26 красавiка 2024, Пятніца, 16:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мядзведжая паслуга Лукашэнкі

10
Мядзведжая паслуга Лукашэнкі

Іншым разам з прамовамі трэба быць неяк больш стрыманым.

Здаецца, нішто не падкрэслівае самоты лепш, чым партнёры з «Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы» за адным сталом. Хаця, як я разумею, падкрэсліць хацелі ўсё ж нешта іншае. Што ў Расеі таксама ёсць бяспека і яна амаль такая ж калектыўная, як NАТО, толькі маленькая. Але ў выніку высветлілася, што нават гэтая маленькая бяспека не вельмі калектыўная. Каб правесці юбілейны саміт яе яшчэ стае. А калі трэба сказаць добрыя словы пра якую-небудзь адмысловую аперацыю, то яна адразу заканчваецца.

Нават палымяная прамова малодшага хаўрусніка неяк не дапамагла. Хаця нельга сказаць, што ён не стараўся. Імкнуўся. І прысаромліваў, і палохаў, і пра салідарнасць казаў. Нават расказаў, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад. Хаця і без мапы.

Але карысці? Ён ім: «без найхутчэйшага згуртавання нашых краін нас заўтра можа не быць», а яны такія вочы ў стол і пра сябе: «прабачце, не нас, а вас». Чэрствыя, няўдзячныя асобы. З такімі бескарысна абмяркоўваць удзел у спецыяльнай аперацыі. Таму што калі пачаць абмяркоўваць, то можа так атрымацца, што ў калектыўнай бяспецы не тое, што не з'явіцца дзясяткаў новых чальцоў, але і ад тых шасці, якія ёсць, застанецца двое.

Я амаль не сумняваюся, што сваю прамову малодшы хаўруснік прамаўляў з самымі добрымі намерамі. Бо хацеў зрабіць прыемную дарагому Уладзіміру Уладзіміравічу. Але эфект атрымаўся роўна супрацьлеглы. Таму што, калі б не палымяная прамова пра няўдзячнасць партнёраў, ніхто б пра гэтую няўдзячнасць можа лішні раз бы і не ўспомніў. А так успомнілі і многія не па аднаму разу.

Не дзіўна, што старэйшы хаўруснік не ацаніў мядзведжую паслугу. Так што двухбаковая сустрэча, на якую ўскладалася столькі надзей у сэнсе супольнага імпартазамяшчэння і кампенсацыі санкцыйных страт, атрымалася крыху скамечанай. Калі ўвогуле была. Таму што медыя Казахстана кажуць, што замест малодшага хаўрусніка Пуцін упадабаў прэзідэнта Такаева. А ў Такаева ж нават карты няма, каб паказаць адкуль на Казахстан рыхтаваўся напад!

Я, вядома, не сумняваюся, што Пуцін у рэшце даруе малодшаму хаўурсніку гэты ягонае невялікае пудла. Усё адно ж яму больш дараваць няма каму. Бо ніхто больш прабачэння і не просіць. Але ўсё ж такі іншы раз з прамовамі трэба быць неяк больш стрыманым. А то санкцыі не будзе каму кампенсаваць.

Telegram-канал «Лісты да дачкі»

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках