26 красавiка 2024, Пятніца, 14:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто прыйшоў на найбуйнейшы з зімы пратэстны мітынг у Маскве?

Хто прыйшоў на найбуйнейшы з зімы пратэстны мітынг у Маскве?

Камуністы і прыхільнікі Навальнага пратэставалі на адной плошчы.

У суботу, 25 верасня, КПРФ правяла ў Маскве мітынг за скасаванне вынікаў электроннага галасавання. Акцыя праходзіла ў фармаце сустрэчы дэпутатаў Дзярждумы з выбарцамі. Звычайныя мітынгі мэрыя Масквы ўжо два гады забараняе праводзіць пад падставай складанай эпідэміялагічнай сітуацыі. На Пушкінскай плошчы сабраліся да тысячы чалавек. Арганізатары запатрабавалі скасаваць вынікі электроннага галасавання ў Маскве і паабяцалі зноў выйсці на вуліцу.

Пра гэта і пра канфлікт паміж камуністамі і «навальністамі» - у рэпартажы «Немецкой волны».

«Мы не прызнаем выбары ў Маскве»

Трапіць на сустрэчу дэпутатаў з выбарцамі на Пушкінскай плошчы змаглі не ўсе. Яшчэ напярэдадні мітынгу паліцыя правяла прафілактычныя рэйды і затрыманні. Былой кандыдатцы ў дэпутаты Дзярждумы Марыне Літвіновіч уручылі папярэджанне аб тым, што маючая адбыцца акцыя незаконная. Дэпутатка Масгардумы ад КПРФ Кацярына Енгалычава вечарам пятніцы заявіла, што не можа выйсці з будынка маскоўскага парламента пад пагрозай затрымання. А хаўруснікаў КПРФ з арганізацыі «Левы фронт» Сяргея Удальцова і Леаніда Развазжаева затрымалі за распаўсюд заклікаў да несанкцыянаванай акцыі.

«Мы павінны былі сабрацца і адсвяткаваць перамогу камуністаў на выбарах у Дзярждуму, - пачаў сустрэчу дэпутат Дзяніс Парфёнаў. - Але замест таго, каб святкаваць, мы вымушаныя пратэставаць. Нашу перамогу выкралі з дапамогай электроннага галасавання». Вылучаныя КПРФ кандыдаты сапраўды перамагалі ў 11 маскоўскіх акругах паводле вынікаў галасавання на ўчастках. Але пасля публікацыі вынікаў электроннага галасавання ў панядзелак стала ясна, што ўсе аднамандатныя акругі ў сталіцы КПРФ прайграла кандыдатам ад улады.

«Мы заявілі ў панядзелак, што прайшла каласальная фальсіфікацыя на выбарах у Маскве. Мы паглядзелі вынікі галасавання, і гэта фальсіфікацыя пацвердзілася!» - выступіў перад прысутнымі кіраўнік маскоўскага гаркама КПРФ Валерый Рашкін. З ягоных слоў, цяпер масквічоў у Дзярждуме ад «Адзінай Расеі» будуць прадстаўляць самазванцы. «Мы, Кампартыя Расейскай Федэрацыі, не прызнаем выбары, якія прайшлі ў Маскве».

Лідар КПРФ Генадзь Зюганаў на сустрэчу з выбарцамі не прыйшоў, але, як заявілі яго аднапартыйцы, з паважлівай прычыны. Пакуль на Пушкінскай плошчы праходзіў мітынг, Зюганаў сустракаўся з Уладзімірам Пуціным. З іх слоў, Зюганаў павінен быў патрабаваць ад прэзідэнта скасаваць вынікі электроннага галасавання ў Маскве. Мяркуючы па апошніх паведамленнях з гэтай сустрэчы, Зюганаў заявіў Пуціну аб падтрымцы прэзідэнта з боку КПРФ у справе развіцця краіны.

Канфлікт пакаленняў - «навальністаў» і камуністаў

На гэтых выбарах за КПРФ галасавалі не толькі іх шматгадовыя прыхільнікі, але і іншыя пратэстна настроеныя расейцы. Гэта адбылося ў сувязі з заклікамі каманды Аляксея Навальнага галасаваць за наймацнейшых апанентаў «Адзінай Расеі» на выбарах. Гэтыя людзі ў суботу былі і на мітынгу камуністаў. Праўда, з ядзерным электаратам КПРФ ім не заўсёды ўдавалася знаходзіць агульную мову.

«Прыбярыце гэты паршывы фашысцкі сцяг з нашага мітынгу! - пажылая масквічка у шэрым драпавым паліто напала на маладых людзей з расейскім трыкалорам у руках. - У 45-м мы вайну з чырвоным сцягам выйгралі! Прыбярыце, я вам кажу!» Маладыя людзі не падпарадкаваліся прызыву старэйшага пакалення, а бабулю ў гэты час адцягнула іншая жанчына з ярка-рудымі валасамі і прыкладна таго ж ўзросту. «А што вы толькі цяпер [на плошчу] прыйшлі?! - спыталі праціўніцу трыкалора. - Дзе вы ў кастрычніку 93-га былі?!» Прыхільніца чырвонага сцяга не стала нічога адказваць.

Пасля афіцыйнага завяршэння мітынгу прыхільнікі камуністычнай партыі ў асноўным пенсіённага ўзросту сталі пакідаць плошчу, а маладыя ўдзельнікі сустрэчы з выбарцамі яшчэ амаль гадзіну заставаліся на месцы. У гэты час акцыя нагадвала зімовыя мітынгі: гучалі лозунгі за вызваленне Аляксея Навальнага і традыцыйныя воклічы накшталт «Жулікі і злодзеі - пяць хвілін на зборы».

На Пушкінскай плошчы 25 верасня паліцэйскія нікога не затрымалі, хоць і папярэджвалі прысутных, што акцыя незаконная. Некалькі ўдзельнікаў шэсця пасля мітынгу ўступілі ў канфлікт з сілавікамі ўжо ля Чырвонай плошчы. Сярод іх была, напрыклад, іншая пажылая жанчына, якая чаплялася да маладых людзей у масках. «Здыміце свае наморднікі, дыхайце чыстым паветрам!» - заклікала яна. А ў адказ на яе заклік рушыць да Чырвонай плошчы мужчына гадоў 25 адмовіў.

«Нам з вамі не па дарозе, - адказаў ён пасля непрацяглай размовы. - Я за свабоду Аляксея Навальнага, а вы - супраць свабоды». На наступную суботу КПРФ запланавала новы мітынг. Раней Валерый Рашкін абяцаў пратэставаць на вуліцы датуль, пакуль улады не скасуюць вынікі ДЭГ у Маскве.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках