвіжскі замкі, Берасцейская крэпасць і іншыя. Апошняя старонка пластыкавая, там жа знаходзіцца чып з біяметрычнымі звесткамі, як у ID-карце. Пры выездзе ў краіны з візавым рэжымам і ў біяметрычны пашпарт будзе ўклейвацца віза.

Раней пры працаўладкаванні на працу, напрыклад, супрацоўнік аддзела кадраў выкарыстаў звесткі пра чалавека, якія знаходзяцца ў пашпарце. Калі цяпер гэтага не будзе, то як усё будзе адбывацца?

- ID-карта мае некалькі ступеняў доступу да інфармацыі. Па-першае, візуальная - можна ўбачыць фота і прозвішча, імя ўладальніка карты, счытаць з адваротнага боку QR-код. Па-другое, праз адмысловую прыладу (счытвальнік), якая будзе ў кожнай арганізацыі, з'явіцца доступ да дадатковай інфармацыі з базы рэгістра насельніцтва МУС. Напрыклад, такі доступ спатрэбіцца і пры працаўладкаванні: супрацоўнік аддзела кадраў па ідэнтыфікацыйнай карце збярэ ўсю неабходную інфармацыю для афармлення чалавека на новае працоўнае месца. Трэцяя ступень доступу - асабісты электронны лічбавы подпіс, якім можна завяраць любы дакумент. Дзякуючы гэтаму можна здзяйсняць дзеянні праз партал Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг.

Ці абавязкова зараз кожнаму з нас атрымліваць дакументы новага ўзору?

- Не, неабавязкова. Пакуль заканадаўствам не ўстаноўлены строгі тэрмін, да якога грамадзяне Беларусі абавязаныя атрымаць такія дакументы. Цяпер выкарыстоўваюцца як старыя пашпарты, так і біяметрычныя дакументы. Па жаданні вы можаце атрымаць толькі ID-карту, або толькі пашпарт узору 1996 года. Калі вы хочаце атрымаць біяметрычны пашпарт, то вы спачатку атрымліваеце ID-карту і адначасова робіце заяўку на біяметрычны пашпарт. Пры атрыманні біяметрычнага дакумента пашпарт старога ўзору грамадзянін аддае нам. Што будзе праз год, пакуль невядома.

Куды звяртацца бабруйчанам, якія жадаюць атрымаць дакументы новага ўзору?

- Усіх ахвочых жыхароў горада Бабруйска чакаем у аддзеле грамадзянства і міграцыі УУС Бабруйскага гарвыканкама - на Лынькова, 6, у кабінетах №2,3, 4. Тут вы можаце падаць заяўку на афармленне біяметрычных дакументаў. У нас маецца пяць працоўных сталоў па прыёме і два на выдачу біяметрычных дакументаў.

Пры сабе якія дакументы трэба мець?

- Несці фатаграфіі, як гэта было раней, не трэба. Запаўняць бланкі таксама не трэба. Мы на месцы здымаем адбіткі пальцаў і робім фатаграфіі з дапамогай спецыяльных мабільных комплексаў. Аплату можна зрабіць праз АРІП з тэлефона. Раздрукоўваць неабавязкова, мы гэтыя звесткі будзем бачыць. Альбо на пошце, яна ў нас побач. Так што цяпер для грамадзяніна ўсё стала значна прасцей.

Колькі каштуюць новыя дакументы?

- ID-карта абыдзецца ў паўтары базавыя велічыні (43.50 рубля), Біяметрычны пашпарт каштуе дзве базавыя велічыні (58 рублёў). Для пенсіянераў, а таксама для інвалідаў 1-2 груп і дзяцей да 14 гадоў прадугледжаны льготы. Дзеці да 14 гадоў атрымліваюць ID-карту бясплатна, а за пашпарт новага ўзору іх бацькі заплацяць 1,5 базавыя велічыні. Адзіная катэгорыя грамадзян, для каго афармленне ўсіх біяметрычных дакументаў цалкам бясплатна - дзеці-сіроты. ID-карта будзе выдавацца грамадзянам з 14 гадоў тэрмінам на 10 гадоў, а таксама з моманту нараджэння па жаданні законных прадстаўнікоў непаўналетняга дзіцяці тэрмінам дзеяння на 5 гадоў. Грамадзяне РБ, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, абавязаны ўжо мець пашпарт ці ID-карту. Да 14 гадоў - гэта права грамадзян.

Якія тэрміны іх вырабу?

Тэрміны афармлення дакументаў новага ўзору ў параўнанні са старымі скараціліся ўдвая. Калі звычайны пашпарт без паскарэння чалавек атрымлівае праз 30 дзён, то біяметрычны - праз 15 (а ў тэрміновым парадку нават праз 5 дзён). Калі хочаце зрабіць за пяць дзён, прыйдзецца даплаціць дзве базавыя велічыні, калі за 10 дзён - адну. Само афармленне дакументаў новага ўзору зойме не больш за паўгадзіны.

Ці назіраецца ў нас ажыятаж на атрыманне біяметрычных дакументаў?

- Грамадзяне ідуць штодня, але ажыятажу пакуль няма. На сённяшні дзень (на 14 верасня) бабруйчане замовілі 79 ID-карт, 54 біяметрычныя пашпарты і 34 біяметрычныя пасведчанні права на жыхарства. З іх выдадзена 7 ID-карт і пяць пашпартоў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках