27 красавiка 2024, Субота, 13:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады спалохаліся забастовак на прадпрыемствах

3
Улады спалохаліся забастовак на прадпрыемствах

Беларускія прадпрыемствы атрымалі «адтэрміноўку выплаты падаткаў і мытаў», але гэта ім не дапаможа.

Улады Беларусі апублікавалі спіс прадпрыемстваў, якія атрымаюць «адтэрміноўку выплаты ПДВ» пры ўвозе тавараў у ЕАЭС або растэрміноўку выплаты ўвазных мытаў.

Берасце ў гэтым спісе прадстаўленае сумесным беларуска-расейскім прадпрыемствам

«Брэстгазаапарат», ААТ «Берасцейскі электралямпавы завод» і ААТ «Будаўнічы трэст №8».

«Брэсцкую газету» зацікавіла, што ў гэтым спісе ёсць «Брэстгазаапарат». Бо нядаўна стала вядома, што прадпрыемства двойчы за гэты год заплаціць дывідэнды акцыянерам з «неразмеркаванага прыбытку». Таму журналісты патэлефанавалі беларускаму эканамісту Льву Марголіну і спыталі, што значыць адтэрміноўка выплаты ПДВ і мытаў і чаму «Брэстгазаапарат» патрапіў у спіс, калі ён прыносіць прыбытак.

Марголін патлумачыў, навошта ўвогуле ўлады даюць адтэрміноўку выплаты ПДВ і мытаў. Справа ў тым, што фінансавы стан большасці беларускіх прадпрыемстваў, асабліва дзяржаўных і горадаўтваральных, дастаткова складаны і няўстойлівы. А ПДВ і мыты - гэта падаткі, якія трэба плаціць авансам.

«Гэта значыць ты закупіў сыравіну ці камплектуючыя, яшчэ не пусціў у справу, не вырабіў прадукцыю, не атрымаў грошы, а трэба ўжо плаціць падатак. І вось улады даюць адтэрміноўку. Але, рана ці позна, плаціць усё роўна давядзецца. Далі табе 4-6 месяцаў адтэрміноўкі, а потым што? Усё роўна трэба плаціць. Значыць, мяркуецца, што за гэтыя паўгода прадпрыемства нейкімі незразумелымі намаганнямі зможа сабрацца з духам, устаць на ногі і далей справы пойдуць нармальна», - тлумачыць экспэрт.

Ён уважае, што гэтая мера відавочна нярынкавая. Адна справа, калі б гэта зрабілі для ўсіх, каб усе прадпрыемствы былі ў роўных умовах. Але мы ведаем, што калі нейкія льготы даюцца, то толькі дзяржаўным і горадаўтваральным прадпрыемствам. І сэнс у гэтых ільготах хутчэй сацыяльна-палітычны, чым эканамічны. З дапамогай адтэрміноўкі прадпрыемствы змогуць своечасова плаціць заробкі сваім работнікам, каб не было ніякай незадаволенасці або, не дай Бог, страйкаў.

У мінулым спісе было 103 прадпрыемствы, а зараз ужо 108. Гэта яшчэ раз даводзіць, што адтэрміноўка выплат ПДВ і мыт практычна нічога не дае. Гэта значыць, ільготы, якія былі дадзеныя мінулым разам, нічога не далі, таму іх даводзіцца падаўжаць. Хутчэй за ўсё, іх давядзецца працягваць і пасля 31 снежня 2023 года.

Эканаміст патлумачыў, як гэта адтэрміноўка працуе:

«Уявім, што прадпрыемству сёння далі адтэрміноўку па выплаце ўвазнога ПДК і мытаў на шэсць месяцаў. Прадпрыемства перавяло дух. А за ўвезены сёння тавар ПДВ і пошліны трэба будзе выплаціць да канца траўня. Калі не падоўжыць адтэрміноўку, у канцы траўня і пачатку чэрвеня трэба будзе заплаціць дзве мыты: адтэрмінаваную і бягучую. Таму калі прадпрыемства не вырвалася на фінішную прамую, то адтэрміноўка яго даб'е. У стратэгічным плане такая мера нічога прадпрыемству не дае».

Чаму тады «Брэстгазаапарат» уключылі ў спіс прадпрыемстваў, якія атрымаюць адтэрміноўку выплат ПДВ і мыты? На думку Марголіна, выплата дывідэндаў не азначае, што ў кампаніі ўсё добра. Трэба даведацца і прааналізаваць, на які тэрмін «Брэстгазаапарат» атрымлівае адтэрміноўку, якая ў яго сума ўвазных ПДВ і мытаў. Яны атрымліваюць шмат металу з Расеі, таму сума можа быць прыстойнай.

«А што да выплачаных дывідэндаў, то трэба параўноўваць з сумай падатковых мытаў. Можа быць, там гаворка ідзе аб адтэрміноўцы выплаты падаткаў на пяць млн рублёў, а яны выплацілі дывідэндаў на 10 млн. Хаця я не выключаю, што гэта можа быць і паралельна, таму што шляхі Гасподнія неспавядальныя. 51% акцый у «Газпрама». І паспрабуйце не выплаціць ім дывідэнды. Усё заканамерна», - падсумаваў эканаміст.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках