26 красавiка 2024, Пятніца, 9:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія турысты хварэюць на COVID-19 у Турцыі за свой кошт

28
Беларускія турысты хварэюць на COVID-19 у Турцыі за свой кошт

Страхавая кампанія «адхрысцілася».

Яна з мужам набылі тур у менскага турагенцтва на 7 дзён у Турцыю: з 10 да 17 верасня. На ўвесь перыяд адпачынку дзейнічала медыцынская страхоўка. Перад вылетам пара здала ПЦР-тэсты, вынікі якіх былі адмоўнымі, і чакала насычанага пазітыўнымі эмоцыямі адпачынку. Але па прылёце на курорт жонка адчулі сябе дрэнна. Маладыя людзі не ведалі, што рабіць, і звязаліся са страхавой кампаніяй, піша «Белсат».

«Мы звязаліся са страхавой, яны некалькі гадзін вырашалі-ўзгаднялі, пасля чаго параілі нам звярнуцца да медсястры гатэлю, што мы і зрабілі. Нас адправілі ў бальніцу, дзе ўзялі тэст на COVID-19, вымералі тэмпературу і адправілі на вуліцу чакаць выніку, каб мы нікога не заражалі. З прычыны моўнага бар'ера выніку нам так і не паведамілі і прыкладна праз гадзіну адправілі назад у гатэль, не даўшы ні рэцэптаў, ні лекаў», - распавядае Яна.

ФОТА: DANIEL CARDE/ZUMA PRESS/FORUM

Пара з'ездзіла ў аптэку і набыла лекі, якія можна было атрымаць без рэцэпту. Персанал гатэлю ізаляваў Яну з мужам у асобным нумары і паведаміў, што вынікі тэстаў на COVID у сям'і станоўчыя і што ім трэба заставацца ў ізаляцыі ў нумары 14 дзён. Тым часам тэмпература ні ў Яны, ні ў яе мужа не падала - заставалася амаль 38 градусаў. З лячэння ім прапанавалі толькі бясплатныя турэцкія лекі ад каранавіруса.

«Гатэль за іх кошт можа пратрымаць нас да 15 дзён. Пасля гэтага мы павінны здаць тэст на «карону», і калі вынік будзе станоўчы, яны могуць нас далей трымаць на ізаляцыі, а могуць адмовіць, бо скончыўся тэрмін абавязковага карантыну. Але, з іншага боку, калі вынік станоўчы, то нас не выпусцяць з краіны, бо пры праходжанні мяжы актывуецца QR-код, па якім усе ўпаўнаважаныя органы бачаць, хто мы і адкуль: што мы турысты з Беларусі, з якой прычыны тут і г.д. У тым ліку, што ў нас каранавірус, што мы на ізаляцыі. Калі мы паспрабуем набыць квіткі самавольна і пакінуць краіну - гэта не будзе парушэннем, бо мы, нібыта, адседзелі тэрмін карантыну, але нас не выпусцяць з краіны, таму што ў нас каранавірус. І ў гэтай сітуацыі невядома што будзе.

Мы звязаліся з турагенцтва і страхавой, каб зразумець далейшыя нашы дзеянні. Пасля доўгіх спрэчак прыйшлі да таго, што турэцкі бок (наш гатэль) бярэ на сябе выдаткі па размяшчэнні нас на карантын (з 13.09 да 27.09), а медабслугоўванне і зваротныя квіткі на самалёт - за наш кошт».

Праз некалькі дзён мужу Яны стала горш, і персанал гатэля выклікаў хуткую. Пару забралі ў бальніцу, вымералі тэмпературу, зрабілі рэнтген лёгкіх, узялі кроў і паставілі кропельніцу. Кошт гэтых працэдур аплаціла страхоўка.

«Мы звярнуліся да прадстаўнікоў страхавой, дырэктара турагенцтва і генеральнага консулу Беларусі ў Турцыі. Апошні паведаміў, што націснуў на турагенцтва, і, хутчэй за ўсё, зваротныя квіткі аплаціць менавіта турфірма. Астатняе - за свой кошт і ў парадку рэгрэсу потым спрабаваць выстаўляць страхавой.

ФОТА: BRADLEY SECKER/LAIF/FORUM

Тэмпература ў мужа 10 дзён трымаецца 39, гарачкапаніжальныя і народныя метады збіваюць ненадоўга да 38,5».

Увечары 20 верасня мужчыну стала яшчэ горш. Яна звярнулася да страхавой кампаніі з пытаннем, што рабіць далей, а страхавая адказала, што дзеянне поліса скончылася, і яны больш нічым не могуць дапамагчы.

«Страхавая нас з горам напалову давяла да канца тэрміну дзеяння страхоўкі, то бок, да 17.09, а потым яны проста адхрысціліся ад нас. У кампаніі параілі «выклікаць хуткую самастойна за свой кошт», што мы і зрабілі. Нас прывезлі ў тую ж клініку, пакінулі ў палаце, і лекар сышоў. Як мы потым зразумелі, ён тэлефанаваў у страхавую і чакаў пацверджання на агляд. Мы правялі ў палаце некалькі гадзін. За гэты час ніякіх працэдур з намі не праводзілася, нават не мералі тэмпературы. Ужо не хапала сілы чакаць, я знайшла лекара і папрасіла правесці неабходныя працэдуры за наш кошт. Расцэнкі былі такія: КТ і агляд вуха - 450 еўраў, трансфер гатэль-бальніца-гатэль - 50 еўраў, іншыя паслугі: замер тэмпературы, аналіз крыві, кропельніца, выпіска рэцэпту можа даходзіць да 1000 еўраў. Мы прынялі рашэнне не плаціць, бо, мяркуючы па мінулым разе, гэтыя дзеянні нічым не дапамагаюць, а заплаціць некалькі тысяч не было магчымасці - мы былі ў шпіталі без сувязі, з сабой было 500 еўраў. Лекар настойваў, каб мы падпісалі адмову ад шпіталізацыі, але мы пасварыліся і нічога не падпісвалі. Давялося заплаціць 50 еўраў, каб нас адвезлі назад».

З тых часоў жонкі лечацца народнымі сродкамі: Яна абцірае мужа воцатам, каб збіць тэмпературу, і робіць гарбату з лімонам. Таксама пара набывае праз персанал гатэлю лекі, што прадаюцца без рэцэпту, але асаблівага плёну яны не даюць. А галоўнае, у той сітуацыі, у якой апынулася сям'я, ніхто не тлумачыць, што рабіць далей.

«Ні страхавая, ні тураператар не прапаноўвалі падоўжыць поліс, разумеючы сітуацыю, і мы на гэты момант у прынцыпе без дапамогі, без страхоўкі, без квіткоў і не маем права выходзіць з нумара».

ФОТА: MURAD SEZER/REUTERS/FORUM

Паводле правілаў страхавання, пара магла зрабіць новы поліс падчас тэрміну дзеяння папярэдняга. Але сям'я была ў цяжкім стане.

«Мы хварэлі, і складана было нешта рабіць, тым больш што тураператар і страхавая нам не дапамагалі ў гэтым пытанні. І сітуацыя наступная: калі скончыўся страхавы поліс - мы анлайн (аддалена) не можам яго падоўжыць з прычыны таго, што ў гэты момант адбываецца страхавы выпадак. Больш за тое, калі падаўжаць анлайн, то страхоўка будзе гатовая толькі праз пяць дзён. Гэта значыць на гэты момант мы наогул засталіся без страхоўкі. Мы абодва з «каронай» - муж у дастаткова цяжкім стане, мне трошкі лягчэй. Але паколькі зварот па медыцынскую дапамогу можа тут каштаваць тысячы еўраў, а мы без страхоўкі, вымушаныя сядзець у гатэлі без медыкаментаў і шаравацца воцатам, каб збіць тэмпературу».

Што рабіць далей, Яна не ведае і спадзяецца, што да канца тэрміну самаізаляцыі муж выздаравее, інакш далей пары давядзецца лячыцца і жыць у чужой краіне за ўласны кошт.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках