16 траўня 2022, панядзелак, 18:52
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Адчуванне непазбежных змен ахапіла ўсю постсавецкую прастору»

5
«Адчуванне непазбежных змен ахапіла ўсю постсавецкую прастору»
Фота: AFP

Рэвалюцыя спее не толькі ў Беларусі і Казахстане.

На канале палітолага і папулярнага YouTube-блогера Дзмітрыя Балкунца прайшла дыскусія «Як перамагчы? Насустрач пераменам».

Стратэгію змянення сітуацыі ў краіне ў жывым эфіры абмеркавалі лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", экс-намеснік міністра замежных спраў, кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў і кандыдат у прэзідэнты Беларусі, былы намеснік міністра замежных спраў, стваральнік Парку высокіх тэхналогій Валерый Цапкала.

Андрэй Саннікаў выказаў меркаванне, што падзеі ў Казахстане з'яўляюцца доказам таго, што на ўсёй постсавецкай прасторы ёсць запыт на перамены:

- Усё ж гэта рэвалюцыя, як не спрабуюць сказаць што там былі бунты. Не, калі людзі выходзяць з лозунгамі: «Старычына, сыходзь!» і «Наперад, Казахстан» - гэта не эканамічныя бунты і гэта не бунты праз павышэнне коштаў на газ. Заўважце, у Жанаазэне былі такія нясмелыя лозунгі, а потым, калі ўспыхнуў Казахстан - яны былі па ўсім Казахстане адначасова. Не патрабавалі зменшыць кошты, а патрабавалі адстаўкі ўсяго ўрада і ўсяго кіраўніцтва краіны.

Я вось хацеў бы падхапіць, што ўсё спее не толькі ў Казахстане і ў Беларусі. Паглядзіце, што адбываецца ў Малдове.

Нават вось калі ўзяць гэты ўвод войскаў карнікаў у Казахстан пад эгідай АДКБ, я думаю, што Пашынян яшчэ будзе пажынаць плады сваёй здрады, бо ён падпісаў пастанову аб уводзе войскаў. На выбарах на сваім месцы ён утрымаўся з дапамогай Расеі, з дапамогай моцнага адміністратыўнага рэсурсу, які быў задзейнічаны на выбарах. Але армяне, па-першае, востра адрэагавалі на тое, што менавіта Пашынян падпісаў гэтую пастанову. Па-другое, проста адмаўляюць яму ў даверы. Так што, я думаю, там таксама неўзабаве будуць адбывацца нейкія падзеі.

У Грузіі, дзе сядзіць прэзідэнт Саакашвілі, гэта ўвогуле нікуды не варта, ганялі яго па краіне, адмаўлялі ў медыцынскай дапамозе кіраўніку дзяржавы і кіраўніку-рэфарматару, як да яго не стаўся.

Паглядзіце на Кіргізстан. Кіргізстан вельмі не хацеў, каб назва краіны гучала ў складзе гэтых войскаў карнікаў АДКБ і парламентам узнімалася гэтае пытанне, хаця там не найлепшае кіраўніцтва. І пратэсты былі, у адрозненні ад іншых краін. І выходзілі яны пратэставаць менавіта супраць уводу войскаў. Яны выходзілі, як у 1968 году вось гэтая вось сямёрка на Красную плошчу.

Узбекістан не вельмі хоча падзяляць падыходы Лукашэнкі, калі ён спрабаваў прыцягнуць Узбекістан на свой бок і казаў: «Там зараз успыхне, глядзіце, хлопцы, давайце да нас. Мы зараз усім па зубах дамо». Але вось не хочуць яны, нават пры гэтай уладзе. Гэта значыць усюды спее вельмі вялікі такі нарыў, які выбухне і ўсё часцей зараз пагаворваюць аб тым, што ў Расеі не ўсё так проста. І ў Расеі Пуцін не так лёгка зараз сядзіць на сваім троне.

Валерый Цапкала таксама думае, што жаданне перамен з'яўляецца адметнай прыкметай часу на постсавецкай прасторы. Галоўным урокам, які павінны вынесці ўрады з апошніх падзей, ён бачыць формулу «сыходзячы - сыходзь»:

- Ёсць адчуванне сур'ёзных змен, адчуванне, што вось-вось нешта абавязкова павінна памяняцца. Беларусь зараз дэпрэсія накрыла, але ўсё адно яшчэ ў 2020 годзе мы адчувалі гэтую патрэбу перамен. Напраўду, яна ўсюды ёсць. І гэта адзін урок.

Самы галоўны ўрок у тым, што «сыходзячы - сыходзь». Ніякіх сцэнарыяў, калі ты пайшоў і застаўся адначасова, такіх сцэнарыяў ужо быць не можа. Значна лепшыя сцэнары, калі цябе проста праводзяць нармальна, як гэта адбываецца ва ўсіх дэмакратычных краінах, як Мэркель праводзілі, як там праводзяць амерыканскіх прэзідэнтаў, усіх. Ідзеш - усё, малайчына, табе папляскалі, давай дарогу рухацца іншым. І тады ты спакойна дыхаеш, тады спакойна ездзіш, тады ты паважаны чалавек, тады ты недзе сваім аўтарытэтам працягваеш уплываць.

Таму вось тут вось, мне здаецца, усё ж ёсць падобныя моманты з тым, што было ў 90-х, было нейкае адчуванне непазбежных, сур'ёзных перамен і тут яно таксама ёсць. І ў Расеі яно таксама ёсць.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».