26 красавiка 2024, Пятніца, 16:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускіх футбалістаў не пускаюць на зборы за мяжу

14
Беларускіх футбалістаў не пускаюць на зборы за мяжу

У чым прычына?

Уся футбольная Еўропа рыхтуецца да сезона на зборах за мяжой: у Турцыі, Гішпаніі, Кіпры, Партугаліі. Раней так было і ў беларускіх клубаў, але зараз ім гэта забараніла рабіць Міністэрства спорту і Федэрацыя футбола. Там лічаць, што ў Беларусі створаны цудоўныя ўмовы для падрыхтоўкі да сезона: выкладзены палі, пабудаваны манежы. Хаця гэта далёка не так, здаецца, сёлета футбольныя клубы прымаюць умовы гульні, піша «Белсат».

Беларускія клубы робяць выгляд, што нікуды не збіраюцца

Не пускаюць футбольныя клубы за мяжу ўжо другі год. Калі раней пра гэта гучна гаварылі, і некаторыя каманды - «Шахцёр», «БАТЭ», «Рух» і менскае «Дынама» - усё ж паехалі за мяжу, то цяпер прадстаўнікі беларускіх клубаў баяцца нават гаварыць пра гэта ўголас.

Больш за тое, у гэтым сезоне на афіцыйных сайтах клубаў няма поўнай інфармацыі аб падрыхтоўцы да сезона, хаця раней гэта было нормай. Ніводны з беларускіх клубаў не заявіў, што адправіцца на замежны збор.

План падрыхтоўкі да сезона засакрэчаны

Чэмпіён Беларусі - салігорскі «Шахцёр» - ніяк пакуль афіцыйна не акрэсліў жадання выехаць на замежны збор. Ён пачаў рыхтавацца да сезона ў Салігорску, дзе правёў першы спарынг супраць «Славіі» і выйграў 3:0.

Публічна пра гэта не гаворыць і другі клуб Беларусі - барысаўскі БАТЭ. Планы на міжсезонне проста не публікуюцца на ягоным афіцыйным сайце.

Трэці клуб краіны -сталічны «Рух» - паведамляе, што каманда пачне рыхтавацца ў Менску, а потым паедзе на зборы. Вось толькі куды, не паведамляюць.

Чацвёртая зборная Беларусі - «Гомель» - таксама выйшла з адпачынку і паведаміла, што першыя тыдні будзе рыхтавацца да сезону ў Манежы ў родным горадзе.

«Рух» аб'явіў, што замест Турцыі паедзе ў Пінск. Берасцейскае «Дынама» за мяжу не збіралася: на гэта ў каманды проста няма грошай. Жодзінская «Тарпеда» таксама рыхтуецца дома, пасля чаго возьме ўдзел у традыцыйным турніры «Белазавец», які пройдзе 31 студзеня - 1 лютага і, здаецца, стане галоўным турнірам міжсезоння.

У Жодзіна прыедзе палова вышэйшай лігі: берасцейскі «Рух», менскае «Дынама», ФК «Менск», «Іслач», «Арсенал», «Нёман» і «Слуцк».

Спартыўны журналіст: у Беларусі немагчыма якасна падрыхтавацца да сезона

Беларускі футбольны журналіст, які зараз у Беларусі, на ўмовах ананімнасці падзяліўся з «Белсатам» сваім меркаваннем адносна сітуацыі, якая склалася.

«Відавочна, кіраўнікам беларускіх клубаў не стае смеласці і рэсурсаў супрацьстаяць Федэрацыі і Міністэрству спорту. Спачатку яны падпісвалі лісты за ўладу, зараз не едуць за мяжу. Што яны губляюць? Найперш якасць падрыхтоўкі: немагчыма параўноўваць умовы ў Турцыі і Беларусі. У Турцыі ўсё зроблена для прафесійнай падрыхтоўкі да сезона. У Беларусі такіх умоваў няма і блізка. І галоўнае - дома беларускія клубы вымушаны варыцца ва ўласным соку. За мяжой можна было гуляць з найлепшымі клубамі Украіны, Польшчы, Казахстана, Расеі, Нарвегіі. Цяпер гэтага проста не будзе, і замяніць такі досвед проста няма чым. У тым, што «Шахцёр» тры разы абгуляе «Славію», а «Рух» - пяць разоў «Хвалю», толку няшмат, гэта вядзе да далейшай дэградацыі беларускага футбола», - мяркуе наш экспэрт.

Былы футбаліст Віталь Трубіла доўга гуляў за мяжой і ў Беларусі, а цяпер стаў блогерам. І вось што ён кажа пра забарону на замежныя зборы ў інтэрв'ю каналу «Чеснок»:

«Наколькі ведаю, спрабуюць ці забараняць, ці абмяжоўваць замежныя зборы. Бо з бюджэту клубаў гэта цягне шмат грошай. Задавальненне дарагое. І людзі, якія кіруюць нашым футболам, мусіць, не бачаць у гэтым мэтазгоднасці. Хаця як былы футбаліст я выдатна разумею, што гэта трэба. «Рух» збіраецца на збор у Пінск?

Калі ў двух словах, то збор у Турцыі - гэта кайф для футбаліста. А збор у Пінску - гэта пакуты. Бо там не створаны такія ўмовы, як у Турцыі. А ёсць адсутнасць натуральных палёў, маразы, адсутнасць нармальных умоў у сэнсе пражывання і харчавання. Ну і адсутнасць спарынг-партнёраў: не думаю, што ў Пінск прыедзе клуб з Расеі, Украіны ці Нарвегіі», - адзначае Віталь Трубіла.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках