26 красавiка 2024, Пятніца, 14:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

FT: Некампетэнтнасць расейскага войска стала гарачай тэмай для абмеркавання

2
FT: Некампетэнтнасць расейскага войска стала гарачай тэмай для абмеркавання

Людзі і народы, якія абараняюць свае дамы, звычайна больш матываваныя, чым войска захопніка.

Пуцін уварваўся ва Украіну, каб вярнуць Расеі статут вялікай дзяржавы, але парадокс у тым, што для захавання гэтага статуту акурат трэба ўстрымлівацца ад войнаў.

Уладзімір Пуцін не адзіны, хто няправільна ацаніў сітуацыю. Расейскі аўтакрат думаў, што яго войска за лічаныя дні зможа заваяваць Украіну. І такія перакананні былі дастаткова распаўсюджаныя. На Захадзе выведвальныя ўправы, якія дакладна прадказалі расейскае ўварванне, у той жа час думалі, што Пуцін зможа атрымаць хуткую перамогу.

Але вось вайна доўжыцца ўжо тры месяцы. Расейскае войска спыненае і нясе вялікія страты, - піша zn.ua са спасылкай на Financial Times. Міжнародная ізаляцыя Расеі ўзмацняецца, а тым часам Фінляндыя і Швэцыя рыхтуюцца ўступіць у NATO. Некампетэнтнасць расейскага войска стала гарачай тэмай для абмеркавання. Але, магчыма, расейскія памылкі не маюць патрэбы ў асаблівым тлумачэнні. У сучасныя часы, калі вялікія дзяржавы наважваюцца ўварвацца ў меншыя краіны, яны звычайна зазнаюць крах.

Амерыка саступіла ў В'етнаме, Афганістане і Іраку, а таксама зневажальна адступіла пасля меншых ваенных інтэрвенцый у Самалі і Лібан. СССР пацярпеў паразу ў Афганістане. А Расея цяпер правальваецца ва Украіне.

«Гэта адна з самых вялікіх загадак міжнароднай палітыкі: нягледзячы на ўвесь негатыўны досвед вядзення асіметрычных войнаў, вялікія дзяржавы дагэтуль думаюць, што яны могуць перамагчы», - сказаў індыйскі навуковец Пратап Бхану.

Адзіная краіна, якая ў апошнія 40 гадоў устрымлівалася ад спакусы развязаць вайну, - гэта Кітай. Пекін атрымаў «па зубах», калі ўварваўся ў В'етнам у 1979 годзе. З таго часу ён мудра трымаўся далей ад войнаў. Засяродзіўшыся на эканамічным развіцці, Кітай змяніў сваю эканоміку і грамадства, стаўшы самай магутнай краінай свету пасля ЗША. У апошнія гады, аднак, кітайскі ўрад і народ дэманстравалі прыкметы гатоўнасці накіравацца на поле бітвы. Кітай уліваў вялікія грошы ў сваё войска. З'явіліся пагрозлівыя вайсковыя вучэнні ля Тайваня. Фільмы аб вайне сталі вельмі папулярнымі ў Кітаі.

«Але расейскі досвед ва Украіне кажа, што Кітай зробіць катастрафічную памылку, калі паддасца спакусе зладзіць маленькую пераможную вайну. Калі гарматы пачынаюць страляць, вельмі рэдка ўсё адбываецца паводле плану», - гаворыцца ў артыкуле.

«За выключэннем нацыянальных вызваленчых войнаў цяжка назваць хаця б адзін выпадак агрэсіі пасля 1914 года, які б прынёс выразныя станоўчыя вынікі таму, хто зрабіў першы крок», – сказаў гісторык Адам Туз.

Людзі і народы, якія абараняюць свае дамы, звычайна больш матываваныя, чым войска захопніка. Рэпутацыя расейскай вайсковай сілы была заснаваная на поспехах у абароне ад агрэсіі Напалеона і Гітлера. Але цяпер Расея сама агрэсар. І ўкраінцы гуляюць ролю гераічных абаронцаў сваёй радзімы, якую расейцы гулялі ў 1812 і 1942 гадах. Будучы змагаркай за сваё выжыванне, Украіна змагла закрыць межы для ўсіх дарослых мужчын і мабілізаваць сілы. Расея ж дагэтуль вымушаная падманваць свой народ, што прадаўжаецца так званая «спецаперацыя», якая не патрабуе мабілізацыі. Чым даўжэй зацягваецца вайна, тым яна становіцца горшай для войска захопніка. Нават калі акупаваць сталіцу, як гэта зрабілі амерыканцы ў Іраку і Афганістане, давядзецца сутыкнуцца з супрацівам, які будуць падтрымліваць вонкавыя сілы.

Пройгрыш у вайне выклікае карозію і дома. Больш за 15 тысяч амерыканскіх жаўнераў загінулі ў войнах у Афганістане і Іраку. Пазней удвая больш памерлі ў выніку самагубстваў. Сотні тысяч жаўнераў былі параненыя, і наступствы гэтага адчулі ўсё грамадства і палітычная сфера краіны.

Існуе невялікае выключэнне з правіла аб абавязковай паразе вялікіх дзяржаў у вайне супраць меншых. Яно тычыцца тых выпадкаў, калі мэта дакладна абмежаваная. Калі б канфлікт ва Украіне сапраўды быў «спецаперацыяй», як намагае Пуцін, тады поспех быў бы магчымы. У 1991 годзе падчас вайны ў Персідскай затоцы кааліцыя на чале ЗША абмежавалася мэтай выгнаць войскі Садама Хусэйна з Кувейта. Калі Вашынгтон паспрабаваў пайсці значна далей падчас другога ўварвання ў Ірак, каб зрынуць рэжым Садама і акупаваць краіну, план праваліўся. Паспяховае ўмяшанне NATO ў Косава ў 1999 годзе было заснаванае на вайскова-паветраных сілах і пераследавала абмежаваную мэту падтрымаць касавараў.

Змены ў вайсковых тэхналогіях яшчэ больш скарачаюць шанцы на перамогу боку, які стаўся нападнікам. Інфармацыйныя тэхналогіі і беспілотнікі могуць дакладна адсочваць перамяшчэнне сіл агрэсара. А затым высокадакладныя ракеты могуць знішчаць гэтыя сілы. Хутчэй за ўсё, вялікія расейскія страты ў бітве за Кіеў і на Данбасе звязаныя з гэтымі зменамі. Расея цяпер для сябе адкрывае горкую праўду, нават вайна супраць меншага, слабейшага суседа можа праваліцца.

Вялікія канфлікты правакуюць катастрофу. Нават нягледзячы на намінальную перамогу, эканоміка і грамадства могуць застацца ў руінах. Вялікая Брытанія была пераможцам у Другой сусветнай вайне. Аднак яна так і не змагла больш ніколі адрадзіць свой статус магутнай дзяржавы.

«Нягледзячы на тое, што сутнасць статусу вялікай дзяржавы палягае ў здольнасці весці вялікую вайну, адзіны спосаб заставацца вялікай дзяржавай - гэта не ваяваць», - сказаў гісторык Алан Джон Персіваль Тэйлар.

Гэты парадокс цяпер выразна выяўляецца ва Украіне. Пуцін дзясяцігоддзі нарошчваў вайсковую сілу і развязаў вайну супраць суседняй краіны, каб вярнуць Расіі статус вялікай дзяржавы. Замест гэтага пасля вайны супраць Украіны Расея стане бяднейшай і слабейшай. Пуцінская вайна - гэта не проста злачынства. Гэта яшчэ і памылка.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках