22 траўня 2022, Нядзеля, 1:31
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Каго Лукашэнка мог заразіць COVID-19

18
Каго Лукашэнка мог заразіць COVID-19

Спіс вялікі.

Сёння, 20 студзеня, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што зноў перахварэў на каранавірус — на гэты раз на штам «амікрон» COVID-19, і ўсю хваробу перанёс на нагах. Пры гэтым за апошнія два тыдні ў яго было 11 сустрэч, і ні на адной ён не быў заўважаны ў масцы. Сайт zerkalo.io паглядзеў, з кім сустракаўся Лукашэнка за апошнія два тыдні і ці былі скаргі на здароўе ў гэтых людзей.

На нарадзе 6 студзеня Лукашэнка абмяркоўваў гістарычную палітыку, якую ён плануе праводзіць у 2022 годзе. Акрамя яго ў нарадзе, мяркуючы з фота, бралі ўдзел 25 чалавек, якія сядзелі за сталом, і яшчэ дзве дзяўчыны сядзелі за асобным сталом. Мы змаглі пазнаць Наталлю Качанаву, Ігара Луцкага, Уладзіміра Андрэйчанку і Вадзіма Гігіна.

На наступны дзень, 7 студзеня, Аляксандр Лукашэнка разам з сынам Мікалаем запаліў калядную свечку ў менскім храме Прападобных Опцінскіх старцаў. Там яго сустрэў мітрапаліт Веніямін. У храме таксама прысутнічалі выхаванцы нядзельнай школы прыхода храма, прыхаджане.

З мітрапалітам Веніямінам Лукашэнка перасякаўся і 11 студзеня, на ўручэнні прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва і «Беларускi спартыўны Алiмп». Тады голас у Лукашэнкі быў вельмі хрыплы, а некаторыя словы даваліся з цяжкасцю праз дыхавіцу. Сярод прысутных на цырымоніі ў ахоўных масках былі лічаныя адзінкі, а мяркуючы па ёмістасці палаца Рэспублікі, у глядзельнай зале было блізу дзве з паловай тысячы чалавек.

У той дзень побач з Лукашэнкам акрамя мітрапаліта Веніяміна знаходзіліся служыцелі царквы, дзеячы мастацтва і культуры, спартоўцы і іншыя. Усяго на сцэне было амаль 25 гасцей, кожнага з якіх Лукашэнка ўзнагароджваў асабіста.

Працоўную нараду з кіраўніцтвам Рады Міністраў Лукашэнка правёў 13 студзеня. На фатаграфіях побач з ім сядзяць Наталля Качанава, Раман Галоўчанка, Уладзімір Андрэйчанка, Дзмітрый Круты. Усяго за сталом знаходзілася 18 чалавек.

Наступным днём, 14 студзеня, адбыўся вялікі прыём у гонар старога Новага года. На ім Лукашэнка зноў уручаў узнагароды — сярод гасцей былі кіраўнік ЦВК у 1996—2021 гадах Лідзія Ярмошына, старшыня праўлення Беларускага таварыства «Знание» Вадзім Гігін, прапагандыст RT Канстанцін Прыдыбайла, супрацоўніца ЗАТ «Сталічная тэлевізія». Беларусь у інваспорце Ігар Бокій. Агулам Лукашэнка ўзнагародзіў асабіста амаль 30 чалавек.

Чарговая працоўная сустрэча прайшла 17 студзеня - на ёй Лукашэнка заслухаў даклад аб задуме сумеснага аператыўнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расеі. Прысутнічалі шэсць вайскоўцаў — сярод іх Аляксандр Вольфавіч, Віктар Гулевіч, Павел Муравейка і намеснік міністра абароны Андрэй Жук.

На наступны дзень, 18 студзеня, адбылася нарада ў пытаннях змены Канстытуцыі. На ёй, мяркуючы па фота, прысутнічала 38 чалавек, у тым ліку Лукашэнка. Бліжэй за ўсё да яго сядзелі Наталля Качанава, Ігар Сяргеенка, Уладзімір Андрэйчанка, крыху далей — Юрый Васкрасенскі, Вадзім Гігін і Ігар Марзалюк.

У той жа дзень Аляксандр Лукашэнка асабіста сустрэўся з Наталляй Качанавай.

Чарговая сустрэча прайшла сёння - Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Рэспублікі Тыва Расеі Уладзіславам Хавалыгам. З беларускіх чыноўнікаў на ёй былі Пётр Пархомчык, Уладзімір Каранік і Ігар Брыло.

З усіх людзей, з якімі сустракаўся Аляксандр Лукашэнка за апошнія два тыдні (а іх было як мінімум амаль 60 чалавек), афіцыйна вядома толькі пра хваробу мітрапаліта Веніяміна.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».