14 жнiўня 2026, Пятніца, 10:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіеў ініцыяваў працэс выключэння РФ з ААН і Рады бяспекі ААН

33
Кіеў ініцыяваў працэс выключэння РФ з ААН і Рады бяспекі ААН

На думку Украіны, РФ «акупавала месца СССР» у Радзе Бяспекі.

Украіна ініцыявала працэс, накіраваны на выключэнне Расеі з Рады Бяспекі ААН і арганізацыі ў цэлым, паведаміў міністр замежных спраў Украіны Дмытро Кулеба ў панядзелак, 26 снежня.

«Мы заявілі на афіцыйным узроўні сваю падрабязную і аргументаваную пазіцыю, чаму знаходжанне Расеі ў Радзе Бяспекі ААН і ў арганізацыі - нелегітымнае. Мы падалі дэталёвыя довады таго, як 31 год таму расейская дэлегацыя фактычна проста акупавала крэсла СССР у Радзе Бяспекі ААН - дзяржавы, якая на той момант спыніла сваё існаванне - без якіх-небудзь статутных падстаў для гэтага», - цытуе дыпламата ўкраінскае інфармагенцтва УНИАН.

На думку Кулебы, перадача Расеі месца СССР у Радзе Бяспекі ААН стала "грубым парушэннем пункта 2 артыкула 4 Статута ААН, які дакладна вызначае адзіную легітымную працэдуру набыцця сяброўства ў Арганізацыі".

«Вайна Расейскай Федэрацыі супраць Украіны - беспрэцэдэнтны акт парушэння мэт і прынцыпаў Статута ААН з часоў яго падпісання ў 1945 годзе і пазбаўляе Расею права называцца міралюбнай дзяржавай», - гаворыцца ў заяве, апублікаванай 26 снежня на сайце МЗС Украіны.

З гэтага дакумента вынікае, што, з пункту гледжання Кіева, Расея злоўжывае сваім правам вета ў Радзе Бяспекі ААН. У якасці прыкладу такіх злоўжыванняў названыя ў тым ліку блакаванне РФ рэзалюцыі аб стварэнні трыбунала ў расследаванні справы аб катастрофе рэйса MH17 "Малайзійскіх авіяліній"; аб прызнанні масавых забойстваў у Срэбраніцы генацыдам, аб рэагаванні на палітычную і гуманітарную сітуацыю ў Вэнэсуэле; аб узмацненні санкцыйнага рэжыму ў дачыненні да КНДР, а таксама 16 рэзалюцый што да Сірыі.

Заклік Зяленскага выключыць РФ з Рады бяспекі ААН

Даўней, у верасні, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама заклікаў міжнародную супольнасць пазбавіць Расею сталага сяброўста ў Радзе Бяспекі ААН і выключыць яе з усіх міжнародных арганізацый.

Выступаючы на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН 27 верасня, прэзідэнт Украіны назваў пяць прыкладаў магчымага парушэння Масквой міжнароднага правапарадку і права, у тым ліку ядзерны шантаж.

На экстранным пасяджэнні Радзе Бяспекі ААН аб Украіне 24 лістапада, скліканым на просьбу Кіева, Уладзімір Зяленскі заклікаў пазбавіць Расею права галасаваць у Радзе Бяспекі ААН і накладаць вета на пастанову Рады бяспекі. Ён падкрэсліў, што «дзяржава-тэрарыст» (днём раней Еўрапарламент прызнаў РФ дзяржавай - фундатарам тэрарызму) не мае права ўдзельнічаць ні ў якіх галасаваннях, якія тычацца яе «агрэсіі і тэрору».

Як заявіла 15 снежня прэсавая сакратарка Белага дома Карын Жан-П'ер, ЗША хацелі б дамагчыся выключэння Расеі з ліку сталых сябраў Рады бяспекі ААН, аднак на гэты момант не бачаць такой магчымасці, таму будуць далей дамагацца ізаляцыі Масквы на міжнародных пляцоўках.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках