12 лiстапада 2026, Чацвер, 19:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саліста «Без білета» Віталя Артыста прызналі дармаедам

Саліста «Без білета» Віталя Артыста прызналі дармаедам
Віталь Артыст

Раней музыкант патрапіў у шэраг скандалаў.

Саліста беларускага гурта «Без білета» Віталя Артыста прызналі не занятым у эканоміцы Беларусі — «дармаедам». Пра гэта спявак распавёў у Threads, заўважыла «Зеркало».

«Крыху засмуціўся я сёння. Бо ўручылі мне паперу, што я больш не заняты ў эканоміцы. За гэтыя гады, пакуль у мяне не было магчымасці граць канцэрты, я пераспрабаваў там розных «двіжовых» прафесій. Я быў і кіроўцам, і дрывасекам, і касцом, і прачкай, і вясковым будаўніком, і кур’ерам. Ну, рэальна, кім толькі не працаваў. Але, прызнаюся, што з мяне будаўнік так сабе. Нашмат лепш у мяне атрымліваецца пісаць песні. І хачу сказаць дзякуй Беларусі за магчымасць жыць, дыхаць гэтым паветрам, марыць пад беларускім небам. І вельмі спадзяюся, што аднойчы ў мяне з’явіцца магчымасць быць занятым у эканоміцы і займацца сваёй прафесіяй — пісаць песні і выконваць іх людзям. Я быў у ГУБОПе, быў у Мінкульце. Дык куды яшчэ схадзіць? Калі ведаеце — падкажыце. Сусвет, я дасылаю табе гэты відэаліст. Зрабі што-небудзь і падкажы мне, куды рухацца, падай мне яшчэ які-небудзь знак, акрамя гэтага ліста, які мне ўручылі сёння раніцай», — распавёў Артыст.

У каментарах да паста саліст дадаў, што «Артыст часова выйшаў з эканомікі. Але не з шоу-бізнесу».

Раней Віталь Артыст паведаміў, што пасля публікацыі ў сацсетках запрашэння на канцэрт «Без білета» ў Санкт-Пецярбургу 7 лістапада яму ў «лічку» пачалі паступаць паведамленні з «пажаданнямі», каб «канцэрт узарвалі» або па ім ударыў дрон. Артыст рэзка адрэагаваў на такія паведамленні.

Нагадаем, год таму Віталя Артыста ўнеслі ў базу ўкраінскага сайта «Миротворец», дзе публікуецца інфармацыя пра меркаваных «прарасійскіх тэрарыстаў, сепаратыстаў, наймітаў, ваенных злачынцаў і забойцаў».

Гэта адбылося пасля таго, як музыкант выклаў у TikTok ролік, у якім распавёў пра паездку ў акупаваны Крым. Ён растлумачыў выбар напрамку, у тым ліку цяжкасцямі падарождзяў у Еўропу, і пацікавіўся ў падпісчыкаў, ці не «зашквар» ездзіць на акупаваны Расіяй паўвостраў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲