26 красавiка 2024, Пятніца, 5:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэжым ужо ў лютым пазбавіцца блізу $2 мільярдаў ад экспарту калію

20
Рэжым ужо ў лютым пазбавіцца блізу $2 мільярдаў ад экспарту калію

Што будзе з беларускім рублём?

Літоўскі ўрад з 1 лютага спыняе транзіт беларускага калію па сваёй тэрыторыі. Гэта звязанае з санкцыямі ЗША, якія набываюць моц супраць «Беларуськалію» ў красавіку. Паводле ацэнак экспэртаў, Беларусь можа пазбавіцца прыкладна $2-3 млрд валютных паступленняў праз забарону транзіту, а наладзіць новыя маршруты паставак нават цягам гэтага года будзе праблематычна. Як гэта адаб'ецца на валютным рынку і цэлай галіне эканомікі, спецыяльна для Myfin.by распавяла акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.

Прыпыненне транзіту калію: усё дрэнна. І справа не толькі ў грошах

На мінулым тыдні навіны аб узмацненні жорсткасці санкцый ішлі адна за адной: спачатку літоўскі ўрад абвясціў, што з 1 лютага спыняе транзіт беларускага калію па сваёй тэрыторыі, затым Латвія пацвердзіла, што будзе садзейнічаць гэтай пастанове і праз сваю краіну таксама не прапусціць беларускі калій, а затым аб спыненні кантракту заявіў адзін з буйных кліентаў «Беларуськалію» – нарвежская кампанія Yara. Наколькі сур'ёзнымі будуць наступствы гэтых пастаноў?

- Сапраўды, усяго за тыдзень мы перайшлі ад сітуацыі «санкцыі не асабліва працуюць», калі калій працягвалі вазіць, а Yara яго купляць, да абсалютна процілеглага. І калі з нарвежскай кампаніяй гаворка ішла аб адносна невялікіх аб'ёмах (да 10% усяго экспарту «Беларуськалію»), які можна было б бязбольна замяніць, то прыпыненне транзіту калію пераводзіць сітуацыю на абсалютна іншы ўзровень. Практычна ўвесь беларускі калій ішоў праз літоўскія парты, якія фактычна няма чым замяніць.

Напрыклад, у гісторыі з нафтапрадуктамі Расея сама заваблівала Беларусь, маўляў, давайце транспартаваць нафту праз нашы парты, а вось з каліем ужо на расейскую дапамогу разлічваць не даводзіцца – магутнасцяў на адэкватную замену бракуе: патрэбныя вялікія свабодныя аб'ёмы як чыгуначных саставаў, так і спецыяльных тэрміналаў у партах. А там за іх канкурэнцыя з «Уралкаліем» (Расескі буйны вытворца калійных угнаенняў).

Раней была яшчэ надзея на тое, што можна будзе стварыць кампаніі-пасярэднікі, якія будуць пастаўляць калій не наўпрост ад «Беларуськалію». Але літоўскі ўрад сур'ёзна настроены на захаванне санкцыйнага рэжыму, была заява, што ўсе пасрэдніцкія кампаніі, якія будуць спрабаваць везці беларускі калій, таксама патрапяць пад абмежаванні. Дапамагаць у выкананні санкцый гатовая і Латвія. Там заявілі, што не дапусцяць транзіту калію з Беларусі ў абыход Літвы праз іх тэрыторыю і парты.

Падрыхтавацца да такога развіцця падзей, хоць яно і пралічвалася, за год было практычна немагчыма. Новы партовы тэрмінал у Расеі так хутка не пабудаваць.

Магчыма, будуць спрабаваць пастаўляць калій у Кітай па чыгунцы. Хоць гэта і значна павялічыць транспартныя выдаткі, але кошты калію на сусветных рынках пакуль дазваляюць несці дадатковыя выдаткі. Аднак усё ўпіраецца ў свабодныя чыгуначныя саставы, якія не змогуць цалкам кампенсаваць аб'ёмы, што пастаўляліся праз літоўскія парты. Да таго ж дагэтуль няма навін аб падпісанні новага кантракту на пастаўку калію ў Кітай. Папярэдні, нагадаю, скончыўся ў снежні мінулага года. Кітай, відавочна, чакаў моманту, каб вытаргаваць сабе добрыя ўмовы на фоне санкцый.

Хутчэй за ўсё з $2-3 млрд на год, якія Беларусь магла б атрымаць ад экспарту калію сёлета, амаль 80% сродкаў будзе страчанае.

Прычым страты пойдуць хваляй не толькі па хімічнай прамысловасці, але і ўсіх звязаных з ёю падрадчыках: пацерпяць БЧ, аптовы гандаль, лагістычныя кампаніі і іншыя сектары эканомікі. Агулам мы можам пазбавіцца прыкладна 1-2% росту ВУП сёлета.

Кампенсаваць страты няма чым

Ці ёсць шанец на тое, што выпадаючыя валютныя паступленні будуць кампенсаваныя экспартам па іншых пазіцыях, тым больш, што сусветныя кошты беларускага экспарту цяпер растуць?

- Баюся, што сёлета аднавіць экспарт калію пры захаванні жорсткай пазіцыі Літвы будзе практычна немагчыма. Астатні экспарт пакуль прадаўжае ў вартасным вылічэнні расці. Аднак большасць міжнародных экспэртаў ставіць на тое, што сітуацыя з цэнамі пачне стабілізавацца сёлета і разлічваць на рост экспарту, як у 2021-м, не даводзіцца. Іронія лёсу яшчэ і ў тым, што максімальны рост коштаў калійных угнаенняў назіраецца менавіта цяпер. Таксама не варта забываць, што пад санкцыйны ўдар трапляюць і іншыя экспартныя пазіцыі Беларусі, напрыклад, нафтапрадукты. Таму кампенсаваць страты фактычна няма чым.

Што важна заўважыць, для краіны крытычным будзе не страта прыбытку, хоць гэта таксама важна. Але за мінулы год валютную падушку мы назапасілі, што дазволіць пазбегнуць нейкіх сур'ёзных праблем, у тым ліку з валютай на ўнутраным рынку і курсам рубля. Больш праблемным стане пытанне падтрымкі самога «Беларуськалію». Гэта прадпрыемства фактычна фармуе цэлы рэгіён, які ад яго фінансава залежыць. Цяпер давядзецца развязваць пытанне падтрымкі занятасці, заробкаў, сацыяльных выплат, захавання вытворчых магутнасцяў і выпуску прадукцыі. Усё гэта запатрабуе сур'ёзных грашовых фундаванняў. Тут спатрэбяцца 900 млн рублёў, якія закладзеныя ў бюджэт на пераадоленне наступстваў санкцый.

Інфляцыя, стой. Хто заплаціць за стрымліванне цэн у рытэйла?

У рамках барацьбы з інфляцыяй МАРГ падпісаў пагадненне з гандлёвымі сеткамі аб наданні зніжкі 10% на сацыяльна значныя тавары для неабароненых катэгорый грамадзян (пенсіянеры, шматдзетныя). Наколькі моцна гэта рэальна паўплывае на кошты і хто ў выніку заплаціць за гэты манеўр?

– Гэта даволі арыгінальная для беларускіх рэалій пастанова. Хоць можна ўспомніць як дзяржаўныя гандлёвыя сеткі раней рабілі нешта такое, калі рабілі зніжкі для пенсіянераў. Ключавое адрозненне гэтым разам у тым, што адказнасць за рост коштаў дзяржава спрабуе перакласці на прыватны бізнэс. Прычым на адну толькі частку гэтага бізнэсу - рытэйл, які ніякіх звышпрыбыткаў не паказвае. Той рост коштаў, вышэйшы за 10% на год, што мы бачым, звязаны з аб'ектыўнымі фактарамі - падаражаннем прадуктаў харчавання ва ўсім свеце. Таму досыць нечакана, што кантраляваць цэны вымусілі гандлёвыя сеткі.

Тут вядома ўзнікае пытанне, а як у гэтых варунках будзе вымярацца інфляцыя? Ці будуць у ІСЦ (індэкс спажывецкіх цэн) цяпер уключацца тавары на зніжках? Да таго ж мы бачылі, да чаго цягам года прывяла барацьба з ростам коштаў менавіта ў рытэйла: бізнэс вярнуўся да старых практык змены наменклатуры тавару, памяншэння ўпакоўкі і іншых «хітрасцяў», каб абыйсці ўведзеныя дзяржавай абмежаванні росту коштаў. Тое ж самае можа адбыцца і цяпер. Рытэйл адкажа новымі крокамі, каб кампенсаваць страты ад гэтай 10%-й зніжкі. Напрыклад, могуць фактычна павысіць кошты як рэгуляваных дзяржавай тавараў (апісанымі раней спосабамі), так і тавараў, якія ні ў якія спісы не ўваходзяць.

У кожным выпадку за гэта хтосьці заплаціць, і гэтым кімсьці будзе, на жаль, ні дзяржава, ні гандлёвыя сеткі, а іншыя пакупнікі.

Таксама ўзнікаюць пытанні і да спісу неабароненых катэгорый грамадзян. Там відавочна ахопленыя не ўсе групы людзей, якія сапраўды маюць патрэбу. Тут пайшлі простым шляхам: каб ідэнтыфікаваць чалавека, маючага патрэбу, у яго павінен быць нейкі афіцыйны дакумент: пасведчанне пенсіянера, шматдзетнага або які атрымлівае адрасную сацыяльную дапамогу. Але атрымальнікаў такой дапамогі ў нас у краіне блізу 1%, а людзей, якія жывуць на суму, ніжэйшую за пражытковы мінімум, амаль 5% насельніцтва. Гэта не толькі шматдзетныя сем'і, але і самотныя маці з адным ці двума дзецьмі, і беспрацоўныя, і людзі з дзецьмі, якія атрымліваюць мінімальны заробак.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках