26 красавiка 2024, Пятніца, 16:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У якія краіны Еўропы можна паехаць адпачываць беларусам гэтым летам і ці лёгка атрымаць візы

У якія краіны Еўропы можна паехаць адпачываць беларусам гэтым летам і ці лёгка атрымаць візы

З пачаткам адпачынкавага сезону вырас попыт на паслугі турагенцтваў.

Еўрапейскія краіны сёлета нарэшце знялі кавідныя абмежаванні, у тым ліку і для грамадзянаў Беларусі, але нечакана ўзнікла іншая праблема: візы, попыт на якія значна перавысіў прапанову. Intex-press паразмаўляў з супрацоўнікамі сферы турызму Баранавічаў, каб даведацца, якія напрамкі і з якімі коштамі адкрыліся для адпачынку і наколькі рэальна з'ехаць адпачываць у Еўропу.

Магчымасць правесці свой адпачынак у Еўропе сёлета ёсць, гавораць супрацоўнікі турагенцтваў. Турыстычныя візы адкрываюць шматлікія еўрапейскія краіны, праўда, працэс гэты значна даўжэйшы, чым раней, і можа займаць да двух месяцаў.

З Баранавічаў арганізуюць аўтобусныя туры на адпачынак у Нямеччыну, Грэцыю, Гішпанію, Італію. Кошт тура – ад 350 еўраў за дзевяць начэй без харчавання.

Акрамя таго, турагенцтвы прапануюць экскурсійныя туры ў Вугоршчыну і Прыбалтыку.

Што да астатніх напрамкаў, традыцыйна адкрытыя для беларускіх турыстаў Егіпет, Турцыя, Арабскія Эміраты.

– Попыт на Егіпет сёлета знізіўся. Думаю, гэта звязана з тым, што пералёт стаў больш доўгім, ды і кошты прыкметна падскочылі, – адзначыла супрацоўніца аднаго з агенцтваў.

Многія турысты, паводле словаў супрацоўнікаў турфірмаў, сталі аддаваць перавагу адпачынку ў ААЭ, кошты якога стартуюць ад 1000 на дваіх за сем начэй.

У цэлым, гавораць у турагенцтвах, многія турысты імкнуцца выбіраць бязвізавыя напрамкі. Традыцыйна карыстаецца попытам Турцыя, многія сталі актыўна браняваць туры ў Грузію.

– Праз складанасці з падачай дакументаў на візу людзі сталі часцей адпачываць у Беларусі. Экскурсійныя туры заказваюць не толькі школьныя групы і прадпрыемствы, але і проста жыхары Беларусі, якія хочуць павандраваць унутры сваёй краіны. Папулярнасцю карыстаюцца Полацк, Сула, Дудуткі, Ліда, Гародня і іншыя, – расказвае мэнэджар аднаго з турыстычных агенцтваў Баранавічаў.

Адпачынкавы сезон толькі пачынаецца, і попыт на паслугі турагенцтваў у Баранавічах на гэты момант расце. Але як будзе развівацца сітуацыя далей, ніхто прагназаваць не бярэцца.

– Людзі адпачываюць і будуць адпачываць – гэта факт. Нават нягледзячы на абмежаванні. Але спрагназаваць, як будуць ісці справы з візамі, коштамі, дый з сітуацыяй у свеце ў цэлым, проста немагчыма, час цяпер непрадказальны, – падсумоўвае мэнэджар турыстычнага агенцтва.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках