26 красавiка 2024, Пятніца, 12:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саміт NATO ў Бухарэсце: Мы не можам дазволіць Пуціну перамагчы

7
Саміт NATO ў Бухарэсце: Мы не можам дазволіць Пуціну перамагчы

Паўночнаатлантычны альянс па-ранейшаму мае цвёрды намер падтрымліваць Украіну.

Міністры замежных спраў краін NATO сабраліся ў Бухарэсце, каб цягам двух дзён абмеркаваць далейшыя формы і аб'ёмы дапамогі Украіне ў адбіцці расейскай агрэсіі, піша BBC.

Адкрываючы сустрэчу, генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнбэрг папярэдзіў, што NATO будзе гатова абараняць ад уварвання кожную цалю сваёй тэрыторыі.

Ён падкрэсліў, што альянс не ўдзельнічае ў гэтым канфлікце, аднак яго чальцы надаюць Украіне беспрэцэдэнтную падтрымку, каб яна магла абараніцца ад Расеі.

«Мы не можам дазволіць Пуціну перамагчы, інакш гэта дасць зялёнае святло іншым аўтарытарным лідарам, пакажа ім, што яны могуць дабіцца сваіх мэтаў з дапамогай вайсковай сілы. Гэта зробіць наш свет яшчэ больш небяспечным для ўсіх нас. Таму ў нашых агульных інтарэсах бяспекі падтрымліваць Украіну», - заявіў Столтэнбэрг.

Ён абвінаваціў Расею ў нарошчванні жорсткасці ў гэтай вайне і згадаў пра фінансавы цяжар, які яна наклала на Еўропу і іншыя краіны свету.

«Насамрэч, мы ўсе плацім цану за расейскую вайну ва Украіне, але мы плацім гэтую цану ў грошах, у той час як Украіна плаціць яе крывёй», - сказаў генеральны сакратар NATO.

Вайсковая дапамога

Для перамогі ў вайне краінам NATO неабходна тэрмінова павялічыць аб'ёмы вытворчасці ўзбраенняў, заявіў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба.

У інтэрв'ю выданню Politico ён заявіў, што немагчыма перамагчы на полі бою ў доўгатэрміновай перспектыве, не інвестуючы ў вытворчасць зброі: «Пакуль мы змагаемся ў бітвах сённяшняга дня, мы павінны думаць, як мы будзем змагацца ў заўтрашніх бітвах».

Са слоў Кулебы, не трэба марнаваць месяцы на перамовы з краінамі, якія не жадаюць з палітычных прычын дзяліцца з Украінай узбраеннем, якое дапамагло б ёй у вайне.

«Замест таго, каб разлічваць на іх і марнаваць месяцы на тое, каб іх пераконваць, трэба запускаць вытворчасць, каб мы не траплялі ў залежнасць ад капрызаў трэціх краін, у якіх ёсць нешта на складах, але якія не хочуць гэтым дзяліцца», - заявіў Кулеба.

Ён таксама ўдакладніў, што больш за ўсё Украіна мае патрэбу ў сістэмах СПА, танках і вытворчых лініях.

Падчас саміту, як чакаецца, яго ўдзельнікі абмяркуюць павелічэнне вайсковай дапамогі, уключаючы сістэмы супрацьпаветранай абароны, боепрыпасы, паліва, медыкаменты і зімовы рыштунак.

Пакуль невядома, ці будуць удзельнікі сустрэчы абмяркоўваць магчымасці пашырэння паставак наступальнага ўзбраення, аб чым настойліва просіць украінскі бок.

Цяжкая зіма

На гэтым жа саміце NATO збіраецца выказаць сваю падтрымку Украіне і абвясціць аб новай дапамозе праз энэргетычны крызіс у краіне, выкліканы расейскімі бамбаваннямі.

Чакаецца, што на палях саміту дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен зробіць аб'яву аб значнай фінансавай дапамозе Украіне.

Паўночнаатлантычны альянс па-ранейшаму мае цвёрды намер падтрымліваць Украіну будучай зімой, нават нягледзячы на адсутнасць надзей на хуткае мірнае ўрэгуляванне канфлікту, заявіла кіраўніца МЗС Канады Мелані Жалі.

«У канчатковым выніку будзе знойдзенае дыпламатычнае развязанне. Так было ў кожным канфлікце. Але мы яшчэ не прыйшлі да гэтага», - заявіла яна.

Нягледзячы на паведамленні аб тым, што заходнія хаўруснікі ўсё больш насцярожана ставяцца да дарагіх паставак зброі і занепакоеныя хуткасцю, з якой Украіна марнуе боепрыпасы, Жалі заявіла аб магутнай падтрымцы Украіны з боку NATO.

Яна адзначыла абяцанне Канады даць Украіне дадатковую вайсковую дапамогу ў аб'ёме 500 млн канадскіх даляраў (370 млн даляраў ЗША). Таксама, з яе слоў, атакі Расеі на цывільную інфраструктуру Украіны толькі ўзмацнілі падтрымку з боку заходніх хаўруснікаў.

«Мы павінны гарантаваць, што ўкраінцы змогуць выстаяць гэтай цяжкай зімой», – сказала яна, дадаўшы, што міністры энэргетыкі краін NATO шукаюць шляхі развязання энэргетычнага крызісу, які насоўваецца.

Саміт у Бухарэсце знамянальны тым, што менавіта ў румынскай сталіцы 14 гадоў таму, у 2008 годзе, была прынятая пастанова аб магчымым будучым уступленні Украіны і Грузіі ў NATO.

Уладзімір Пуцін назваў гэтую пастанову наўпроставай пагрозай бяспецы Расеі, а праз чатыры месяцы Расея ўварвалася на тэрыторыю Грузіі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках