26 красавiка 2024, Пятніца, 9:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнка - гэта ўсяго толькі дробны дзеяч эпохі Алеся Родзіна»

9
«Лукашэнка - гэта ўсяго толькі дробны дзеяч эпохі Алеся Родзіна»
Алесь Родзін

Беларускі мастак, якім захапляліся ў Бэрліне.

19 снежня не стала культавага беларускага мастака Алеся Родзіна. Сайт Charter97.org згадвае вялікага беларуса разам з каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітром Бандарэнкам.

- Вы былі знаёмыя з Алесем Родзіным. Раскажыце, якім ён быў чалавекам?

- Мне пашчасціла знаць Алеся яшчэ з 1984 года. Гэта сапраўды незвычайны чалавек, але самае галоўнае - яскравы мастак. Гэта геній.

Яго мала ведае большасць беларусаў, але я магу прагназаваць, што калісьці значэнне ягонай творчасці, маштаб ягонай асобы ў творчасці, будуць ацэненыя па-сапраўднаму. І ў будучыні будуць казаць, што Лукашэнка - гэта ўсяго толькі дробны дзеяч эпохі Родзіна.

Пры ўсім гэтым Алесь Родзін быў вельмі сціплым чалавекам, вельмі зычлівым. Ён не перад усімі, вядома, расхінаўся, але я не чуў, каб ён пра кагосьці наогул мог сказаць дрэнна.

Алесь быў чалавекам, аддадзеным сваёй справе. Ён не быў такім класічным мастаком, пра якіх ёсць стэрэатыпы ў фільмах, кнігах, што гэта нібы таварыскія людзі.

Алесь быў зацяты, ён наогул вельмі не любіў прадаваць свае творы, неахвотна іх дарыў. Казаў: "Як я магу расставацца са сваімі дзецьмі?"

Ён быў працаголікам і цалкам аддаваўся сваёй справе. Алесь казаў, што ўсё адно, як ягоныя творы будуць прадавацца, гэта яго ніколі не цікавіла. Для яго было важна, каб на прафэсійным узроўні яго прызналі. І, на шчасце, ён меў выставы ў шмат якіх еўрапейскіх краінах. Яго прызнавалі на выставах у Парыжы, у Галандыі, у выставачным цэнтры альтэрнатыўнага мастацтва "Тахелес" у Бэрліне. Там Алесь быў галоўнай зоркай на працягу 15 гадоў.

Алесь Родзін

- Алесь Родзін зрабіў вельмі шмат і для беларускай культуры. Чаго толькі вартая ягоная выстава, прысвечаная Тадэвушу Рэйтану.

- Як і ўсякі вялікі мастак, ён быў вельмі нацыянальны ў сваёй творчасці і, вядома ж, ён быў візіянерам. Шмат гадоў мы размаўлялі дастаткова шчыльна і я яму казаў: «Саша, вось глядзі, цяпер жа перабудова, ужо змены, камунізм разбураны. Чаму ў тваіх творах толькі цёмныя тоны? Чаму шмат хто кажа, што ў цябе змрочныя карціны? Мастак жа таксама можа ўплываць на навакольны свет. Тады і ў нас жыццё зменіцца».

А ён мне шмат гадоў казаў: «Я не бачу. Бачу навокал толькі такі свет». Я кажу: «Слухай, але мастак таксама ўплывае на свет, асабліва мастак такога маштабу. Пачні і ты бачыць вакол сябе светлае, тады свет зменіцца». Ён мне неяк затэлефанаваў і кажа: «Зміцер, запрашаю на выставу, будзе выстава ў Менску, усё, як ты хацеў, светлыя тоны, запрашаю цябе і Андрэя Саннікава».

Мы прыйшлі на гэтую выставу, і яна сапраўды была ў такіх светлых тонах, пазітыўных, у вельмі светлай зале. Толькі яна называлася "Масты Парыжа". У Алеся было добрае пачуццё гумару. У Парыжы Родзін бачыў гэтае святло, а знаходзячыся ў Беларусі, ён бачыў па-іншаму.

І я разумеў заўсёды, што Алесь - візіянер. Калі прачытаў кнігу Данііла Андрэева "Ружа Свету", містычная такая кніга, я зразумеў, што Данііл Андрэеў бачыў свет падобна, як наш Алесь Родзін. І я Алесю падарыў гэтую кнігу.

Ведаю, што Алесь таксама сябраваў з нашым вядомым, вельмі глыбокім паэтам Алесем Разанавым. І гэта былі беларускія візіянеры, адзін у паэзіі, другі - у выяўленчым мастацтве.

Алесь Разанаў

Калі Родзін разам з калегамі арганізаваў выставы пра вядомага беларускага шляхціца Тадэвуша Рэйтана, мяне гэта вельмі здзівіла. Мы ведаем, што Рэйтан у той страшэннай сітуацыі захопу нашай агульнай дзяржавы, першай Рэчы Паспалітай, выступіў супраць, лёг у дзвярах Сойма, які меў зацвердзіць апошні падзел краіны. Гэты ягоны пратэст увайшоў у гісторыю.

Тады я зразумеў, што надышоў час, і сябрам сказаў, што калі Родзін праводзіць выставы, дзе паказвае Рэйтана самураем, значыць, грамадства даспела, і з'явяцца героі, такіх самураяў стане больш.

Алесь Родзін у сваім творчым свеце прадбачыў гэтых людзей, і сапраўды, так і здарылася. Потым у нас адбыліся падзеі ў 2017 годзе, пратэсты ў Беларусі, стагоддзе БНР і, вядома, 2020 год. Гэта было ўбачана нашым вялікім сучаснікам, і такім чынам Алесь рыхтаваў гэтыя змены ў краіне, якія, упэўнены, усё адно надыдуць. Праз такі змрочны перыяд, праз крызіс, але неўнікнёна будуць.

Алесь Родзін

- Як так выйшла, што Алесь Родзін невядомы ў Беларусі, пры гэтым у Еўропе ён мае цэлую плойму прыхільнікаў?

- Гэта чалавек вельмі складанага асабовага лёсу. І калі я з ім пазнаёміўся ў 1984 годзе дзякуючы ягонай жонцы, ягонай сяброўцы, ягонай паплечніцы ў творчасці, Людміле Кальмаевай, вядомай беларускай мастачцы, Саша тады быў вельмі зацятым чалавекам, я б сказаў — ваўкаватым.

Людміла Кальмаева

Не так даўно я спрачаўся з адным нямецкім знаёмцам, які казаў: "Родзін - гэта не творчасць, гэта зусім не мастацтва". Я з ім спрачаўся і ўспомніў, што недзе ў нулявых гадах, у Палацы мастацтва была выстава пад назвай «Вар'яцтва творчасці». Вялізныя памяшканні Палаца былі аддадзеныя пад выставу. І тады на гэтую выставу сцякаліся тысячы і тысячы людзей з усяго Менска, а потым - і Беларусі. Прыязджалі з суседніх краін: з Украіны, з Расеі. Бо гэта было нешта дужа незвычайнае.

Мастацтва - гэта як мінімум такая энэргетычная віхура, энэргетычныя лейкі. Была вось такая моцная рэакцыя ў грамадстве, калі пры практычна нулявой рэкламе, нават нулявой інфармацыі ў медыях, людзі самі казалі адзін аднаму, што гэта была выстава такога маштабу.

Мастак не належыць адной нацыі, мастак не належыць аднаму часу. І, магчыма, ягонае з'яўленне ў канкрэтным месцы і ў пэўную эпоху дае штуршок людзям на сотні гадоў, каб ацэньваць маштаб асобы, творчасці, ягоны ўплыў на соцыюм. Вельмі часта заўважаюць чалавека, калі яго няма з намі.

Хацеў сказаць, сёння для мяне сумны дзень удвая, бо даведаўся менавіта сёння, што сёлета памерла і Людміла Кальмаева, якая нас пазнаёміла з Алесем. Два чалавекі, якія зрабілі вялікі ўплыў на маё жыццё, на маю сям'ю. Яны былі ў мяне на вяселлі шмат гадоў таму і нават зрабілі такі цікавы падарунак: падарункавая скрыначка для маладых. Яна дагэтуль з намі, і мы ведаем, што гэта падарунак блізкіх сяброў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках