29 чэрвеня 2022, Серада, 20:09
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Аўто з ЗША пяць месяцаў стаіць у порце мёртвым грузам»

7
«Аўто з ЗША пяць месяцаў стаіць у порце мёртвым грузам»

Беларусы, якія набылі машыны на аўкцыёнах, сутыкнуліся з шэрагам праблемаў.

«Аўто набытае ў канцы кастрычніка летась на аўкцыёне IAAI, – піша карыстальнік форуму “Анлайнера” Flamor. – Машына ўжо 5 месяцаў стаіць у порце мёртвым грузам. З улікам часу на дастаўку я ўжо не патрапіў на размытненне 3-5 гадоў». Такіх гісторый нямала, а з абвяшчэннем забароны на перамяшчэнне па ЕЗ беларускіх грузавікоў пасля 16 красавіка стала яшчэ больш. З’явілася новая праблема: машына знаходзіцца ў порце Клайпеды, і калі яе чакаць у Менску, незразумела.

Па тлумачэнне сітуацыі і прагнозы журналісты звярнуліся ў AutoGroup – профільную кампанію падбору і інфармацыйнага суправаджэння ў пытанні набыцця аўто з ЗША і Еўропы. Каментары прыводзяцца ніжэй.

– Некаторыя пакупнікі ўвайшлі ва ўгоду яшчэ летась, але пакуль машыны не прыбылі ў Беларусь. Былі праблемы з караблямі, з недастатковай колькасцю кантэйнераў, аўкцыёны заблакавалі старонкі з РБ і РФ, аплату можна было правесці не праз усе банкі, пасля забаранілі продаж прадметаў раскошы (такімі часам называюць і аўтамабілі). Цяпер да гэтых бедаў дадаліся санкцыі ў дачыненні да грузаперавозак. Яшчэ 1 сакавіка некаторыя беларускія кампаніі пастанавілі спыніць новыя закупкі і толькі давесці да канца раней падпісаныя дамовы.

– Патэнцыйным пакупнікам рэкамендуем пачакаць, бо набытыя на аўкцыёне машыны нельга перапрадаць назад на рынак Амерыкі – гэта забаронена. Тыя фірмы, якія цяпер заклікаюць да набыцця лотаў у ЗША, думаюць пра кароткатэрміновую нажыву. Кліенту варта звярнуць увагу на дамову – там могуць быць указаныя толькі інфармацыйныя паслугі, перавозка ж будзе аформленая ў іншай кампаніі. Прычым дадатковыя выдаткі пры перавозцы, якія ўзнікаюць з ініцыятывы трэціх асобаў (напрыклад, дзяржаваў, мытні), кладуцца на пакупніка. Гэта значыць, фірмы дапамагаюць толькі набыць машыну на аўкцыёне, але не даставіць яе кліенту.

– З забаронай на перавозкі ўзніклі яшчэ дзве праблемы. Першая – у літоўцаў няма дастатковай колькасці тралаў, каб перавезці ў РБ усе дастаўленыя з ЗША машыны. Другая – у порта няма дастатковых пляцовак, каб захоўваць машыны, якія чакаюць перавозкі. Выйсцем могуць стаць дадатковыя мытныя склады ў іншых гарадах (Каўнас, Вільня). Цяпер мы прапрацоўваем гэтую магчымасць. Але ў любым выпадку гэта дадатковыя выдаткі.

– Пытаюцца, ці можа кліент з шэнгенскай візай забраць аўто самастойна. Адзначым, што нярэдка прыязджаюць бітыя, неадноўленыя машыны. Іх перамяшчэнне сваім ходам (нават калі яно фізічна магчыма) забароненае па дарогах ЕЗ агульнага карыстання. Іншы варыянт – самому забраць на лафеце. Гэта магчыма праз афармленне фінансавай гарантыі БМС або пад канвоем. І можа ўзнікнуць пытанне з атрыманнем у порце праз даверанасць. Таксама не забываемся, што для лафета спатрэбяцца правы катэгорыі Е. Мыту трэба будзе аплаціць тут (фінансавую гарантыю БМС), з паперамі з мытні выехаць у Літву, за 2-3 дні даставіць аўто з порта да мяжы, прад'явіць на мяжы, потым прывезці і паставіць на склад мытні ў нашай краіне. Пасля мыту пералічаць на актуальную дату. Але схема будзе працаваць, калі паедзе альбо сам уладальнік, альбо фізічная асоба з даверанасцю (юрыдычная асоба будзе ўважацца за перавозніка і падпадзе пад санкцыі).

– З 16 красавіка ўведзеныя новыя абмежавальныя захады ў перасячэнні мяжы. Верагодна, будзе прынятая пастанова пра перачэпку і ператарку грузу. У гэтым выпадку з'явіцца магчымасць дастаўляць яго еўрапейскімі траламі ў памежныя пункты, дзе можа адбывацца мытнае афармленне. Альбо груз будзе дастаўляцца кантэйнерам на ПМА ў горадзе атрымальніка праз перакупку на "беларускую галаву".

– З еўрапейскімі аўкцыёнамі да 16 красавіка ўсё было прасцей. Машыны там прадаваліся і дастаўляліся. Але і гэтыя пакупкі цяпер рабіць рызыкоўна. Пакуль мы мяркуем, што такія замовы – неабдуманая ідэя. Варта пачакаць, пакуль сітуацыя стабілізуецца. У цяперашні момант мы (за іншыя кампаніі казаць не можам) прыпынілі набыткі і працуем над суправаджэннем дастаўкі раней набытых лотаў. Мяркуем гэта правільным да моманту вызначэння агульнай сітуацыі.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».