26 красавiка 2024, Пятніца, 7:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму даражэе беларускае харчаванне?

28
Чаму даражэе беларускае харчаванне?

Больш за ўсё выраслі кошты капусты, цукру і яблык.

Гадавы рост коштаў харчовых тавараў, паводле Белстату, дасягнуў 19%, нехарчовых тавараў - 18,6%, паслуг - 10,7%. Што да харчавання ў красавіку гэтага года назіраўся максімум інфляцыі за перыяд з лістапада 2014-га (20,9 адсотка).

У красавіку хутчэй за ўсё раслі кошты харчовых тавараў - плюс 3,9% за месяц. Больш за ўсё выраслі кошты капусты - удвая, цукар падаражэў адразу на 42%, яблыкі - на 34%.

Як жа так? Чаму кошты не спыніць? Газета «Белорусы и рынок» папрасіла падзяліцца сваім меркаваннем экспэрта, кандыдата эканамічных навук Пятра Мігурскага.

- Чыноўнікі шукаюць усякую нагоду для тлумачэння росту коштаў. Але ці не варта паглядзець на знакамітае антырыначнае імпартазамяшчэнне? Можа праблемы палягаюць тут?

Чамусьці за ўсе гэтыя гады мы так і не змаглі вырабляць лекі для жывёл належнай якасці, не можам вырабляць увесь комплекс мінеральных угнаенняў, так і не змаглі вырабляць уласнае насенне. У савецкія часы насенне цукровых буракоў выраблялася, а цяпер яго няма. Чаму мы не можам у сябе вывесці пароды буйной рагатай жывёлы або свіней, якія адпавядалі б сусветным стандартам у прадуктыўнасці: у надоях, у сярэднядзённых прыбаўленнях у вазе, у эфектыўнасці выкарыстання кармоў?

Да таго ж у нас вельмі высокі сабекошт вытворчасці: за 2021 год у Беларусі толькі чатыры гаспадаркі мелі рэнтабельную вытворчасць ялавічыны, усе астатнія - у стратах. Для шматлікіх гаспадарак вытворчасць ялавічыны, груба кажучы, стала пабочнай галіной ад вытворчасці малака: расцялілася карова бычком - не выкідваць жа яго, кормім рэшткамі кармоў, лечым так-сяк і ў выніку здаём на мясакамбінат. А ў выніку атрымліваецца, што проста пераводзім рэсурсы.

Чаму кошты растуць? Ды проста сістэма гаспадарання ў краіне неэфектыўная, таму кошты і будуць расці. Пакуль мы ўсё ж не павернемся тварам да прыватнага сектара, пакуль не запрацуюць механізмы рынкавай эканомікі, я б не разлічваў на стабілізацыю коштаў.

Адпусці сельскую гаспадарку - людзі самі сябе накормяць

- У Беларусі на аднаго жыхара прыпадае 58 сотак прадуктыўных зямель. На маім прысядзібным надзеле 57 сотак. Са свайго прысядзібнага надзела я цалкам сябе забяспечваю прадукцыяй, плюс яшчэ 10 сотак аддаю свайму суседу, які нарыхтоўвае сена для казы. Я, вядома, магу засадзіць гэтыя 10 сотак бульбай, але потым пачынаюцца пытанні: а каму яе прадаць, куды яе трэба завезці. Маючы такую забяспечанасць насельніцтва прадуктыўнай зямлёй, грэшна нават думаць, што наш селянін не зможа пракарміць беларускі народ. Яшчэ і суседзям застанецца!

У пачатку 90-х насельніцтва само сябе карміла, ды яшчэ і дзяржаве аддавала ў такой колькасці, што па раёнах на 40-60 адсоткаў закрывала рэалізацыю прадукцыі дзяржаве. Здаў цяля - ішло ў залік калгасу. У маёй вёсцы малакавоз прыходзіў тры разы на дзень - забіраў малако ў насельніцтва. Але тады мае жыхары вёскі трымалі 132 каровы, а цяпер - 2.

Людзі самі сябе накормяць. Адпусці гэты рынак, адпусці наогул сельскую гаспадарку - зямля дакладна не будзе пуставаць. Так, адбілі ў людзей ахвоту працаваць на зямлі, так, замардавалі сялян і фермераў, але ўсё адно давядзецца вяртацца да вытокаў.

Ёсць такое паняцце - харчовая бяспека. Мяркуецца, што, калі больш за 80 адсоткаў прадуктаў харчавання забяспечваецца за кошт унутранай вытворчасці, то гэта вельмі высокі ўзровень харчовай бяспекі. А вось памежны стан - 60%, а менш за 60% - вельмі нізкі ўзровень, можа, нават на мяжы катастрофы. Сёння ў Рэспубліцы Беларусь забяспечаны вельмі высокі ўзровень харчовай бяспекі, але паглядзіце, як мы забяспечваем прылавак. Дзе беларуская бульба? Я разумею, што агуркі і памідоры - міжземнаморскія культуры, таму апраўдана, што ў нас з'яўляюцца гішпанскія памідоры. Але засілле польскіх яблыкаў на прылаўках - гэта ўжо перабор. Не апраўдана іншае - усё гэта танней, чым беларуская прадукцыя.

Ганарыцца тым, што «мы накармілі народ» асабліва не даводзіцца. Мінус чыноўніка ў тым, што ён не ведае механізму ўтрымання коштаў. Паглядзіце: ужо 2,22 рубля каштуе літр бензіну А-92, чаму вы тут не ўплываеце на коштаўтварэнне, бо нафтапрадукты дзяваць няма куды, Еўропа адмовілася.

Уся праблема Беларусі - у дзяржаўным цэнаўтварэнні. І пакуль дзяржава не зразумее, што гэтым займацца не варта, цэны будуць расці і расці.

Кошт цукру - палітычнае пытанне

- Вытворчасць цукру ў нас вельмі дарагая - бо цукровыя заводы таксама дзяржаўныя. Цукровых буракоў летась нарыхтавана дастаткова, сёлета запланаваны яшчэ большы збор. Урад ужо адрапартаваў, што цукровыя буракі будуць высеяныя на 98 тысячах гектараў, з гэтай плошчы ён плануе атрымаць 5 мільёнаў тон буракоў. Нават пры найгоршым варыянце цукрыстасці - 20%, хоць яна можа дасягаць і 25%, у выніку атрымліваем мільён тон цукру. Цукру стае ў нас і для ўнутранага спажывання, і на экспарт.

Але вось на замежным рынку наш цукар можа быць і неканкурэнтаздольным, у расейцаў ён таннейшы.

Мы бачым, што вытворчасць цукру нерэнтабельная. Пасеялі буракі ў красавіку, прыбралі апошнія ў лістападзе, але ж іх трэба і перапрацаваць. Цыкл ад сяўбы да перапрацоўкі займае ад 8 да 12 месяцаў, а завод павінен працаваць. А чаму ў Расеі цукар таннейшы? Ды там прыватная ўласнасць: яны змагаюцца за рынкі, за спажыўца.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках