26 красавiка 2024, Пятніца, 5:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На расейскім рынку акцый адбыўся найбуйнейшы абвал з пачатку пандэміі

4
На расейскім рынку акцый адбыўся найбуйнейшы абвал з пачатку пандэміі

Расейскія акцыі зніжаюцца пасля безвыніковых перамоў з ЗША і NATO.

Індэкс Масбіржы абваліўся ніжэй за адзнаку 3400 пунктаў і паводле стана на 15:02 мск апусціўся на 4,55% - да ўзроўню 3398,21 пункта. У апошні раз індэкс Масбіржы апускаўся ніжэй за 3400 пунктаў у сакавіку 2021 года, паведамляе РБК.

На працягу дня зніжэнне індэксу дасягала 5,82% - да 3353,14 пункта. У апошні раз індэкс Масбіржы падаў больш чым на 5% у ходзе гандлёвага дня ў пачатку пандэміі, 15 красавіка 2020 года.

Індэкс РТС упаў на 5,1%, да 1399,89 пункта, сведчаць звесткі таргоў на Маскоўскай біржы на 15:01 мск. У папярэдні раз значэнне індэкса РТС апускалася ніжэй за 1400 пунктаў 4 лютага 2021 года. У ходзе сённяшніх таргоў індэкс РТС апускаўся да 1380,29 пункта (-6,42%).

Расейскія акцыі таннеюць праз рост геапалітычнай напружанасці. Продажы назіраліся на фоне паведамлення The New York Times аб тым, што Расея пачала вывозіць з Украіны сем'і сваіх дыпламатаў. «Няўдалыя перамовы Расеі і ЗША ў пытаннях еўрапейскай бяспекі разам з санкцыйнымі пагрозамі з боку Захаду забяспечылі маштабны адток фундатараў. Многія ўдзельнікі рынку паспяшаліся скараціць рызыкі і выйсці з каштоўных папер», - паказваюць аналітыкі «БКС Мир Инвестиций».

Акрамя таго, падзенне індэкса МасБіржы з узроўню гістарычных максімумаў у аўторак ужо перавысіла 20%, падлічылі аналітыкі. Гэта важны рубеж для многіх трэйдараў, бо ўважаецца, што ён аддзяляе рынак акцый ад пераходу ў «мядзведжую» фазу, адзначаюць экспэрты «БКС Мир Инвестиций».

Падзенне ўзмацнілася пасля заканчэння перамоў кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова і кіраўніка МЗС ФРГ Аналены Бербок. Расейскія індэксы працягнулі зніжэнне, бо інвестары працягвалі распрадаваць паперы, не атрымаўшы абнадзейлівых геапалітычных навін, уважае Алена Кажухова з «Вялес Капіталу». Інвестары праігнаравалі павышэнне нафтавых катыровак да максімуму больш чым за сем гадоў. Сёння кошт нафты Brent перавысіў $88 за барэль упершыню з кастрычніка 2014 года. Шматгадовых пікаў нафтавых коштаў у гэтай сітуацыі яўна нядосыць для вяртання рынка акцый да росту. Кароткатэрміновая перапрададзенасць расейскіх індэксаў захоўваецца, пакідаючы пакупнікам патэнцыял для адскоку пры паляпшэнні фундаментальных сігналаў, адзначае экспэрт.

У лідарах зніжэння на Маскоўскай біржы на 15:39 мск выявіліся акцыі VK, якія страцілі амаль 10% кошту. Звычайныя акцыі Ашчадбанка ўпалі на 9,4%, а прывілеяваныя - на 8,8%. Акцыі «Петрапаўлаўска» і АФК «Сістэма» ўпалі амаль на 9%.

Расейскі рынак акцый цягнуць уніз геапалітычныя страхі, і для таго, каб гэтыя эмацыйныя распродажы завяршыліся ці хаця б прыпыніліся, патрэбныя сігналы аб нармалізацыі дачыненняў з Захадам, кажа старэйшы трэйдар «Альфа-Капіталу» Уладзіслаў Сілаеў. Аднак пакуль дыпламаты абапал захоўваюць маўчанне, а інвестары на фондавым рынку ратуюцца ад рызык уцёкамі з актываў, дадаў экспэрт.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках