У Полацку ў мужчыны скралі з машыны 105 тысячаў рублёў
6- 24.05.2022, 20:31
- 10,092
Злачынства было спланаванае загадзя.
У Полацку 37-гадовы мясцовы жыхар стаў ахвярай рабаўнікоў і страціў буйную суму грошай – у яго з машыны скралі пакет з валютай і беларускімі банкнотамі на амаль 105 тысячаў рублёў. Злачынства было спланаванае загадзя, паведамляе УУС Віцебскага аблвыканкама.
Заўважыўшы знікненне, палачанін заявіў у міліцыю. Праз некалькі гадзінаў аператыўнікі затрымалі падазраваных. Гэта былі два 39-гадовыя мясцовыя жыхары. Як сцвярджае УУС, мужчыны ведалі, што ў пацярпелага ёсць грошы, і ўсё спланавалі, некалькі гадзінаў сачылі за ягонай машынай і, калі з'явілася магчымасць, учынілі крадзеж. Потым грошы падзялілі і разышліся.
Падазраваных затрымалі паасобку. Грошы яны патраціць не паспелі. Каля аднаго дома знайшлі, акрамя грошай, яшчэ і абойму ад пісталета Макарава з баявымі патронамі.
У дачыненні да мужчынаў распачатая крымінальная справа аб крадзяжы паводле ч. 4 арт. 205 КК, таксама праводзіцца праверка датычна знойдзеных патронаў.