26 красавiка 2024, Пятніца, 19:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Можна мяне адразу ўзяць у палон, каб я не ваяваў увогуле?»

16
«Можна мяне адразу ўзяць у палон, каб я не ваяваў увогуле?»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Эксклюзіўнае відэа пра тое, як расейскія вайскоўцы здаюцца ўкраінцам.

Пасля серыі няўдачаў на фронце і абвяшчэння частковай мабілізацыі расейскія вайскоўцы пачалі часцей выходзіць на кантакт з украінскім бокам, каб добраахвотна здацца ў палон.

– Каардынацыйны штаб у пытаннях ваеннапалонных, слухаю вас.

– Добры дзень! Я мабілізаваны з Расеі, і я не збіраюся ваяваць. Можна мяне адразу ўзяць у палон, каб я не ваяваў увогуле? І каб гэта меркавалася, што я як быццам нікога не забіваў, бо я не збіраюся нікуды ісці.

Гэта адно з тэлефанаванняў ва ўкраінскі кол-цэнтр «Хачу жыць», куды перанакіроўваюць усе званкі грамадзянаў Расейскай Федэрацыі, якіх або ўжо мабілізавалі, або могуць мабілізаваць. Мужчыны тэлефануюць для таго, каб даведацца, ці можна здацца ва ўкраінскі палон, як гэта зрабіць і ці гарантуюць ім пры гэтым бяспеку.

Здымачная група «Настоящего времени» пабывала ў кол-цэнтры «Хачу жыць» і паглядзела на яго працу. Як сцвярджаюць украінскія вайскоўцы, пасля серыі няўдачаў на фронце і абвяшчэння частковай мабілізацыі расейскія вайскоўцы пачалі часцей выходзіць на кантакт з украінскім бокам, каб добраахвотна здацца ў палон.

Праект «Хачу жыць» стварылі спецыяльна для камунікацыі з расейскімі салдатамі і тымі грамадзянамі, якія былі мабілізаваныя на акупаваных ўкраінскіх тэрыторыях. Аксана – дыспетчарка. Яна той чалавек, які наладжвае першы кантакт з тымі, хто патэлефанаваў. Паводле словаў Аксаны, большасць расейцаў, якія звярнуліся ў кол-цэнтр, цікавяцца падрабязнасцямі працэдуры здачы ў палон. Вось яшчэ адзін фрагмент размовы аператара з вайскоўцам РФ:

– У тэлеграм-канале ёсць спецыяльны чат-бот, і для таго, каб працэдура здачы прайшла бяспечна, там трэба ўвесці пэўную інфармацыю.

– Я зразумеў, вы мне скажыце, калі я не буду нікога забіваць, я ўвогуле не збіраюся, – мяне моцна чапаць не будуць?

У «Хачу жыць» запэўніваюць, што ўсім, хто здаўся, гарантуюць бяспеку. «Украіна гарантуе выкананне ўсіх Жэнеўскіх канвенцый, а менавіта трохразовае харчаванне, медыцынскую дапамогу, а таксама сувязь з роднымі. Калі палонны расейскі вайсковец не захоча вяртацца да сябе на радзіму, то Украіна разгледзіць магчымасць яго знаходжання на тэрыторыі Украіны», – кажа Віталь Мацвіенка, спікер праекта «Хачу жыць», каардынацыйнага штаба ў пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі.

Разам з абвяшчэннем мабілізацыі ў Расеі ўзмацнілі жорсткасць крымінальнай адказнасці за добраахвотную здачу ў палон. Тым, хто гэта зрабіў, пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення свабоды. Ва ўкраінскім праекце кажуць, што шмат каго з расейскіх мабілізаваных гэта спыняе, таму ў «Хачу жыць» пайшлі насустрач патэнцыйным расейскім ваеннапалонным.

«Усе вайскоўцы, якія добраахвотна здаліся ў палон, будуць аформленыя Украінай як узятыя ў палон у баі. Менш чым за месяц у "Хачу жыць" патэлефанавалі больш за дзве тысячы расейскіх вайскоўцаў і іх сваякоў», – расказвае спікер праекту Віталь Мацвіенка. Паводле ягоных словаў, у ахвотных здацца ва ўкраінскі палон расейцаў падобныя матывы: яны баяцца загінуць або прынцыпова не падтрымліваюць вайну супраць Украіны.

Тэлефанаванне ў кол-цэнтр называецца папярэдняй здачай у палон. Але каб зрабіць гэта па-сапраўднаму, расейскаму вайскоўцу ўсё роўна трэба патрапіць у зону баявых дзеянняў. Калі патэнцыйны ваеннапалонны апынецца на тэрыторыі Украіны, з ім звяжуцца, гавораць супрацоўнікі праекта «Хачу жыць», і паведамяць, як перайсці лінію фронту.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках