26 красавiка 2024, Пятніца, 13:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вырашыў наліць вады сабаку - і ў гэты момант быў моцны бразгат»

1
«Вырашыў наліць вады сабаку - і ў гэты момант быў моцны бразгат»
Казімір Кузьміч
ФОТА: ТАЦЦЯНА МАЛЕЖ

Пацярпелы ў выніку падзення самалёта ў Баранавічах расказаў пра жыццё пасля трагедыі.

Роўна год таму - 19 траўня 2021-га - у Баранавічах пацярпеў катастрофу вайсковы Як-130. Загінулі два лётчыкі - Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка. Адзіным гараджанінам, які атрымаў траўмы ў выніку падзення самалёта, стаў Казімір Кузьміч, піша intex-press.by.

Казімір Кузьміч - інвалід па зроку. Разам з сям'ёй ён жыве ў доме №2Г на вуліцы Розы Люксембург, побач з якім 19 траўня 2021 года ўпаў Як-130 Лідскай штурмавой авіябазы. Пілоты - 33-гадовы Андрэй Нічыпорчык і 22-гадовы Мікіта Куканенка - да апошняга не пакідалі самалёт, адводзячы яго ад жылых дамоў. Ім пасмяротна прысвоенае ганаровае званне «Герой Беларусі».

«Успамінаю практычна кожны дзень»

У момант падзення самалёта Казімір Кузьміч знаходзіўся ў кухні, яго збіла з ног ударнай хваляй, у выніку ён атрымаў пералом перадплечча і шматлікія парэзы ад аскепкаў шкла. Мужчыну шпіталізавалі, і ён больш за два тыдні правёў у шпіталі.

Мінуў год з таго трагічнага дня, а гараджанін успамінае аб ім з хваляваннем. Кажа, усё было настолькі нечакана і адбывалася так хутка, што некаторыя рэчы праз зазнаны шок ён дагэтуль не памятае ў дэталях.

Да прыкладу, суседзі распавядалі, што «пасля таго, як шарахнула» Казімір Кузьміч самастойна выйшаў з кватэры і паклікаў на дапамогу, сам жа мужчына гэтага не памятае - ачуўся ў хуткай дапамозе.

- Некаторыя падрабязнасці я ўзгадаў праз нейкі час. Памятаю, што моцна брахаў сабака і цягнуў на вуліцу. Я наважыў яму наліць вады, і ў гэты момант быў моцны бразгат. Я не памятаю, але ведаю, што на вуліцу мяне знеслі з другога паверха ратавальнікі, - успамінае пра падзеі 19 траўня 2021 года ён.

Жонка Казіміра - Валянціна, якая сядзіць побач, кажа, што муж патэлефанаваў ёй і паведаміў, што зламаў руку.

- І ўсё. Гудкі... Я падумала, што ён сам проста ўпаў, выклікала таксі і паехала дадому. І ўжо на пад'ездзе да дома ўбачыла, што адбылося ў нашым двары… – расказвае гараджанка. - Я, калі ўбачыла сцены дома, быццам пабітыя кулямі, разбітыя вокны, мужа на насілках, проста страціла здольнасць гаварыць.

Са слоў Казіміра, яго жыццё «падзялілася на да і пасля» і аб гэтай трагедыі ён успамінае практычна кожны дзень.

- Па-першае, як можна забыцца пра гібель такіх маладых хлопцаў, якія загінулі, ратуючы нас. Калі б тады яны не адвялі самалёт, страшна нават падумаць, што магло б быць… – хвалюючыся, тлумачыць Казімір Кузьміч. - Па-другое, страх, што такое можа паўтарыцца, пераследуе дагэтуль. І не толькі мяне, але і жонку, і дачку. Калі ў лютым сёлета зноў пачалі часта лятаць самалёты, хацелася куды-небудзь уцячы або схавацца.

Не дае забыцца пра трагічны дзень і памятны знак, які ўстанавілі ў двары дамоў на вуліцы Розы Люксембург і адкрыццё якога запланавана на 20 траўня.

– У акно глядзіш і кожны дзень бачыш напамінак таго, што адбылося… – з сумам кажа Казімір Кузьміч і дадае, што і дарогу ім нарэшце зрабілі. - Не было шчасця, ды няшчасце дапамагло. Хаця нікому не пажадаю такога няшчасця…

Здароўе пагоршылася, другую аперацыю адклалі

Пашкоджанні ў кватэры Кузьміч ліквідавалі - гарадскія ўлады вылучылі сродкі на рамонт, усе працы былі выкананы досыць хутка.

Мужчына не хавае, што падзенне і траўмы паўплывалі на яго здароўе.

- Раней я хадзіў гуляў з сабакам тры разы на дзень, рукі працавалі і рухаліся, я сам апранаўся. А зараз мне патрэбна дапамога. І зрок пагоршыўся, - пералічвае ён. - Узнікла праблема з правай рукой: адну аперацыю зрабілі, косць сабралі, але праз цукровы дыябет яна дрэнна гоіцца. Другая аперацыя павінна была быць у красавіку, але праз тое, што не загойваецца косць, яе адклалі на ліпень.

Казімір Кузьміч спадзяецца, што пасля другой аперацыі правая рука «адновіцца хоць крыху», тады будзе лягчэй і яму, і жонцы з дачкой, якія «хвалююцца, дапамагаюць і апекуюць».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках