26 красавiка 2024, Пятніца, 15:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арсень Яцанюк: Лукашэнка – кліент вар’ятні

27
Арсень Яцанюк: Лукашэнка – кліент вар’ятні

Экс-прэм'ер Украіны ўражаны, што да вайны дыктатар быў папулярным палітыкам ва ўкраінскім грамадстве.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю заснавальніку інтэрнэт-выдання «Гардон» Дзмітрыю Гардону выказаў прэм'ер-міністр Украіны 2014–2016 гадоў, лідар партыі «Народны фронт» Арсень Яцанюк.

– Важна разумець, што ў Беларусі адбываюцца нейкія незразумелыя працэсы. Некалькі гадзінаў таму стала вядома пра смерць міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея. Якому было 64 гады, які яшчэ ўчора спакойна займаўся сваімі справамі. Ён быў адной з ключавых фігураў у атачэнні так званага прэзідэнта Лукашэнкі. Некаторы час ён з'яўляўся кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, шмат гадоў быў кіраўніком МЗС. Кажуць, што гэта даволі нетыповая смерць... Ці не думаеце вы, што неўзабаве магчымая такая ж загадкавая смерць Лукашэнкі ад рук расейцаў, якім ён ужо даўно ўпоперак горла, і яны могуць зваліць гэта на ўкраінцаў?

– У гэтых прыдуркаватых дыктатараў усё магчыма. Вось я гляджу на гэтага Лукашэнку, нейкае відэа мне сёння трапілася, – ну гэта кліент вар’ятні, ідыёт. І вы ведаеце, мяне заўсёды дзівіла, уражвала, што да вайны Лукашэнка быў замежным лідарам, якога ўкраінцы больш за ўсіх любяць. Я гэтага не разумеў. Ну як? Забойца ўласнага народа, забойца палітычных апанентаў, змоўнік разам з Пуціным – ну, прайдзісвет.

– Вы з ім сустракаліся?

– Вядома, сустракаўся. Некалькі разоў. З ім руку паціснеш – трэба лічыць потым пальцы, колькі ў цябе засталося. Але гэта такое брахала… такой найвышэйшай якасці. І тут больш за палову ўкраінцаў… Не ведаю, што падабалася ў Лукашэнку… Часта нашыя лідары таксама спрабавалі весці дыскусію з Лукашэнкам, і не толькі нашыя. У мяне такія ж размовы былі з еўрапейцамі і з амерыканцамі. І была ідэя такая: нам трэба зрабіць Беларусь бліжэй да Захаду, тады мы вырвем Лукашэнку з лапаў Пуціна. Ну, гэта поўны абсурд. І нават Макей, пра якога вы сказалі, – я не веру, што там ёсць празаходнія людзі. Таксама не веру, што можна лукашысцкую Беларусь і Лукашэнку зрабіць заходнімі. Гэта немагчыма. Бо Захад не можа дазволіць карупцыю прэзідэнту, ягонаму сыну, ягоным блізкім. А Пуцін можа. Таму што супрацьпаставіць гэтаму?

Такім чынам, гэта была ўвогуле поўная хімера – думаць пра тое, што Беларусь пры Лукашэнку можна зрабіць часткай заходняга свету. Трэба пазбавіцца дыктатараў і тыранаў, увесці празрыстыя сумленныя выбары, і калі народ Беларусі зможа абараніць свой выбар і атрымае новага прэзідэнта і новы парламент, магчыма, будзе нейкае збліжэнне з Захадам. А ўсё астатняе – гэта фікцыя. Больш за тое, як яны збіраліся збліжаць Беларусь з Захадам, калі Беларусь з'яўляецца Саюзнай дзяржавай і ваенна, энэргетычна, эканамічна залежная ад Расеі? Каго яны там збіраліся агітаваць? Тых, каго яны збіраліся агітаваць, Лукашэнка альбо забіў, альбо пасадзіў у турму. Або яны паспелі схавацца.

Пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Я не ведаю, што адбылося з гэтым так званым міністрам замежных справаў. Але ці могуць там забіць? І для яго забіць – гэта як дабрыдзень. Ён забіў усіх сваіх палітычных апанентаў. І гэта мяне яшчэ вельмі дзівіла, што і пры гэтым некаторыя партнёры разглядаюць, як весці дыялог з Лукашэнкам. Ну, нармальна, з забойцам весці дыялог. Дык гэта тады пераклікаецца адразу з пэўнымі ідэямі, якія былі да вайны, як весці дыялог з Пуціным. Дык чым яны адрозніваюцца? Яны адрозніваюцца толькі колькасцю забітых палітычных апанентаў. І метадамі. Але тое, што яны выпраўляюць на могілкі сваіх палітычных апанентаў, – яны як браты-двайняты.

Цяпер датычна самога Лукашэнкі. Ці можа Расея выкарыстоўваць такі фокус? Гэта называецца casus belli – нагода для вайны. Каб расейскія спецслужбы забілі Лукашэнку, абвінаваціць у гэтым Украіну ці Захад… Яны такія, што і Апостальскую Сталіцу могуць абвінаваціць. Вядома, яны могуць гэта зрабіць. У мяне няма сумневаў, і я вам нагадаю чаму. Перад пачаткам вайны, калі б амерыканцы тады не пачалі маштабную аперацыю выкрыцця злачынных планаў Расеі і тое, як Расея спрабавала прыкрывацца, – гэта называлася «аперацыя пад фальшывым сцягам». У прынцыпе, калі б уся заходняя прэса не пачала выкрываць, што Расея рыхтуецца да вайны, што гэта Расея плануе зрабіць адзін-два-тры-чатыры-пяць, і гэтыя рэчы будуць падставай для ўварвання ва Украіну, – то, паверце, быў бы 2014 год. Я вам гэта ўжо гаварыў. Пра тое, калі мне даводзілася па шэрагу краінаў Еўрапейскага Звязу ездзіць і расказваць, што там няма ніякіх «зялёных чалавечкаў», што гэта рэгулярныя расейскія войскі. Таму расейцы – спецыялісты ў пытаннях дыверсій. Яны – як нацысты. Ці можа здарыцца, што Расея будзе выкарыстоўваць любую нагоду для ўблытвання Беларусі ў афіцыйную вайну? Вядома, можа. І ці каштуе жыццё Лукашэнкі? Яно ніводнага беларускага рубля не каштуе для Пуціна, – сказаў Яцанюк.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках