26 красавiка 2024, Пятніца, 5:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі генерал: Пуцін рыхтуе новы «жэст добрай волі», касцяк ягонага войска знішчаны на 75%

6
Украінскі генерал: Пуцін рыхтуе новы «жэст добрай волі», касцяк ягонага войска знішчаны на 75%

Яшчэ адна паспяховая аперацыя УСУ будзе мець незваротныя наступствы для Крамля.

Праз дзевяць месяцаў пасля пачатку вайны касцяк войска краіны-тэрарыста Расеі падарваны на 75%. Украінскае войска знішчыла найбольш баяздольныя і элітныя падраздзяленні ворага. Яго вайскова-тэхнічны патэнцыял таксама сур'ёзна падарваны. Галоўнае ў гэтай сітуацыі - не страчваць наступальны тэмп. Яшчэ адна паспяховая аперацыя УСУ можа прывесці да таго, што кіраўнік Крамля Пуцін страціць уладу.

Пад напорам украінскага войска і ціскам сусветных лідараў агрэсар ужо рыхтуецца да «жэсту добрай волі» - сыходу з Запарожскай атамнай электрастанцыі. Адначасова рыхтуецца адступленне з левабярэжнай часткі Херсонскай і з Запарожскай вобласці. Такі прагноз у эксклюзіўным інтэрв'ю obozrevatel.com агучыў кіраўнік Службы знешняй выведкі Украіны ў 2005-2010 гадах, генерал войска Мікалай Маламуж.

- Прэзідэнт «Энергаатама» Пётр Коцін выказаў меркаванне, што акупант можа пакінуць Запарожскую АЭС. Аднак, паводле ягоных ацэнак, не варта чакаць гэтага найбліжэйшым часам. Ці думаеце вы, што такі варыянт магчымы?

- Расейская Федэрацыя разумее, што ёй усё ж такі давядзецца сысці з левага берага Херсонскай вобласці і, магчыма, з Запарожскай вобласці. Яны ўжо неаднаразова казалі аб тым, што ўкраінскае войска будзе праводзіць на гэтым кірунку наступальную аперацыю стратэгічнага характару. Зафіксаваны факты выезду калабарантаў з гэтых абласцей на тэрыторыю Крыма і Расеі. Гэта сігналізуе аб тым, што вызваленне нашымі войскамі гэтых тэрыторый, у тым ліку ЗАЭС, магчымае.

З іншага боку, раскрыты планы Расеі што да таго, што яны спрабавалі шантажаваць свет ядзернай пагрозай з боку ЗАЭС, абвінавачваючы Украіну ў планаванні выбуху на АЭС, яе спынення, спынення электрасілкавання і г. д. Гэтая гульня вялася доўгі час, але яна не мела поспеху, бо выпрацаваны механізм кантролю - і аператыўнага міжнароднага, і асобных спецыялістаў МАГАТЭ - для высвятлення рэальнай сітуацыі на Запарожскай АЭС.

Прадстаўнікі МАГАТЭ знаходзяцца там і цудоўна ведаюць, што там робіцца і хто ў гэтым вінаваты. Гэта разумеюць і ўсе сусветныя лідары. Таму неафіцыйна на Пуціна вельмі моцна ціснуць, бо ядзерная бяспека - вельмі адчувальная тэма для ўсіх краін. Такі ціск нараўне з перспектывай новага наступу нашых войскаў, вядома, уплывае на пазіцыю РФ.

Так, яны сыдуць з ЗАЭС не хутка. Яны паспрабуюць захаваць там пазіцыі і правакаваць сітуацыю, асабліва абстрэламі, абвінавачваючы ўкраінскі бок. Але па меры ціску на РФ, які працягваецца, у тым ліку з боку чальцоў ядзернага клуба, Пуціна могуць прымусіць праявіць «добрую волю» і аддаць ЗАЭС пад міжнародны кантроль МАГАТЭ.

Але, думаю, гэта не будзе хутка, бо, па-першае, Пуцін хутка нічога не здае. Для гэтага патрэбныя вельмі магутныя перадумовы – і паспяховы наступ украінскага войска, асабліва на гэтых кірунках, і працяг ціску на Пуціна ў плане выпрацоўкі міжнародных мэханізмаў кантролю. Гэта другое. Трэці момант - падрыхтоўка Пуціным маштабнай інфармацыйнай аперацыі з абвінавачаннем Украіны і «жэстам добрай волі» аб перадачы ЗАЭС пад міжнародны кантроль.

Працэс ідзе. Ён яшчэ на сярэдняй стадыі. Расея ўжо распрацоўвае планы таго, як яна будзе сыходзіць з ЗАЭС і што яна з гэтага будзе мець.

- Але ёсць і іншыя ўкраінскія АЭС, якім пагражае небяспека праз экстраныя адключэнні электраэнэргіі, праз разбурэнне ворагам энэргетычнай інфраструктуры Украіны. Як прадухіліць найгоршы сцэнар развіцця падзей?

- Найперш, вядома, трэба прадухіліць масавыя абстрэлы. Гэта галоўнае. Кожны тыдзень мы чакаем паўтарэння масаваных ракетных удараў, расейцы канцэнтруюць новыя групоўкі на Чорным моры і на тэрыторыі Расеі і Беларусі для нанясення ўдараў па інфраструктуры, асабліва энэргетычнай. Таму гэта вялікая праблема.

Тут пытанне развязваецца на ўзроўні глабальнага ціску на Расею, каб яна такія аперацыі не праводзіла. Гэта непрыкрыты генацыд і тэрор. Такія ўдары нічым не абгрунтаваныя, ніякімі вайсковымі матывамі. Гэта канкрэтнае злачынства супраць украінскага народа.

Але ў АЭС - свае тэхналагічныя цыклы. Думаю, біць па АЭС Расея не будзе, бо гэта ўжо прамое парушэнне міжнародных нормаў ядзернай бяспекі. Удар па любой АЭС будзе расцэнены як акт глабальнага тэрору.

Таму вораг засяродзіў удары на трансфарматарных падстанцыях, на сістэме перадачы электраэнэргіі. Але пры гэтым у нейкіх крытычных сітуацыях АЭС могуць адключацца. Гэта пераход у нейтральны рэжым. У выпадку адключэння АЭС ад энэргасістэмы яны працуюць у халастую. Сур'ёзных наступстваў для іх няма, але ёсць наступствы для грамадзян, якія не атрымліваюць электраэнэргію.

- Кіраўнік мінабароны Эстоніі заявіў аб тым, што пагроза з боку РФ не знізілася, нягледзячы на маштабныя страты ворага на фронце. На ягоную думку, акупант можа аднавіць колькасць войскаў ужо найбліжэйшым часам. У той жа час мы памятаем, што яшчэ на першым «Рамштайне» ставілася задача настолькі паслабіць войска Расеі, каб яно было не ў стане чыніць агрэсію. Пакуль мы не бачым, каб гэтая задача была выкананая. У чым прычына? Можа, у тым, што Захаду патрэбны мяккі варыянт паразы Расеі ў гэтай вайне?

- Так, Захад не спрабуе паставіць нам такое ўзбраенне, якое б забяспечыла нам хуткую перамогу. Гэта і балістычныя ракеты далёкага дзеяння, якія могуць наносіць удары на адлегласці да 700 км, якія могуць паражаць супраціўніка і на ягонай тэрыторыі і накрыць усе агнявыя сродкі ворага. Гэта было б прычынай хуткіх наступальных аперацый.

Але Захад баіцца ўступаць у адкрытае супрацьстаянне з Расеяй і правакаваць глабальную ядзерную вайну. Таму Украіну падтрымліваюць у вельмі шырокім спектры, але пры гэтым стратэгічнае ўзбраенне дагэтуль не пастаўляюць.

Разам з тым паступова мяняецца пазіцыя асобных краін NАТО. Брытанскі прэм'ер і міністр абароны анансавалі пастаўкі Украіне ракет вялікага радыусу дзеяння - больш за 100 км.

Але што тычыцца адзнак патэнцыялу войска РФ, то тут я не згодзен з міністрам абароны Эстоніі. Ён моцна падарваны, асабліва ў плане баяздольнасці. Фактычна баяздольныя часткі РФ былі выведзеныя са строю на 70-75%, а некаторыя і зусім расфармаваныя - асабовы склад або знішчаны, або выведзены са строю з прычыны цяжкіх раненняў. Знішчана вялізная колькасць вайсковай тэхнікі, у тым ліку найноўшай. Танкі Т-90 і Т-80 ужо рэдкасць. Як правіла, сёння агрэсар выкарыстоўвае танкі вытворчасці 1960-70-х гадоў.

Таму казаць аб тым, што вайсковы патэнцыял РФ не падарваны, не зусім карэктна. Ён падарваны. Падарваны асноўныя часткі - марская пяхота, паветрана-дэсантныя войскі, элітныя дывізіі накшталт Кантэміраўскай або Таманскай, ПДВ. Гэта асноўны касцяк войска РФ, які выконваў задачы як у Расеі, так і за мяжой.

Што да мабілізацыі, то гэта непадрыхтаваныя людзі. Цяпер іх спехам рыхтуюць, але ў баявым фармаце яны не ўдзельнічаюць. Адначасова ўкраінскае войска мае вялізны досвед баявых дзеянняў і высокадакладную зброю. Таму чарговы вал акупацыйнага войска блізу 200 тысяч, як мяркуецца, пасля Новага года не будзе мець дастатковага поспеху, тым больш зімой.

Гэта не тая вайна, у якой колькасць асабовага складу адыгрывае вызначальную ролю. Так, яны могуць стварыць для нас вялікую праблему ў плане супрацьстаяння, баявых дзеянняў, наступальных аперацый. Але гэта не будзе вызначальных чыннікам для наступу агулам на нашу краіну. Таму што перыметр мяжы Украіны з Расеяй і з Беларуссю вялізны, тут патрэбны мільёны людзей. На гэта Расея зараз не здольная.

Захад будзе падтрымліваць нас на ўсіх кірунках у тым ліку танкавымі і ракетнымі сродкамі, самаходнымі гаўбіцамі, самалётамі F-15, F-16, сістэмамі СПА, дальнабойнымі ракетамі. Калі Расея падцягне больш магутныя рэзервы, будуць падцягвацца і больш магутныя сродкі Захаду, шэраг абмежаванняў будзе зняты.

Калі мы правядзём паспяховую наступальную аперацыю найбліжэйшыя месяцы, гэта апярэдзіць наступныя нашэсці, бо ў табары ворага запануе паніка, адсутнасць перспектыў, маральны дух вайскоўцаў яшчэ больш знізіцца. І тады ў кіраўніцтве Расеі задумаюцца аб тым, як ліквідаваць Пуціна - адправіць на пенсію ці неяк інакш. Але гэта ўжо іншая гісторыя. Магчыма, іншыя людзі будуць дамаўляцца аб новых умовах міру.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках